Цякуць з водаправода ў вёсцы Лагаза
«Ад свайго імя і ад жыхароў вуліцы Падгорнай вёскі Лагаза Лагойскага раёна Мінскай вобласці прашу паў-
здзейнічаць на камунальнікаў горада Лагойска, каб яны сумленна выконвалі свае абавязкі. Мне, як і іншым, хочацца, каб нас забяспечылі вадой. Для гэтага трэба ліквідаваць непаладкі ў водаправодным калодзежы каля будынка сельвыканкама («ручаёк» адтуль цячэ з канца жніўня 2013 года) і адрамантаваць водаправодную калонку. З яе бесперапынна льецца вада з восені мінулага года». Такое пісьмо даслаў у рэдакцыю Уладзімір Гваздзецкі.
Калі карэспандэнт выехаў на месца, непаладкі ўжо ліквідавалі, але мясцовыя насельнікі ўпэўнены: гэта часова. Гарантыі, што сітуацыя не паўторыцца зноў і зноў, няма. Але ўсё па парадку.
У сярэдзіне лета 2012 года ў новы водаправод, што праклалі па вуліцы Падгорнай вёскі Лагаза, падалі ваду (праўда, пракладку яго камунальнікі завяршылі толькі пасля другога калектыўнага звароту жыхароў у Адміністрацыю Прэзідэнта).
Спецыялісты сумняваліся, што пры падключэнні да воданапорнай вежы, якая знаходзіцца на былой ферме, напор у водаправодзе будзе пастаянны. Таму на будучыню планавалася падключыцца да пасялковай вежы вышынёй з дзевяціпавярховік, якая знаходзіцца недалёка ад школы. Але пазамінулая зіма прайшла больш-менш спакойна, без асаблівых здарэнняў. Калі вады не было ўдзень, то запасціся ёй людзі маглі ноччу. Сур'ёзныя перабоі з забеспячэннем пачаліся ў канцы жніўня. Асноўнай прычынай сталі парывы на водаправодзе. З калодзежа, што знаходзіцца амаль побач з сельскім Саветам, пачаў выцякаць «ручаёк». Восенню 2013 года напор у водаправодзе стаў яшчэ меншым, таму што па вуліцы Цэнтральнай (не больш як за 250 метраў ад сельвыканкама) пацякла калонка. «Гэта не проста вада з калодзежа і калонкі цячэ ў рэчку, гэта выцякаюць нашы грошы! — абураюцца мясцовыя жыхары. — Разам з тым, хоць вады і не было, але камунальнікі налічвалі пэўныя сумы за карыстанне водаправодам. Іх злачынную безгаспадарчасць аплачваем мы.
Калі б не было парываў, то глыбінная помпа напампавала б ваду ў вежу і на нейкі час адключылася. Тэрмін службы яе быў бы больш працяглы. Але паколькі яна працуе бесперапынна, расходуючы шмат электраэнергіі, то хутка выходзіць са строю».
Да зімовага перыяду, сцвярджае Уладзімір Гваздзецкі, камунальнікі не падрыхтаваліся як след. «Пасялковая воданапорная вежа ледзь не абрушылася пад цяжарам намёрзлага лёду — выратавала пацяпленне. А калі б яна абвалілася? Тады была б паралізавана работа кацельняў школы і дзіцячага садка, бо сістэмы ацяплення, верагодней за ўсё, у іх бы размарозіліся. Выйшлі б яны са строю і ў большасці дамоў пасёлка, дзе стаяць газавыя катлы, таму што сістэма падсілкоўваецца толькі ад водаправода... Зразумела, людзі, каб не замерзнуць, пачалі б уключаць электрычныя абагравальнікі, і нагрузка на трансфарматары падстанцыі ў такім выпадку ўзрасла ў шмат разоў, і перавысіла б разліковыя параметры... У выніку маглі б выйсці са строю і трансфарматары...».
Такі апакаліпсіс мясцовага маштабу мог бы здарыцца, калі б маразы і снегапады ўсталяваліся надоўга, сцвярджае мой суразмоўца, інжынер па адукацыі, які шмат гадоў адпрацаваў па спецыяльнасці.
Разам з тым на вуліцы Падгорнай абураюцца і наступным фактам. Крыху больш чым за кіламетр ад вёскі Лагаза знаходзіцца свінагадоўчы комплекс, дзе тэхналогія патрабуе пастаяннай прысутнасці вады, прычым у вялікіх аб'ёмах. Дык вось там праблем з забеспячэннем няма. «Атрымліваецца, што частка насельніцтва населенага пункта знаходзіцца ў горшым стане, чым... жывёла? Мы хвалюемся, што і на гэты раз праблема вырашана часова, па прычыне зношанасці водаправода парывы будуць паўтарацца. Калодзеж у канцы вуліцы Падгорнай ёсць, але вада ў ім непрыдатная для ўжывання. А да бліжэйшага — амаль кіламетр».
— Сапраўды, праблема з водазабеспячэннем жыхароў вуліцы Падгорнай ёсць, — канстатаваў старшыня Лагазніцкага сельскага Савета Андрэй Свібовіч. — Тут не так даўно пракладзена новае адгалінаванне водаправода. Яно працуе нармальна. Парывы здараюцца на вуліцы Цэнтральнай, дзе ёсць свідравіна і дзейнічаюць старыя камунікацыі. Вуліца Цэнтральная знаходзіцца па ўзроўні ніжэй, чым Падгорная. Калі на водаправодзе вуліцы Цэнтральнай здараецца асобны прарыў, то ў дамы вуліцы Падгорнай вада не даходзіць у выніку перападу ціску. У цэлым жа ў астатнія раёны вёскі яна паступае.
Дадам, што водаправодныя сеткі ў Лагазе зношаны нават больш чым на 100%, паколькі эксплуатуюцца з пачатку шасцідзясятых гадоў. Сістэму водазабеспячэння рабіў тады былы калгас «Лагаза» — так бы мовіць, «на вока» і, магчыма, без захавання ўсіх тэхналагічных працэсаў. Ва ўсялякім выпадку, схемы пракладкі няма. У 2002 годзе сістэма была перададзена на баланс лагойскага водаканала. Але з-за недастатковага фінансавання пракласці новыя камунікацыі немагчыма. Тым больш што замены патрабуюць шмат якія сеткі па ўсім раёне.
— На тэрыторыі сельсавета налічваецца 38 населеных пунктаў, дзе пражывае 2700 чалавек. Цэнтралізаваным водазабеспячэннем карыстаюцца 2039 жыхароў 20 вёсак, калодзежамі — 637. Акрамя таго, тут дзейнічаюць 33 артэзіянскія свідравіны, 31 воданапорная вежа. Агульная працягласць водаправодных сетак — 45,4 кіламетра, — тлумачыць Андрэй Свібовіч. — Пытанні з якасцю сістэм узнікаюць і ў іншых вёсках. Замяніць усе адразу на новыя не пад сілу. У першую чаргу трэба разбірацца з самымі праблемнымі кропкамі.
Сёлета, дарэчы, па праграме «Чыстая вада» маюць намер часткова замяніць водаправодныя сеткі ў аграгарадку Корань, ужо падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя. У Лагазе пакуль нічога не плануецца.
— Калі здараюцца парывы, цечы на водаправодзе, то нам тэлефануюць жыхары. Мы імкнёмся аператыўна перадаць заяўкі ў дыспетчарскую службу раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Не выконваюцца ці зацягваюцца тэрміны ліквідацыі непаладкаў — нагадваем ужо пісьмова. Не дапамагае — выходзім у раённы выканаўчы камітэт, — канстатуе старшыня сельвыканкама.
— Мы не маем ніякіх прэтэнзій да мясцовай улады. Сельвыканкам заўсёды імкнецца дапамагчы людзям. Разумеем: сваімі сіламі ён не можа адрамантаваць ці пабудаваць новы водаправод: няма ні адпаведных спецыялістаў, ні сродкаў. Разам з тым хацелася б ведаць, калі на чарзе замена водаправоднай сістэмы ў нашай вёсцы? — пытаюцца мясцовыя жыхары.
Сапраўды, чаму б камунальным службам не скласці спіс самых праблемных участкаў водаправодаў у раёне, якія патрабуюць рамонту ці замены ў першую чаргу, і не надрукаваць гэты графік у раённай газеце або вывесіць яго для азнаямлення ў грамадскіх месцах сельсаветаў? Дарэчы, менавіта гэтага і патрабуе ад кіраўнікоў раёнаў і арганізацый старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.