Ці можа дыстанцыйнае навучанне даваць паўнавартасную падрыхтоўку спецыялістаў? Ці садзейнічае атрыманне ведаў на адлегласці сацыялізацыі асоб з абмежаванымі магчымасцямі? На якой ступені знаходзіцца развіццё такой адукацыі ў Беларусі і якія яна мае перспектывы? Пра гэта навукоўцы, педагогі і бацькі размаўлялі падчас «круглага стала», прысвечанага дыстанцыйнаму навучанню моладзі з парушэннямі апорна-рухальнага апарата. Дыскусія паміж удзельнікамі разгарэлася не на жарт...
Карысць ці шкода?
Зрэшты, гутарка не абмяжоўвалася толькі навучаннем асоб з фізічнай ці інтэлектуальнай недастатковасцю, а датычылася дыстанцыйнай адукацыі для ўсіх. Перавагі такога навучання, на думку метадыста Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Алены Емяльянавай, заключаюцца ў павышэнні матывацыі да вучобы (бо праца ідзе непасрэдна з камп'ютарам, што заўсёды цікава дзецям), а значыць, і эфектыўнасці і якасці навучальнага працэсу.
Але, як лічыць загадчыца сектара навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Алена Фалевіч, адна з праблем дыстанцыйнага навучання і заключаецца ў гэтай самай матывацыі.
— У якасці эксперымента мы шукалі дзяцей у Гродзенскай вобласці. Да кожнага літаральна пагрукаліся ў дзверы і не знайшлі ніводнага чалавека, які б хацеў дыстанцыйна вучыцца, напрыклад, на аператара ЭВМ. Бацькі хочуць, каб да дзіцяці прыходзіў выкладчык і кантактаваў з ім непасрэдна, бо яно і так ізаляванае ад грамадства.
Апроч таго, па словах Алены Фалевіч, не ўсе бацькі могуць забяспечыць сваіх дзяцей тэхнічнымі сродкамі для дыстанцыйнага навучання, аплаціць той жа інтэрнэт. Пытанне аб тым, хто мусіць усталёўваць неабходнае праграмнае забеспячэнне, застаецца адкрытым, таму што нарматыўна-прававая база ў гэтай сферы адсутнічае.
Чаму ў Кодэксе аб адукацыі дасюль няма паняцця «дыстанцыйнае навучанне», адказала вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі спецыяльнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Таццяна ЛІСОЎСКАЯ. Па яе словах, галоўная мэта спецыяльнай адукацыі — сацыялізацыя і інтэграцыя чалавека з асаблівасцямі ў грамадства, а навучанне на дыстанцыі гэтага не забяспечвае. Апроч таго, каб паўнавартасна засвойваць веды, у дзіцяці павінна быць сфарміравана ўвага і некаторыя іншыя здольнасці, таму, як сведчаць даследаванні навукоўцаў з Санкт-Пецярбурга, працэс дыстанцыйнага навучання магчымы толькі з 12 гадоў.
Дэвайсы — на дапамогу!
Але пры граматным прымяненні тэхналогій дыстанцыйнага навучання праблем з сацыялізацыяй узнікнуць не павінна, упэўненавыкладчыца, стваральніца міжнароднага праекта дыстанцыйнага навучання е-learning.by маці дваіх сыноў Алена ЛОКЦЕВА.
«Мы сёння гаворым пра тое, што дыстанцыйнае навучанне павінна ўвайсці ў кожны дом. Але яно даўно ўжо там!» — пераканана эксперт. На яе думку,з імклівым развіццём тэхналогій навучальны працэс перастаў круціцца вакол настаўніка ці прадмета, а пачаў канцэнтравацца вакол вучня. Так званае «персанальнае асяроддзе навучання» ствараюць сацыяльныя сеткі, мабільныя прылады; няхай і самых простых мадэляў, яны з'яўляюцца моцным інструментам навучання. І цяпер дзяцей трэба вучыць не канкрэтным ведам, а даваць навыкі працы з тым аб'ёмам інфармацыі, які наіх звальваецца.
Той жа мабільны тэлефон многія настаўнікі лічаць ворагам нумар адзін для школьніка, але ж яго можна ператварыць у сябра і выкарыстоўваць для навучання — дарэчы, ва ўсім свеце гэты вопыт ужо прымяняецца на практыцы.
Тэхналогіі і «сусветнае павуцінне» могуць палегчыць жыццё не толькі навучэнцам, але і выкладчыкам. Як сведчыць статыстыка, 56% інфармацыі пры падрыхтоўцы да ўрока сучасны настаўнік бярэ з інтэрнэту. Навучаючы дыстанцыйна, ён можа не захоўваць вялікую колькасць дакументаў і файлаў на сваім камп'ютары, а бесперашкод набраць іх з так званых «воблачных сэрвісаў», дзе яны знаходзяцца пастаянна ў адкрытым доступе. Да таго ж гэта дапаможа рэгуляваць нагрузку на педагогаў, якія рыхтуюцца да заняткаў. Настаўнік затрачвае час кожны раз, калі рыхтуецца да ўрока. Пры віртуальным навучанні дастаткова толькі аднойчы затраціць час на арганізацыю віртуальнага асяроддзя, якое ў далейшым будуць падтрымліваць і напаўняць самівучні. Пры дапамозе інтэрнэту можна ствараць інтэрактыўныя тэсты і трэнажоры. Ды нават у любімай падлеткамі сацыяльнай сетцы «УКантакце» настаўнік можа стварыць суполку і выкладаць у яе вучэбныя матэрыялы і заданні для сваіх вучняў. Важны станоўчы момант: у інтэрнэце можна праводзіць анлайн-абмеркаванні і кансультацыі паміж настаўнікамі і вучнямі ў любы час.
Вучыцца гуляючы
Алена Локцева прадставіла калегам некалькі сістэм дыстанцыйнага атрымання ведаў. Адна з іх называецца «перакулены клас» і заключаецца ў тым, што настаўнік не тлумачыць матэрыял на ўроку, а запісвае яго і прапаноўвае ўсім вучням для самастойнага прагляду. А час урока выкарыстоўваецца не на вывучэнне матэрыялу, а на непасрэднае прымяненне ведаў, з якімі вучні азнаёміліся самастойна. Як лічыць Алена Локцева, пры такім падыходзе ў дзяцей актывізуецца матывацыя да навучання: яны ведаюць, што на ўроку абавязкова будуць задзейнічаны ў рабоце з новым матэрыялам непасрэдна ў камандзе, таму не могуць не падрыхтавацца.
А яшчэ навучацца можна...паглыбляючыся ў віртуальны свет. У расійскіх, украінскіх, казахскіх, прыбалтыйскіх універсітэтах ужо ствараюцца іх віртуальныя прадстаўніцтвы, якія адлюстроўваюць свае рэальныя «прататыпы». Ёсць расійская распрацоўка, якая называецца «Віртуальная акадэмія», дзе пры дапамозе свайго ўласнага аватара любое дзіця можа спрычыніцца да навучання медыкаў з рэальнымі сітуацыямі. І такую сістэму можна змадэляваць пад любое асяроддзе. Напрыклад, на занятках па гісторыі аватары для вучняў можна «апрануць» у касцюмы пэўнай эпохі і па ролях разыграць падзеі якой-небудзь гістарычнай нарады.
Як увесці ў школьнае асяроддзе сістэму дыстанцыйнага навучання і хто навучыць настаўнікаў з ёй працаваць? Сітуацыя насамрэч не такая складаная,як здаецца. Безумоўна, ёсць сэрвісы, якія патрабуюць ад настаўнікаў дадатковых ведаў. Але ў многіх выпадках, каб арганізаваць навучальны працэс дыстанцыйна, неабавязкова звяртацца да складаных схем. Дастаткова мець падключэнне да інтэрнэту і прыладу, якая б яго падтрымлівала — камп'ютар, планшэт ці проста мабільны тэлефон. Амаль усе дзеці і тым больш настаўнікі валодаюць навыкамі работы з гаджэтамі, таму асаблівай падрыхтоўкі і выдаткаў такая сістэма навучання не патрабуе.
Эксперыменты працягваюцца...
Цяпер магчымасці для альтэрнатыўнага навучання, хоць і на эксперыментальным узроўні, але ўводзяцца ў сістэму атрымання ведаў. Напрыклад, за два апошнія гады спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі стварылі электронныя вучэбна-метадычныя комплексы па ўсіх прадметах і ступенях адукацыі для навучэнцаў з інтэлектуальнай недастатковасцю. Апроч іх,быў створаны кантрольна-дыягнастычны модуль (пакуль толькі для навучэнцаў выпускных класаў), які ўжо атрымаў станоўчыя водгукі. А з верасня 2013 годаў якасці эксперымента на 1 году чатырох беларускіх школах адкрыты электронныя вучэбна-метадычныя комплексы для настаўнікаў. Па папярэдніх водгуках, яны таксама зарэкамендавалі сябе паспяхова.
Бацькі хочуць,каб да дзіцяці прыходзіў выкладчык і кантактаваў з ім непасрэдна, бо яно і так ізаляванае ад грамадства.
Непасрэднай жа падрыхтоўкай педагогаў для дыстанцыйнай перадачы ведаў займаецца Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, навучанне ў якім прайшлі ўжо больш за 650 мінскіх выкладчыкаў. Для іх арганізуюць курсы павышэння кваліфікацыі, у тым ліку падрыхтоўку ІТ-цьютараў. Самі настаўнікі ствараюць інтэрнэт-алімпіяды па прадметах, інтэрнэт-праекты і гарадскія конкурсы для навучэнцаў.
Такім чынам, пакуль што дыстанцыйная адукацыя ў Беларусі знаходзіцца на эксперыментальнай ступені. Удзельнікі гутаркі сышліся на тым, што такое навучанне можа існаваць у якасці дадатковага, але не асноўнага. У той жа час, якой бы дасканалай ні была сістэма, ролю выкладчыка яшчэ ніхто не адмяняў. I менавіта ад умення настаўніка зацікавіць вучняў сваім прадметам залежыць паўната і якасць засвоеных дзіцем ведаў.
Дзіяна СЕРАДЗЮК.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.