Як не стаць ахвярай інтэрнэт-махляроў
Таццяна пазнаёмілася з Дзмітрыем у інтэрнэце. Цёплая перапіска, некалькі сустрэч — нічога дзіўнага, што ўзнікла сімпатыя. Таму і просьба маладога чалавека пазычыць грошай праз дваццаць дзён пасля знаёмства дзяўчыну спачатку не здзівіла...
Пазычаныя грошы збірала паўгода...
— Ён спытаў, ці не будзе ў мяне $100: маўляў, трэба аддаць за тэлефон, які яму прывезлі з-за мяжы. Я пагадзілася, бо на той момант ён якраз уладкоўваўся на працу. Казаў, што яна звязана з бяспекай у метро. Праўда, пасля ён папрасіў дабавіць яшчэ грошай «на ўсялякі пажарны». У выніку ў першы раз я перадала яму $250, — расказвае Таццяна.
Новы знаёмы абяцаў вярнуць суму праз тыдзень. Але праз два дні, калі быў павінен выходзіць на працу, раптоўна трапіў у шпіталь. Адтуль ён пазваніў дзяўчыне і, сказаўшы, што яму трэба выплаціць крэдыт, які ўзяў на будаўніцтва дома, папрасіў яшчэ $200. Таццяна, не доўга думаючы, зноў пагадзілася. На наступны дзень, адразу ачуняўшы, мужчына прыехаў да яе на працу і забраў грошы.
Яшчэ больш за месяц пазычальнік выходзіў на сувязь і «карміў» Таццяну абяцаннямі вярнуць грошы. Але ў яе ўжо з'явіліся падазрэнні. Яна стала «бамбардзіраваць» новага знаёмага паведамленнямі з папрокамі, адшукала яго адрас і, узяўшы з сабой для «падстрахоўкі» сябра, прыехала. Праўда, як высветлілася, там жылі толькі бацькі мужчыны, з якімі, па яго словах, ён даўно не кантактуе. Нарэшце дзяўчына прыгразіла «радыкальнымі мерамі», на што атрымала адказ: «Я нікога не баюся — рабі, што хочаш». Яшчэ некалькі разоў малады чалавек абяцаў вярнуць пазыку, але аднойчы яму гэта надакучыла, і ён заблакіраваў Таццяну ў сацыяльных сетках і перастаў выходзіць на сувязь.
Між тым, у самой гераіні фінансавае становішча таксама не з лёгкіх. Дзяўчына скончыла ўніверсітэт і працуе па размеркаванні ў адным са сталічных музеяў. Грошы, якія яна перадала новаму знаёмаму, збірала паўгода: марыла паехаць у тур па Еўропе. Але пакуль што, здаецца, мару ажыццявіць не ўдасца.
На пытанне, як можна было так безаглядна давяраць малазнаёмаму чалавеку, Таццяна адказвае, што яе «падкупілі» цёплыя стасункі і паходжанне маладога чалавека.
— Зыходзячы з размоў і фатаграфій на яго старонцы ў інтэрнэце, я зразумела, што ён з забяспечанай сям'і. Калі б я бачыла, што ён небагаты, то і не падумала б пазычаць такія сумы. Мне падалося, што ён не пойдзе на злачынства, — гаворыць Таццяна.
Хоць прызнаецца, што калегі яе адгаворвалі і папярэджвалі. Згубленых грошай, безумоўна, шкада, і наша гераіня атрымала добры ўрок на будучыню. Але цяпер яна глядзіць на сітуацыю нават з гумарам.
— Не трэба быць такімі даверлівымі, як я, — смяецца Таццяна.
«
З Нігерыі з любоўю»
З гэтым меркаваннем дзяўчыны пагаджаюцца і спецыялісты галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Першае, што яны раяць, — ніколі не перадаваць грошы малазнаёмым людзям. А калі ўсё ж вырашылі даць пазыку, то трэба яшчэ прадугледзець, як яе вярнуць, бо нават распіска не заўсёды можа быць доказам у судзе.
— Калі дзяўчына лічыць, што яе падманулі, і хоча разабрацца ў гэтай справе, яна павінна неадкладна звярнуцца з заявай у тэрытарыяльнае аддзяленне міліцыі па месцы жыхарства, — раіць начальнік аддзела па раскрыцці крадзяжоў галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Беларусі Алег САЎЧУК.
Па словах Алега Саўчука, менавіта міліцыя ўстанаўлівае факт злачынства. Але калі яго няма, то звяртацца трэба ў іншыя інстанцыі. Як правіла, гэта суд. У любым выпадку, знайсці чалавека і паспрабаваць вярнуць грошы можна, але ўсё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі.
Увогуле, па словах старшага оперупаўнаважанага аддзела па раскрыцці крадзяжоў галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Дзмітрыя Кудраўцава, злачынствы, звязаныя з выкарыстаннем інтэрнэту, — з'ява нярэдкая. Часцей за ўсё гэта датычыцца махлярства. Бо інтэрнэт уяўляе сабой прастору, дзе чалавек можа рабіць амаль усё, што захоча. Пры гэтым устанавіць яго асобу часам вельмі складана. Праваахоўнікі кажуць, што падобныя выпадкі здараюцца выключна з-за даверлівасці і неабачлівасці саміх ахвяр. Відаць, таму і ў органы ўнутраных спраў пацярпелыя ад інтэрнэт-падману звяртаюцца рэдка.
Тым не менш у структуры крымінальнай міліцыі МУС Беларусі існуе ўпраўленне па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, якое займаецца правапарушэннямі, здзейсненымі з выкарыстаннем інтэрнэту.
Умоўна можна вылучыць наступную класіфікацыю інтэрнэт-махлярстваў:
• злачынствы, звязаныя з інтэрнэт-крамамі;
• «фішынг» (рассылка электронных лістоў ад імя банкаў і плацежных сістэм);
• інтэрнэт-папрашайніцтва (напрыклад, збор грошай на лячэнне хворага дзіцяці);
• шлюбныя аферы;
• махлярствы, звязаныя з sms-галасаваннямі і акцыямі;
• паведамленні кшталту «Асцярожна, вірус!».
Фантазіі махляроў бязмежныя: ад паведамленняў пра выйгрышы ў міжнародных латарэях з просьбай перавесці грошы на перасылку «прыза» да так званых «нігерыйскіх лістоў» аб атрыманні спадчыны якой-небудзь высокапастаўленай асобы — часцей за ўсё з краін «трэцяга свету». Як правіла, ахвяры такіх злачынстваў «клююць» на адносна лёгкія спосабы атрымання вялікіх грошай ці іншых выгад або проста пранікаюцца даверам да выпадковых інтэрнэт-знаёмых.
Па словах Алега Саўчука, інтэрнэт-махлярства ў Беларусі носіць цыклічны характар і сярод агульнай злачыннасці складае нязначную колькасць. Тым не менш, трапіць у рукі зламысніка рызыкуе кожны. Для таго, каб гэтага не здарылася, трэба наводзіць даведкі пра людзей і арганізацыі, якія вам нешта прапануюць ці аб нечым просяць, і ніколі не паведамляць асабістыя звесткі, свае паролі, пін-коды і г.д., калі вы не пераканаліся ў адсутнасці злога намеру з боку суразмоўцы.
Дзіяна СЕРАДЗЮК.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.