Вы тут

Будынкі знікаюць — назвы застаюцца


Збіраючы звесткі пра родную вёску, мы наткнуліся ў інтэрнэце на дзіўную назву «Сядзіба Грабоўскіх», змешчаную пад фотаздымкам нашага тарноўскага палаца. Аднак ніякі Грабоўскі тут ніколі не ўладарыў — аўтары сайта памыліліся. Гэтая недарэчнасць навяла нас на думку: пакуль не позна, трэба сабраць і апрацаваць мясцовыя назвы палёў, лясоў, дарог, садоў — адным словам, назвы ўрочышчаў, якія не нанесены на карту. Па-навуковаму яны называюцца мікратапонімамі.

Ведаючы мікратапонім, можна беспамылкова трапіць у любое названае месца. Напрыклад чуем выраз: «Пайшлі пад Быка». І хоць цяпер няма ніякага быка — ні бетоннага, ні жывога, мы ведаем названае месца: яно знаходзіцца каля скрыжавання дарог у Тарнове, каля першага двухпавярховага дома. Скульптуру быка знеслі гадоў 20 таму, а назва засталася. Яна нагадвае нам пра былую славу саўгаса «Тарнова», пра дасягненні яго ў жывёлагадоўлі.

Гэта натхніла нас сабраць мікратапонімы вёсак Тарнова, Парачаны, Белагруда Лідскага раёна Гродзенскай вобласці, растлумачыць іх паходжанне і стварыць слоўнік мікратапонімаў сваёй мясцовасці.

Займаючыся такім даследаваннем у сваёй Тарноўскай сярэдняй школе пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Марыі Сягла, мы высветлілі, што мікратапонімы часцей за ўсё выкарыстоўваюцца мясцовымі жыхарамі ў паўсядзённым жыцці для ўдакладнення месцазнаходжання чалавека ў час адпачынку ці працы. Свае назвы ўрочышчы часта атрымлівалі па імёнах, прозвішчах сваіх гаспадароў. Многія тапонімы звязаны з прыроднымі адметнасцямі тэрыторыі.

Шэраг назваў, якія ўзніклі даўно, утварыліся з дапамогай аднолькавых суфіксаў: -шчын-, -чын-, якія маюць значэнне зборнасці, супольнасці — Шамятоўшчына, Банэтчына, Макрэтчына, Кавалёўшчына, Тутэйшына. Такім жа чынам была ўтворана і ранейшая назва маёй вёскі — Тарноўшчына. Некаторыя мікратапонімы нейтральныя па выяўленні адносін да аб'ектаў: Камароў бярэзнік, Куты, Дубарэвічава яма, Межы. Сустракаюцца назвы з памяншальна-ласкальным адценнем: Ніўкі, Масейкаў садок, Пранцішаў лужок.

Некалькі мікратапонімаў маюць іранічнае, нават здзеклівае гучанне. Раскажу пра іх паходжанне. Назва адзінага чатырохпавярховага дома Муравейнік у Тарнове з'явілася адразу пасля заканчэння яго будаўніцтва. Многім аднавяскоўцам не падабаліся такія ўмовы жыцця (ні табе спакою, ні свайго дворыка — снуюць людзі, як мурашкі). Некаторыя ж зайздросцілі гарадскім умовам жыцця (і газ ёсць, і вада гарачая з крана льецца). Іншыя звязвалі такую назву з вялікай колькасцю дзяўчат, якія жылі на верхнім паверсе ў асобнай кватэры, — да іх вечарамі ўсё наведваліся хлопцы. Назва Лягушатнік з'явілася ў выкапанага невялікага возера пазней, калі яно абмялела, высахла, таму старэйшыя дзеці не хацелі ў ім купацца, смяяліся з малых, якія боўталіся там у гарачыню разам з жабамі.

Цікавая назва — Мядзведжая гара. Гэта гарысты пад'ём дарогі каля касцёла з Белагруда на Тарнова. Раней, бывала, зімой людзі не маглі ўзабрацца на яго, паўзлі, як мядзведзі; Чортава гара — узгорак пад чыгункай, на ім увесь час холадна.

У некаторых мікратапонімах успамінаецца пра мінулае: Кацярынінскі тракт, Царкоўны падвал. Узнёсла гучыць Крыжы, Шведава гара. Яны ўвекавечваюць памяць пра гераізм, самаахвярнасць воінаў-змагароў.

Іншыя назвы раскрываюць гісторыю аб'ектаў: Пошта, Маёнтак, Зорка, Чваракі. Паштовае аддзяленне знаходзіцца ўжо ў іншым доме, разбураны будынак колішняга лагера «Зорка» ў Белагрудзе, а ранейшыя назвы гэтых аб'ектаў жывуць, захоўваюць сваю гісторыю.

Мяняюцца пакаленні людзей, сціраюцца з памяці розныя прадметы, бо выходзяць з ужытку, а назва застаецца. Мы ёй карыстаемся, арыентуемся ў пэўным месцы.

Настасся ГОМЗА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».