Пад уплывам антыцыклонаў з боку Скандынаўскага паўвострава істотных ападкаў на гэтым тыдні не прадбачыцца, паведаміла рэдакцыі галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Людміла Парашчук.
У аўторак будзе пераважна без ападкаў, а максімальная тэмпература паветра ўдзень усяго 2-8 цяпла. Амаль не будзе ападкаў і ў сераду, толькі раніцай і ўдзень па паўночным усходзе месцамі пройдзе дождж і мокры снег. Тэмпература паветра ўначы мінус 2-7 марозу, удзень — плюс 3-8 градусаў, па паўднёвым захадзе краіны да 5-10. Чарговы антыцыклон і адсутнасць ападкаў прагназуецца ў нас і ў чацвер. Уначы будзе падмарожваць ад 0 да мінус 5 градусаў, удзень тэмпература паветра прагназуецца ад плюс 7 градусаў па паўночным усходзе да 15 цяпла па паўднёвым захадзе краіны.
Сіноптыкі прагназуюць, што ў пятніцу праз тэрыторыю Беларусі пачне рухацца малаактыўны халодны атмасферны фронт ад далёкага цыклону з цэнтрам над Архангельскай вобласцю. Стане больш воблачна, але ападкі пройдуць толькі месцамі па паўночным усходзе краіны. Зноў крыху пахаладае. Тэмпература паветра ўдзень стане толькі ў межах 3-8 цяпла, па паўднёвым захадзе — плюс 9-14 градусаў, уначы — ад мінус 4 градусаў да 3 цяпла
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у суботу да нас завітае чарговы халодны скандынаўскі антыцыклон. Прагназуецца пераважна без ападкаў. Тэмпература паветра ўначы 2-7 марозу, а ўдзень — плюс 5-10 градусаў, на захадзе Брэсцкай і Гродзенскай абласцей — да 11-15 цяпла. А вось у нядзелю цяпло «накрые» ўжо ўсю тэрыторыю краіны.
Спецыялісты падлічылі, што мінулы сакавік стаў самым цёплым першым месяцам вясны за апошнія 100 гадоў.
Сяргей КУРКАЧ
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.