Да лішняй вагі вядуць няправільныя формы харчовых паводзін — калі чалавек пачынае есці не для таго, каб задаволіць голад, а для таго, каб пераадолець стрэс, трывогу, страх, пачуццё віны, крыўду, страту. Зразумела, гэта адбываецца несвядома.
Інструктар-валеолаг 23‑й дзіцячай гарадской паліклінікі г. Мінска Ірына ШЫМАНСКАЯ нагадвае, што пераяданне будзе характэрна, калі:
— любоў да дзіцяці ў сям'і праяўлялася ў залежнасці ад таго, ці добра яно пад'ела;
— ты не ўпэўнены ў тым, што цябе любяць;
— мела месца працяглая залежнасць ад дамінуючай маці;
— маюць месца заніжаная самаацэнка, няўпэўненасць у сабе, адчуванне неабароненасці.
Самыя частыя прычыны пераядання:
1. Ежа дапамагае справіцца са страхам, трывогай або гневам, заспакоіцца перад экзаменам, прыняццем адказнага рашэння, перад падзеяй, канфліктам, спрэчкай і г. д. ці пасля іх (характэрна пастаяннае жаванне, частыя перакусы паміж асноўнымі прыёмамі ежы, перакусы перад тэлевізарам, у машыне, па начах).
2. Ежа з'яўляецца сродкам у барацьбе з сумам, прыгнечанасцю і дэпрэсіяй — у выніку страты, разрыву з блізкімі, з‑за немагчымасці дасягнення мэты, расчаравання па гэтай прычыне (характэрна ўжыванне салодкага, цукерак, шакаладу).
3. Ежа з'яўляецца заменнікам незадаволеных псіхалагічных і сацыяльных патрэб — у каханні, самасцвярджэнні, прызнанні, багацці, кар'еры. Лішняя вага стварае ілюзію ўласнай значнасці, упэўненасці ў сабе, жыццёвай паспяховасці.
Пераяданне і лішняя вага хаваюць самыя розныя жыццёвыя праблемы чалавека. Лячэнне атлусцення, звязанага з псіхалагічнымі праблемамі, патрабуе не толькі абмежавання ў ежы, але і змены стэрэатыпаў у паводзінах наогул. Пахудзенне — не перамога над ежай, гэта перамога над самім сабой. Так што і пачынаць падобную «барацьбу» можна толькі пры моцнай матывацыі да перамен. Неабходна задаць сабе пытанні: «Навошта мне гэта трэба? і «Што я хацеў бы атрымаць у выніку?» Без гэтага ніякія дыеты, лекавыя сродкі і метады не дапамогуць. Часовы эфект можа быць дасягнуты, аднак хутка вага вернецца на ранейшы ўзровень.
Святлана БАРЫСЕНКА.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.