За мінулыя выхадныя ў цэлым па краіне ў службу «101» паступіла 209 паведамленняў пра загаранне травы. Загінулі тры чалавекі, агонь пашкодзіў 29 будынкаў, паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.
У суботу ў другой палове дня выратавальнікам Пастаўскага падраздзялення МНС пазваніла жыхарка гарпасёлка Лыптуны. Жанчына распавяла, што бабуля-суседка тушыла траву, якая гарэла каля дома, і ўпала ў яе. Пенсіянерку 1939 года нараджэння знайшлі нежывойй. Каля чатырох гадзін дня званок пра гарэнне травы паступіў з Сенненскага раёна. У вёсцы Меліхава яна гарэла каля дамоў на плошчы амаль у гектар. На месцы выратавальнікі знайшлі цела 76-гадовай жанчыны. Увечары таго ж дня за тэрыторыяй прысядзібнага ўчастка ў вёсцы Утраны Бярозаўскага раёна быў знойдзены загінулы пенсіянер 1937 года нараджэння. На выгаралым участку яго знайшоў сын. Плошча загарання была 11 гектараў. Таксама ў суботу ў вёсцы Паддуб'е Магілёўскага раёна выпальванне сухой расліннасці скончылася пажарам, у выніку якога ад агню пацярпелі чатыры дамы і сем надворных пабудоў. Усяго ў населеным пункце пастаянна пражываюць тры чалавекі, мелася 16 дамоў, большая частка якіх выкарыстоўвалася пад лецішчы.
У нядзелю каля 13.15 у Рагачоўскае падраздзяленне МНС паведамілі, што ў вёсцы Дружба гараць нежылыя дамы. Усяго іх у населеным пункце было 20, з якіх 15 былі нежылымі. Агонь ахапіў чатыры дамы, дзе ніхто не жыў. Жыллё згарэла цалкам. Пажар здарыўся, як мяркуецца, з-за неасцярожнасці пры выпальванні сухой травы. У гэты ж дзень у 15.20 з вёскі Новая Ніва Крупскага раёна таксама паведамілі, што гарыць трава. Аднак на месцы пажарных-выратавальнікаў сустрэлі чатыры палаючыя нежылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы. У выніку агонь пашкодзіў гэтыя чатыры дамы і 10 драўляных гаспадарчых пабудоў.
А ў Віцебскай вобласці з-за неасцярогі жанчыны, якая выпальвала сухую траву на сваім участку, без жылля засталася яе суседка.
— Дом, у якім пенсіянерка пасялілася нядаўна, у лютым гэтага года згарэў у вёсцы Павулле Чашніцкага раёна. Гаспадыня жылля, 1953 года нараджэння на момант узнікнення пажару адсутнічала. У выніку пажару дом стаў непрыдатным для далейшага пражывання. Фактычна бяздомную прытулілі аднавяскоўцы. Вінаватую ва ўзнікненні пажару прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, — паведаміла «Звяздзе» Марына Фандо, прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях.
Нягледзячы на папярэджанні работнікаў МНС грамадзяне працягваюць выпальваць сухую траву, не задумваючыся пра наступствы.
— Па апошніх даных, ужо зарэгістравана каля 90 выпадкаў выпальвання сухой расліннасці, адбылося 6 пажараў, загінуў чалавек, — дадалі ва ўпраўленні.
Згодна з адпаведным артыкулам Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за выпальванне сухой травы або непрыняцце мер па ліквідацыі выпальвання на зямельных участках накладаецца штраф — ад 10 да 40 базавых велічынь. А за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана папярэджанне або штраф — да 12 базавых велічынь. Акрамя таго, за падобныя парушэнні прадугледжана нават крымінальная адказнасць.
Сяргей РАСОЛЬКА, Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.