Хранічным даўжнікам пагражае высяленне
Больш чым Br4,1 млрд рублёў павінны камунальнікам Гомельскай вобласці грамадзяне, якія не лічаць неабходным своечасова плаціць за кватэру. Дарэчы, тых, хто мае пратэрмінаваную запазычанасць, на пачатак года налічвалася больш як 26 тысяч сем'яў.
Як расказала галоўны спецыяліст аддзела юрыдычнай і кадравай работы дзяржаўнага аб'яднання «Жыллёва-камунальная гаспадарка Гомельскай вобласці» Юлія Волкава, самыя праблемныя — грамадзяне, якія «забылі» пра аплату камунальных паслуг на год і болей. 2% ад тых, хто мае хранічную запазычанасць, увогуле не плацяць па жыроўках звыш 3-х гадоў.
Камунальнікі выкарыстоўваюць у якасці мер уздзеяння на даўжнікоў жыллёва-камунальных паслуг «і бізун, і пернік». За мінулы год было пададзена на спагнанне доўгу амаль 12 тысяч выканаўчых натарыяльных надпісаў на суму Br5,6 млрд рублёў. Да суда дайшло больш 3 тысяч іскаў на спагнанне Br2 млрд рублёў.
Да таго ж, камунальнікі пастаянна праводзяць інфармацыйна-тлумачальную работу. На стэндах у жыллёва-эксплуатацыйных службах, на ўваходах у пад'езды дамоў ёсць інфармацыя пра даўжнікоў і неабходнасць своечасовай аплаты плацяжоў. Акрамя таго, па заканадаўстве неплацельшчыку можа быць скасавана пеня — пры наяўнасці аб'ектыўных прычын і ўмове пагашэння сумы асноўнага доўгу. Самай крайняй мерай уздзеяння на даўжнікоў з'яўляецца высяленне. 12 грамадзян вобласці летась «дамагліся», каб да іх была ўжыта менавіта яна. Сёлета па Гомельскай вобласці па артыкуле аб прымусе да продажу жылых памяшканняў за няплату пададзена 16 іскавых заяў.
Начальнік аддзела юрыдычнай і кадравай работы КЖРЭУП «Савецкае» Святлана Антонава
гаворыць, што неплацельшчыкі дзеляцца на дзве катэгорыі — наймальнікі і ўласнікі.
— З уласнікамі ў такой сітуацыі больш проста — пасля ўступлення ў дзеянне новай нормы артыкула № 155 Жыллёвага кодэкса ўвогуле магчыма адчужыць жылое памяшканне. Звычайна людзі пачынаюць аплачваць рахункі адразу ж пасля таго, як атрымліваюць папярэджванне, што кватэра можа быць адчужана. Менавіта так было і з прынцыповым неплацельшчыкам Б., які не аплачваў жыроўкі з 2009 года і пры гэтым скардзіўся ва ўсе інстанцыі. Яго доўг склаў больш за 15 мільёнаў. Калі ж пачаліся судовыя пасяджэнні і ўзнікла рэальная пагроза страты кватэры, грамадзянін аплаціў усе запазычанасці адразу — не толькі ЖКГ, але і водаканалу, энергетыкам, газавікам і г.д. Куды больш складаная сітуацыя з наймальнікамі жылля. Па законе мы павінны хранічным неплацельшчыкам пасля рашэння суда прадаставіць іншае памяшканне — з пагаршэннем жыллёвых умоў. Але ж разумееце, у якім стане звычайна памяшканне ў тых, хто на аплату не можа знайсці сродкі? Мы ж шукаем ім іншую, звычайна меншую кватэру, але пры гэтым яна абавязкова павінна адпавядаць мінімальным тыпавым спажывецкім нормам. Уяўляеце, у што яна ператворыцца праз нейкі час? Цяпер вырашаецца пытанне на ўзроўні ўлад Гомеля, каб выселяць грамадзян гэтай катэгорыі ў дамы з мінімальнай колькасцю камунальных плацяжоў. Дарэчы, пераезд можа быць у любы раён вобласці. Але ж і тут праблема. Атрымліваецца, што горад пазбаўляецца ад асацыяльных асоб, але ж дадаецца галаўнога болю вяскоўцам, дзе сітуацыя з маргінальнымі асобамі, вядома ж, дастаткова складаная. Як вы разумееце, у сельскіх Саветах такому перакладанню праблемы на іх плечы зусім не рады.
Між тым, не толькі за няплату могуць быць выселены са свайго жылля грамадзяне. Сённяшняе заканадаўства дазваляе пазбавіць чалавека даху над галавой за антысанітарыю і дзеянні, якія робяць немагчымым жыццё з іншымі грамадзянамі.
Прэцэдэнт створаны. Летась былі выселены з кватэры па вуліцы братоў Лізюковых у Гомелі без прадастаўлення іншага памяшкання маці з 38-гадовым непрацуючым сынам. Квіткі за камуналку яны аплачвалі, але ж у сваёй кватэры стварылі такую шматгадовую звалку смецця, што не вытрымалі суседзі, якія запатрабавалі вырашыць сітуацыю кардынальна. Да гэтых людзей прымяняліся розныя меры ўздзеяння: пісаліся прадпісанні, складаліся адміністрацыйныя пратаколы, праводзілася растлумачванне... Штрафы вылічваліся з пенсіі жанчыны, але ж збіральшчыкі смецця нічога не рабілі, каб ад яго пазбавіцца. Урэшце супрацоўнікі ЖКГ звярнуліся ў суд, які таксама некалькі разоў растлумачваў ім пагрозу пазбаўлення жылля. Калі ж і гэта не дапамагло, суд задаволіў іск камунальнікаў. Так грамадзяне засталіся на вуліцы, а іх кватэра стала сацыяльным жыллём. Супрацоўнікі ЖРЭУ-2 вычысцілі памяшканне ад гары смецця, і цяпер у кватэры пражывае сірата.
Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота аўтара.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».