Бацькі касманаўта жывуць у Віцебску
26 сакавіка на борце касмічнага карабля «Саюз» расійскі касманаўт Алег Арцем'еў адправіўся ў космас... Не многія ведаюць, што бацькі касманаўта жывуць у Віцебску. І ў гэтай бацькоўскай кватэры Алег Германавіч бывае некалькі разоў на год. Самае дзіўнае, што кватэра тая — у доме на вуліцы Цітова, а імя бацькі Алега — Герман, як у касманаўта Цітова. Карэспандэнт «Звязды» літаральна напрасіўся ў госці да Арцем'евых-старэйшых. Вельмі сімвалічна, што менавіта ў той дзень споўнілася 44 гады, як яны ўступілі ў шлюб. З чым і віншуем!
Пазнаёміліся на свята рэвалюцыі
Журналісцкая ўдача ўсміхнулася ў той дзень аўтару гэтых радкоў. Як знайсці ў абласным цэнтры бацькоў касманаўта? А можа, людзей у Віцебску з такім прозвішчам шмат? Некалькі хвілін — і аператар службы «109» дала пажаданы тэлефон. Падняў трубку мужчына.
— Вы бацька Алега Германавіча?
— Так.
— Можна пагутарыць з вамі пра сына?
— Ну не ведаю...
Можна зразумець сумненні пажылога чалавека, які вельмі хвалюецца, калі яго сын літаральна «круціцца ў нябёсах», хай і ў лепшым касмічным караблі ў свеце.
І вось менш чым праз гадзіну я на вуліцы Цітова (дарэчы, карпункт «Звязды» знаходзіцца на вуліцы Гагарына. — Аўт
.) — у гасцях у бацькоў касманаўта, якога, у прынцыпе, можна назваць і беларускім.
Аказваецца, Герман Аляксеевіч нарадзіўся ў прыгожым пасёлку Друя Браслаўскага раёна. Разам з жонкай, Вольгай Мікалаеўнай, жывуць у Віцебску з пачатку 1990-х гадоў.
Калі зайшоў у пакой звычайнай кватэры, адразу звярнуў увагу на хлопчыка, які сціпла сядзеў на канапе. Высветлілася, што гэта Мікалай, пляменнік касманаўта, які таксама жыве ў Віцебску.
Вельмі цікавіла мяне, як пазнаёміліся паважаныя Герман Аляксеевіч і Вольга Мікалаеўна. Ды і чаму не святкуюць гадавіну стварэння сям'і?
— Ды сваякі па многіх гарадах і вёсках былога СССР раз'ехаліся. Па «Скайпе» потым пагутарым і пасвяткуем (смяецца. — Аўт.). Можа, і з Алегам пагутарым. Але можна будзе выйсці на сувязь з космасам — толькі тады, калі на АТС нам дадуць дазвол перайсці на статычны рэжым сувязі. — ёсць такі, — расказвае маці касманаўта.
Высветлілася, што яна вельмі добра разбіраецца ў тэхніцы. Па адукацыі тэхнолаг швейных трыкатажных вырабаў. А бацька касманаўта — ваенны інжынер, падпалкоўнік у адстаўцы. Служыў у авіяцыйных войсках, у тым ліку і на славутым Байкануры, дзе Алег вучыўся ў школе. А нарадзіўся цяперашні касманаўт у Рызе.
— Мы з Вольгай Мікалаеўнай пазнаёміліся ў Рызе. Туды я трапіў, калі паступіў на вучобу ў вучылішча. А да гэтага, калі скончыў школу ў Друі, вучыўся ў ваенным вучылішчы ў Чарнігаве, — расказвае Герман Аляксеевіч.
— Мой бацька таксама быў ваенным. Пераехалі ў Рыгу аж з Далёкага Усходу. Я там у інстытуце вучылася. На свята ў гонар чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі пазнаёміліся з Германам Аляксеевічам у клубе. Потым пажаніліся. У 1970 годзе, 28 снежня, нарадзіўся Алег. Яшчэ і дачка ёсць, Таццяна — яна працуе ў аддзеле кадраў на прадпрыемстве «Віцебскдрэў». Яе малодшай дачцэ два гады, а Коля, якога вы бачыце, — яе старэйшы сын. Я, дарэчы, і сама працавала да выхаду на пенсію на прадпрыемстве «Віцебскдрэў», і ганаруся гэтым, бо прадпрыемства вельмі добрае, — расказвае Вольга Мікалаеўна.
Паводле слоў бацькоў касманаўта, у Віцебску яны апынуліся невыпадкова — пасля развалу Савецкага Саюза, у 1992 годзе, Германа Аляксеевіча пацягнула на малую радзіму. Хацелася жыць у спакойнай краіне.
— Шчыра хочам сказаць, што вельмі задаволены тым, што жывём у Беларусі. І вельмі рады, што такі Прэзідэнт кіруе дзяржавай. Няхай гэта надрукуюць у вашай газеце «Звязда», якую мы паважаем, — папрасіла мяне гаспадыня дома.
Якім ён хлопцам быў?
Ці многія бацькі, якія выхоўваюць малых дзяцей, хацелі б, каб іх сын (а можа, і дачка) сталі б пакарыцелямі космасу? А вось я хацеў бы, таму і задаваў шмат пытанняў наконт таго, якім быў Алег у дзяцінстве.
— Ён нічым не адрозніваўся ад іншых малых дзяцей. У прыватнасці, да 4 гадоў хварэў на прастудныя захворванні. Што тычыцца характару, у дзяцінстве сын быў настойлівым. Ставіў мэту і дамагаўся яе. Заўсёды ведаў, чаго хоча... Але пры гэтым і гарэзам быў. Вельмі спортам любіў займацца. Актыўна — з 5 класа: плаваннем, барацьбой. Даволі добрыя месцы на спаборніцтвах займаў, але нейкіх асаблівых дасягненняў у спорце не меў, — успамінаюць Герман Аляксеевіч і Вольга Мікалаеўна. Расказалі, што, калі жылі на Байкануры, у Алега быў выбар, куды запісацца — у клуб юных касманаўтаў або маракоў.
— Там добры марскі клуб. Там жа рака вялікая Сырдар'я працякае. Вельмі складаная рака, — расказвае маці касманаў-
та. — У клубе захапіўся і падводным плаваннем, што вельмі дапамагло яму, калі праходзіў касмічныя выпрабаванні ў цэнтры падрыхтоўкі да палётаў. Тэхніку вельмі любіць і добра ў ёй разбіраецца. Ёсць правы на ваджэнне, бадай, усяго, што на колах: ад матацыкла да грузавіка.
— А скачкамі з парашутам захапляўся, калі яшчэ ў талінскім політэхнічным тэхнікуме вучыўся, — дадае Герман Аляксеевіч.
Алег, калі вучыўся ў школе, збіраў мадэлі самалётаў і верталётаў. Часта хадзіў у паходы, падводнай рыбалкай захапляўся. Шмат чытаў. І калі летась у Віцебск да бацькоў прыязджаў, шмат часу праводзіў за канспектамі. А ў школьныя гады вельмі любіў класіку. Любімы паэт касманаўта — Пушкін.
Ажаніўся ў 39
На афіцыйнай старонцы «Раскосмаса» ў інтэрнэце шмат напісана пра тое, дзе касманаўт вучыўся, дзе напрацоўваў вопыт для цяперашняга палёту. І сярод іншага адзначана, што ён жанаты. Бацькі расказалі, што ажаніўся Алег, калі яму было ўжо 39 гадоў. Літаральна некалькі гадоў таму на аднаго закаранелага халасцяка стала менш.
— Калі першы раз Алег закахаўся, не магу сказаць дакладна. Ён трохі замкнёны ў гэтым пытанні. Але магу канстатаваць, што да пытання стварэння сям'і ставіўся вельмі сур'ёзна: ён спачатку хацеў, так бы мовіць, «падрыхтаваць базу». Трэба было вучыцца і трэніравацца, таму і не да кахання было. Падрабязна пра тое, як і дзе ён пазнаёміўся са сваёй жонкай, лепш у Алега запытаеце, калі прыедзе ў Віцебск. Гэта іх асабістая справа. Знайшлася такая дзяўчына, якая заваявала яго сэрца... У іх ёсць хлопчык, Савелій. Па дому Алег робіць усё сам. Пра такіх кажуць: «на ўсе рукі майстар»... Апошні раз мы бачылі яго 13 сакавіка — было гэта ў зорным гарадку перад тым, як на Байканур касманаўтаў адпраўлялі. Праводзілі мы яго да аўтобуса і паехалі. А 25 сакавіка, літаральна за дзень да палёту, ён па «Скайпе» звязаўся з намі, — адказвае на мае пытанні Вольга Мікалаеўна.
На развітанне мы дамовіліся абавязкова зноў сустрэцца, калі Алег прыедзе ў Віцебск. І наступная размова будзе ўжо з ім!
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Фота аўтара.
З біяграфіі касманаўта
Алег Арцем'еў у 1986 годзе скончыў сярэднюю школу № 211 у горадзе Байканур.
У 1990 годзе — з адзнакай Талінскі палітэхнікум па спецыяльнасці «Электраабсталяванне прамысловых прадпрыемстваў і ўстановак».
У 1998-м — універсітэт імя Баўмана па спецыяльнасці «Тэхніка і фізіка нізкіх тэмператур».
Потым працаваў у РКК «Энергія»: займаўся распрацоўкай бартавой дакументацыі і эксперыментальнай адпрацоўкай методык і абсталявання.
У 2009-м скончыў з адзнакай Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце РФ па спецыяльнасці «Кіраванне персаналам».
29 мая 2003 года рашэннем Міжведамаснай камісіі па адборы касманаўтаў залічаны ў атрад касманаўтаў РКК «Энергія».
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.