Пачатак футбольнага першынства, фінальная серыя хакейнага чэмпіянату і поспех нашага гімнаста на міжнародных спаборніцтвах. «Звязда» ўзгадвае галоўныя спартыўныя падзеі апошняга сакавіцкага ўік-энда.
1. Салігорскі «Шахцёр» перайграў БАТЭ (2:0) у першым туры футбольнага першынства сярод камандаў вышэйшай лігі. Да вікторыі гарнякоў прывялі дзве памылкі латышскага галкіпера барысаўчан Германа Маліньша. Іншыя матчы прынеслі наступныя вынікі: «Нафтан» — «Тарпеда-БелАЗ» — 2:0, «Гомель» — «Белшына» — 3:1, «Нёман» — «Слуцк» — 0:1, «Дняпро» — «Дынама» (Мінск) — 0:1, «Мінск» — «Дынама» (Брэст) — 2:0.
2. Чэмпіянат краіны па хакеі выйшаў на фінальную прамую.
Перамогу ў турніры між сабой аспрэчваюць гродзенскі «Нёман» і мінскае «Юнацтва». Пакуль лік у серыі 1:1. Тым часам мінскае «Дынама» працягвае змагацца за Кубак надзеі, які разыгрываецца сярод клубаў, якія не трапілі ў серыю плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі. Мінчане па чарзе перайгралі «Слован», «Атлант» і «Поўначсталь». Першы матч фінальнай серыі з омскім «Авангардам» адбудзецца сёння на «Мінск-Арэне». Пачатак гульні — у 19:00.
3. Спартыўны гімнаст Дзмітрый Баркалаў заваяваў бронзавы медаль у практыкаванні на перакладзіне на этапе Кубка свету, які адбыўся ў катарскай Досе. Лепшыя вынікі паказалі амерыканец Пол Руджэры і галандзец Эпке Зондэрланд, пераможца ў гэтай дысцыпліне. Вынік Дзмітрыя стаў лепшым для беларускай зборнай на гэтым этапе.
4. Тэнісістка Вікторыя Азаранка захавала за сабой чацвёртае месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Першы радок займае амерыканка Серэна Уільямс, на другім — кітаянка Лі На, а на трэцім — Агнэшка Радваньска з Польшчы.
5. У адборачным турніры чэмпіянату Еўропы па гандболе, які сёлета прымуць Венгрыя і Харватыя, беларускі пацярпелі два паражэнні ад зборнай Нарвегіі. У гасцях нашы дзяўчаты саступілі з лікам 29:33, дома — 24:32. «Кожная гандбалістка аддала на пляцоўцы ўсе сілы і прадэманстравала, што ў яе вялікае сэрца, — прызнаўся трэнер нашай зборнай Томаш Чатэр. — Для дасягнення лепшых вынікаў трэба больш працаваць у камандах, больш праводзіць вучэбна-трэніровачных збораў і гуляць з такімі камандамі, як Нарвегія». Свае наступныя адборачныя матчы беларускі правядуць у чэрвені. У саперніках — зборная Румыніі.
Падрыхтаваў Тарас ШЧЫРЫ.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.