Чацвёрты, красавіцкі, нумар «Маладосці» абяцае быць фантастычным ва ўсіх сэнсах. Стваральнікі часопіса працягваюць эксперыментаваць, выпускаючы тэматычныя нумары. На гэты раз «Маладосць» будзе прысвечана ці не самаму папулярнаму і запатрабаванаму сярод сучасных чытачоў: літаратуры фэнтэзі, фантастыцы і рознага кшталту жахам ды містыцы. Ідэя стварыць падобны выпуск не ўзнікла на пустым месцы. Красавіцкі нумар — гэта даніна колішнім традыцыям «Маладосці»: памятаеце, пад адной вокладкай з ёю гадоў дзесяць таму выходзіў так званы часопіс у часопісе «Фантаст»? З размовы пра гэты праект з тагачасным рэдактарам «Маладосці» пісьменніцай Раісай Баравіковай і пачынаецца незвычайны красавіцкі нумар.
Калі фантастыка навуковая, то яна ўжо не зусім і фантастыка. Гэта інтуітыўна-мастацкае бачанне будучыні, якое звычайна апярэджвае навуку і мае тэндэнцыю спраўджвацца. Аднак сучасная навука настолькі развітая, што некаторыя яе дасягненні здаюцца фантастычнымі. Што казаць, калі нават школьнікі здзяйсняюць дзёрзкія навуковыя вынаходствы? Прыклад вы пабачыце ў красавіцкай «Маладосці». Пацікаўцеся, як вучань старадарожскай школы, удзельнік спецпраекта БРСМ «100 ідэй для Беларусі» Павел Бацылеў навучыў мабільнік рашаць задачкі па хіміі.
Мастацкая частка жахліва-фантастычнай красавіцкай «Маладосці», несумненна, уразіць чытачоў разгулам фантазіі аўтараў. Аматарам жахаў паказычуць нервы творы аўтараў-дэбютантаў Уладзіславы Гурыновіч, Данііла Жугжды («Эглея») і Кацярыны Мядзведзевай («Спадарыня Трынога»). У аповесці Сяргея Белаяра «Гульня» вусцішныя фантастычныя падзеі ўпісаны ў гістарычны кантэкст вайны 1812 г. Не абышоўся фантастычны маладосцеўскі эксперымент і без касмічнай тэмы. Павандраваць па галактыках вас запрашаюць аўтары Маргарыта Латышкевіч ды Лаўрэн Юрага. Адпачыць ад звышразумнасці касмічных твораў і развеяць нервовае напружанне ад жахаў вам дапаможа іранічна-пазітыўны «Лятучы клегіум» Віктара Лупасіна.
Паэзія чацвёртай «Маладосці» арганічна ўпісалася ў агульную канцэпцыю нумара. Нягледзячы на тое, што фантастыка і жахі — тэрыторыя, як правіла, прозы, «Маладосць» прадстаўляе ўзоры фантастычна-жахлівай лірыкі: выпадак, калі таямнічы змест заключаны ў чароўную паэтычную форму. Прачытайце вершы Маргарыты Латышкевіч, Юліі Анацкі, Касі Глухоўскай, Адама Шостака і зведайце сапраўдную магію слова...
Чацвёртая «Маладосць» гатовая пазнаёміць чытачоў таксама з замежным фантастычным вопытам: творамі Джэніфер Гізбрэхт і Бруса Холанда Роджэрса ў перакладзе на беларускую мову.
Пра, бадай, самага вядомага беларускага міфалагічнага персанажа, Цмока, вы зможаце прачытаць у займальным артыкуле Пятра Васючэнкі «Пра Цмока , яго постаць, дзікасць, паляванне на яго ды пра іншае».
Разбірацца, чаму ж чалавека так вабіць жахлівае і фантастычнае, было б несправядліва без псіхолагаў. Пра тое, чаму нам недастаткова жыццёвай рэальнасці і як навучыцца чараўніцтву ў штодзённасці, чытайце ў артыкуле Святланы Сітнік у рубрыцы «Кампетэнтна».
І апошняе. Як можна беларусам абысціся без Язэпа Драздовіча, калі гаворка ідзе пра фантастыку? Нельга. І гэта відаць ужо па вокладцы чацвёртай «Маладосці»...
Прыемнага вам чытання, сябры! Будзьце маладымі і фантастычнымі!
Тамара Сарачынская.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.