Настаўнік з краснапольскай вёскі Леніна вяртае з небыцця імёны сваіх заслужаных землякоў
Краснапольшчына дала свету 7 Герояў Савецкага Саюза і 6 — Сацыялістычнай Працы, знакамітага беларускага паэта Аляксея Пысіна і пісьменніка Андрэя Мрыя, вядомага вынаходніка ў галіне металургіі Міхаіла Курака, спявачку Марыю Пахоменку. Гэты спіс можна падоўжыць іншымі імёнамі дзеячаў культуры, навукі, літаратуры. Але нават і тады ён не будзе поўным. Мясцовы краязнаўца і гісторык Аляксандр Марзалюк шмат чаго робіць дзеля таго, каб папоўніць яго новымі імёнамі, якімі таксама зможа ганарыцца раён.
Час авіятараў
— Вялізны ўклад у напісанне гісторыі нашага краю ад старажытных часоў да сучасных дзён унёс мой калега, з якім мне пашчасціла працаваць, — Леанід Лабаноўскі, — кажа Аляксандр Марзалюк. — На жаль, гэты цудоўны чалавек ужо пайшоў з жыцця. Ён напісаў 17 кніг, куды ўвайшлі і некаторыя мае даследаванні. Ваенная тэма асабліва мне блізкая. Толькі з адной вёскі Леніна (у мінулым Гніліца), дзе я жыву і працую, на франтах Вялікай Айчыннай ваявала не менш за 7 лётчыкаў. Сярод іх Сцяпан Шавялёў, Іосіф Шкурдзін, Фёдар Пясецкі, Якаў Крамзукоў і іншыя. Заслугі гэтых людзей насамрэч уражваюць. Сцяпан Шавялёў 22 чэрвеня 1941 года ў складзе савецкай эскадрыллі бамбіў прамысловыя базы ў румынскім горадзе Плаешці, які з'яўляўся галоўным пастаўшчыком нафты для нацысцкай Германіі. Падчас гэтага вылету ён быў паранены, але хутка вярнуўся ў строй.
За свае баявыя подзвігі лётчык меў шмат узнагарод, падзякі ад Іосіфа Сталіна і маршала Конева. Пасля вайны стаў доктарам хімічных навук,прафесарам, быў кансультантам пры адкрыцціновых хімічных заводаў. Зрабіў шмат вынаходстваў. Некаторыя свае дыпломы ён падарыўГніліцкай школе, якую неаднаразова наведваў уканцы 80-х мінулага стагоддзя. Гісторык адзначае, што яго ганаровы зямляк быў вельмі сціплы,хадзіў па вёсцы і ветліва размаўляў з усімі. Прасябе казаў, што ён, звычайны сялянскі сын, дасягнуў поспехаў дзякуючы сваёй працавітасці,настойлівасці і ўпартасці.
— Ёсць цікавы факт з яго біяграфіі, — дзеліцца Аляксандр Марзалюк. — Надзея Крупская пасадзейнічала яму ў рашэнні вельмі важнай жыццёвай праблемы. Маці Сцяпана Шавялёва памерла, калі хлопчыку было 5 гадоў. А калі ён вучыўся ў інстытуце, бацька пакінуў яму на выхаванне маленькую сястрычку, а сам з'ехаў кудысьці. Малады чалавек на той час не меў ні грошай, ні вольнага часу, каб глядзець дзіця. Акрамя інстытута, ён займаўся ў аэраклубе, а па начах разгружаў цягнікі — зарабляў грошы на жыццё. Кіраўніцтва інстытута параіла яму звярнуцца да Крупскай, каб прыстроіць дзяўчынку ў дзіцячы дом. Тая сустрэла яго як маці, напаіла гарбатай з пячэннем, выслухала ўважліва і... дапамагла. Асабіста тэлефанавала ў дзіцячы дом, каб дзяўчынку ўзялі.
Цікавых гісторый з жыцця лётчыкаў Аляксандр Марзалюк наогул ведае шмат. Кажа, што да вайны было такое паломніцтва моладзі ў авіяцыю,што курсантам лётных вучылішчаў нават не давалі званняў вышэй за сяржанта, каб не плаціць афіцэрскія грошы. Яны жылі на казарменным становішчы і атрымлівалі салдацкі паёк. Нават тыя, хто запраўляў самалёты, часам былі вышэй па званні. Даходзіла да смешнага, калі, напрыклад, лейтэнант рапартаваў: «Таварыш сяржант, самалёт запраўлены і гатовы да баявога вылету».
Машына «прызямлілася» на полі...
А вось з Якавам Крамзуковым і наогул атрымалася загадкавая гісторыя. Нарадзіўся ён у 1919 годзе ў вёсцы Гніліца ў шматдзетнай сям'і, быў адзіным хлопчыкам сярод пяці дзяўчат. Пасля Палужскай школы скончыў лётнае вучылішча. Да вайны працаваў настаўнікам у вёсцы Кармапайкі,а ваяваць пайшоў у якасці лётчыка. Яго сваякі памятаюць, як ён у 1943 годзе на некалькі хвілін завітаў на самалёце ў родную Гніліцу. Яго баявая машына прызямлілася на поле паміж пасёлкамі Вясёлы і Някрасава. Ёсць таксама звесткі, што ён быў у палоне, а потым уцёк ад немцаў на іх жа самалёце. Яго ўнук Пётр Крамзукоў сведчыць,што напрыканцы вайны родныя атрымалі паштоўку ад Якава, дзе ён пісаў, што дайшоў амаль да Берліна і неўзабаве вернецца дамоў. Але гэтага не адбылося.
Калі Аляксандр Марзалюк праз ваенкамат зрабіў запыт у Падольскі ваенна-гістарычны архіў,яму адказалі, што сярод загінулых і ўзнагароджаных такі лётчык не значыцца. «Як жа так, — здзіўляецца гісторык. — У родных ёсць звесткі, што на 1 кастрычніка 1943 года ён быў капітанам, нават фота захавалася, дзе малады чалавек апрануты па форме. А напрыканцы вайны ён і наогул быў узванні падпалкоўніка. Выходзіць, што ў архівах, дзе ёсць інфармацыя нават на радавых салдат, пра афіцэра нічога няма?» Не ўнёс яснасці і адказ КДБ па Магілёўскай вобласці, куды звярнуўся гісторык. Там наогул у архівах чалавека з такім прозвішчам не аказалася. Марзалюк спадзяецца атрымаць станоўчы адказ праз перадачу «Чакай мяне», куды пайшоў чарговы зварот.
Героі царскіх часоў
Шмат цікавай інфармацыі гісторык сабраў іпра землякоў, узнагароджаных Георгіеўскімі крыжамі. Пры савецкай уладзе іх не вельмі шанавалі,таму, на жаль, сёння мала што вядома пра іх. Напрыклад, у абласным краязнаўчым музеі імя Раманава захоўваецца інфармацыя ўсяго аб 8 такіх героях Магілёўшчыны.
Аляксандр Марзалюк паспеў сабраць звесткі аб 19 сва іх земляках. Некаторыя з іх атрымалі Георгіеўскія крыжы яшчэ падчас руска-турэцкай вайны 1877-78 гадоў. У вёсцы Дзернавая пасёння жыве легенда пра Георгіеўскага кавалера Філіпа Аўчыннікава. Калі ў 1905 годзе паліцыя і казакі шукалі зачыншчыка бунту ў маёнтку Стоша (вёска Горы) Мікалая Барыску, вёску ледзь не спалілі па загадзе есаула. Жыхары схавалі бунтара ў стозе сена і тайна вывезлі з вёскі. І загад раз'юшанага есаула быў бы выкананы, калі б на ганак свайго дома не выйшаў апрануты ў форму і з 4 крыжамі на грудзях стары. Ён запатрабаваў адмяніць загад. Калі казакі ўбачылі, што перад імі георгіеўскі кавалер, бухнуліся на калені, а есаул нават папрасіў прабачэння — такія людзі былі ў вялікай пашане і лічыліся вернымі слугамі Айчыны і цара. Праўнук героя Дзмітрый Аўчыннікаў пацвердзіў, што яго продак сапраўды быў удзельнікам руска-турэцкай вайны і ўладальнікам 4 крыжоў. Аднак дакументальных сведчанняў гэтага, як і фота самога Філіпа Аўчыннікава, нажаль, не захавалася.
Яшчэ адзін ураджэнец вёскі Гніліца Леанід Маслаў быў разведчыкам пад Харбінам і здабываў звесткі падчас руска-японскай вайны 1904-1905 гадоў. Не раз рызыкаваў жыццём, быў некалькі разоў паранены. Апошні раз атрымаў 12 раненняў у галаву і ў непрытомным стане трапіў да японцаў у палон. Але яны былі так уражаны мужнасцю героя, што адпусцілі яго. За адданасць службе Маслаў быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.
Памяць пра свайго гераічнага продка з Краснаполля Пятра Ельшына — кавалера трох Георгіеўскіх крыжоў за абарону Порт-Артура — захоўвае яго ўнук Аляксей Акіменка. «Ён нават усталяваў на магіле дзеда дубовы крыж і змясціў на ім фота гэтага георгіеўскага кавалера з усімі ўзнагародамі, — сведчыць Аляксандр Марзалюк. — Дарэчы, і сам унук — асоба вядомая. Ён аўтар 36 вынаходстваў, член савета па прамысловым развіцці пры расійскім урадзе».
Сярод фота Георгіеўскіх кавалераў, якія захоўваюцца ў гісторыка, ёсць здымак салдата Першай сусветнай вайны 1914-1918 гадоў Цярэнція Яфрэменкі. Ён быў узнагароджаны 2 крыжамі і меў медаль «За адвагу», падчас Другой сусветнай вайны дайшоў да Берліна. Аб тым, што ў канцы1960-х яго можна было бачыць на ўрачыстых мерапрыемствах з усімі ўзнагародамі, у тым ліку і царскімі, сведчыць і гісторыка-дакументальнаякніга «Памяць» Краснапольскага раёна. Дарэчы, унук гэтага героя таксама прысвяціў сябе ваеннай справе.
На жаль, патрымаць у руках узнагароды землякоў Аляксандру Марзалюку пакуль не пашчасціла. Некаторых іх уладальнікаў і наогул пахавалі разам з імі. Але фота і сведчанні родных — гэта таксама каштоўная інфармацыя. Тое, што гэтыя героі не забыты і іх прозвішчы вядомыя, шмат што значыць. Як кажа Аляксандр Марзалюк, перафразуючы словы вядомага грэчаскага мысляра: жыццё кароткае, Айчына — вечная.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Фота аўтара.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.