Мае сябры Мікалай і Жанна знаёмыя былі са школы, жылі ў суседніх вёсках, але ж (так здараецца) адно аднаго не бачылі, аж пакуль...
Жанна тады скончыла будаўнічы тэхнікум, і гэту падзею, палічыла, грэх не адзначыць. Як не пасядзець са сваімі сяброўкамі за бутэлькай «шампанскага», а да яго не купіць сваіх любімых цукерак «Восень» і не насмажыць... мойвы? Ну ці ж не банкет, ці ж не смаката?!
Не выключана, што якраз на пах рыбы і прыйшоў Мікалай. Ён тады толькі з войска вярнуўся, уладкаваўся на працу.
Сустрэчы з дзяўчатамі, нейкія заляцанні, а тым больш жаніцьба ў планы яго, вядома ж, не ўваходзілі, але з Жаннай так цікава было разам хадзіць у кіно ды на танцы, так добра любавацца зоркамі...
Не паспелі азірнуцца, як з вуснаў зляцелі словы прызнанняў, як прыйшло цвёрдае рашэнне пабрацца шлюбам.
Час быў сказаць пра гэта бацькам. Але як? Жанне было прасцей: яна вырасла без маці, а бацька, верыла, супраць не будзе.
Куды цяжэйшая размова чакала Міколу, бо маці яго, цётачка Маруся, не магла дачакацца, пакуль яе старэйшы прыйдзе з войска, разлічвала, што потым ён будзе працаваць, стане апранацца ды абжывацца, можа, ёй у чым дапаможа, можа, нейкую капейку адкладзе, а тут...
Сын не ведаў, як падступіцца, як маці сказаць пра жаніцьбу. Вырашыў дзейнічаць моўчкі. Гэта значыць, падысці і працягнуць ёй квіток.
Маці разгарнула яго і ўголас прачытала: «Брак... 1 рубель 87 копеек». Вочы на хлопца падняла: смешныя ж грошы? А сын чамусьці расстроены...
— У цябе непрыемнасці? — спытала ў яго. — Нейкі брак на працы зрабіў? Дык жа штраф невялікі. Сходзіш ды заплаціш...
Ледзь не назаўтра сын і сапраўды «пайшоў ды аплаціў» — пошліну ў сельскі Савет... За рэгістрацыю шлюбу: згулялі маладым вяселле.
Як і варта было чакаць, нялёгка сям'і прыйшлося: былі ў іх і здымныя кватэры, і маленькія дзеці, і хранічнае безграшоўе... Але ж куды больш — падстаў для радасці! Першыя пакупкі, першыя зубкі, першыя словы, пяцёркі...
Жыццё — справа скарацечная. Тыя маладыя ўжо дзецям сваім вяселлі згулялі, унука няньчаць (пакуль аднаго). А цётка Маруся, гледзячы на іх, ніяк не нарадуецца.
Ды і сябе не нахваліць — хапіла ж некалі розуму не ўпарціцца, блаславіць той нечаканы «брак», адобрыць рашэнне сына. Бо яно ж і сапраўды: адна галавешка і ў печы не гарыць, а дзве і ў полі не гаснуць.
Таццяна Раманава,
г. Наваполацк.
Каваль... Дзядзькавага шчасця
У бальніцы паляжыш, чаго не пачуеш!
«Мой старэйшы брат, — расказваў сусед па палаце, — у сярэдзіне пяцідзясятых гадоў паступіў вучыцца на журналіста. «Малайчына!» — хвалілі ўсе.
Сумняваўся ў тым хіба... родны дзядзька. «Ну што ты за прафесію выбраў? — не разумеў ён. — Каму твая пісаніна патрэбна? Лепш бы на каваля вучыцца пайшоў. Вось гэта спецыяльнасць была б!»
Да кавальскай справы — усе пра гэта ведалі — дзядзька ставіўся з асаблівай павагай і здаўна...
А сам ён працаваў у калгасе. Гэта цяпер там усюды помпы, свідравіны, вежы, трубы, а тады яшчэ і электрычнасць не ўсюды была, не кажучы ўжо пра ваду... Вось яе дзядзька і развозіў — у вялізных драўляных бочках на кароўнік, на свінаферму, летам — на агароды расаду паліваць...
Што важна — рабіў ён гэта ў любое надвор'е, адказна, сумленна. Іншы, можа, спазніўся б калі, загуляў ці, крый Божа, запіў, пакінуў каго без вады, ён — ніколі! Пра гэта ж варта ў газеце пісаць?
Вось той пачатковец-журналіст і паспрабаваў — расказаў пра такую штодзённую, будзённую і патрэбную людзям працу.
Раённая газета той артыкул змясціла. І потым ці не ўся акруга яго чытала, абмяркоўвала. Людзі хвалілі пляменніка: маўляў, складна напісаў і праўдзіва.
Дзядзька ў выніку цэлы месяц сябе героем пачуваў! Ды і потым... Той нумар раёнкі ў кішэні вазіў, час ад часу перачытваў. І нават іншым даводзіць стаў, што нейкую матыку ў кузні зрабіць шмат розуму не трэба, а вось людзям пра людзей расказаць і пры гэтым не схлусіць — такое не кожнаму дадзена.
І не ўсіх навучыш».
Валерый Гаўрыш,
г. Чавусы.
Па адзенні сустракаюць...
...Дагэтуль перад вачыма: вёска, клуб, толькі што скончылася кіно. Хлопцы рассунулі па баках крэслы, нясмела зарыпаў гармонік... І тут... Дзверы ліха расчыняюцца — на парозе з'яўляецца Ён... Незнаёмец нейкі? І артыст ну з галавы да ног: шапка ў яго з нейкага дыхтоўнага футра, чаравікі бліскучыя... А паліто як зняў, то мы, дзяўчаты, ледзь зусім не памлелі: касцюм на ім з чорнага бастону, па фігуры, на лацкане інстытуцкі значок, кашуля бялюткая, гальштук. «Што за ён? — адна ў адной пытаемся. — Адкуль зваліўся?», «Да некага прыехаў?».. А ён тым часам чубам трасянуў і... ану да нашых хлапцоў — рукацца. Значыць, яны знаёмыя?
— Вой, дык гэта ж Шурка! — пазнаў і нехта з дзяўчат. — Ну, той, што некалі сабак у санкі запрагаў, помніце? Катаў нас яшчэ...
— Той, якога за розныя выбрыкі з шостага класа турнулі? Не можа быць! — зашушукалі іншыя. — Ён пасля таго яшчэ ў школу прыходзіў — хацеў вярнуцца... А дырэктар упёрся... Дык ён яму на ўрок нейкага дварняка прынёс, сказаў: «Не хочаце вучыць мяне, то вучыце сабаку»...
Гэта, мусіць, апошняй кропляй было, бо неўзабаве ўся Шуркава сям'я некуды з'ехала. Вёска думала, што назусім, а хлопец, бач ты, вырас і вярнуўся! Ды гэтакім фраерам! Дзеўкі так і зыркалі, каб іх на танец запрасіў, каб потым дадому праводзіў. Ён да ўсяго яшчэ і танцаваць навучыўся, складна гаварыць...
Карацей, толькі і размоў у клубе было, што пра госця. Маўляў, бач ты, быў недарэкам, а стаў чалавекам... Ды яшчэ і якім!
Адно бянтэжыла — той ромбік на пінжаку: ну нельга ж за нейкія сем гадоў і чатыры класы сярэдняй школы скончыць, і інстытут? Не з яго гэта розумам...
Сумненні развеяліся хутка, і зрабілі гэта два міліцыянеры. Яны прыехалі ў вёску, зайшлі ў хату не сказаць каб маладой і прыгожай фельчаркі (Шурка да яе чамусьці прыбіўся), забралі госця пад белы ручкі і павялі.
Як высветлілася, увесь свой модны «прыкід» хлопец, мякка кажучы, «пазычыў» у брата дзяўчыны, з якой раней сустракаўся...
Факт, што ў нашу вёску Шурка больш не вярнуўся. Але ж памяць пра сябе пакінуў. Варта некаму разадзецца-расфуфырыцца, людзі абавязкова зазначаць: «Ды ты проста, як Шурка... А міліцыя не «замяце»?
Любоў Чыгрынава,
в. Забалацце, Вілейскі раён.
Не коўдрай адзінай
...У будныя дні народу ў электрычцы мала. Таму не дзіва, што дзве бабы, сеўшы побач, тут жа разгаварыліся. І тэму адразу ж знайшлі — сямейнае жыццё.
«Мой Вася — добры гаспадар, — хвалілася спадарожніца, — і шмат што ўмее, і робіць з ахвотай. Адна бяда з маладосці была, як гарэлкі нап'ецца...
Не, дзякаваць Богу, не чапляўся тады, не сварыўся, не біўся. Але ж нервы паліў, можна сказаць, падчыстую! Ну мяркуйце самі: сядзе на кухні, галаву на стол пакладзе і спіць. Я давай будзіць яго, давай угаворваць, каб у ложак пайшоў... Не слухае! А то возьме і як быццам пагодзіцца — устане, а потым брык на падлогу і ляжыць, спіць нібыта... І прашу яго тады, і злуюся, і цягну... А п'яны ён жа цяжкі, што гліна, з месца не зрушыць!.. Ну што тут будзеш рабіць? Бяру падушку — пад галаву яму неяк падсуну, бяру адну коўдрачку пад бачок, другою зверху накрыю, абаткну, каб хаця ж не замерз. А ён, ведама п'яны, тут жа скіне, раскрыецца... Я зноў накрываць. Ледзь не да ранку над ім прасяджу...
А то, бывала, ён гасцей з хаты праводзіць і знікне. Я на вуліцу тады — гойсаю, плачу, ва ўсе куткі зазірну: няма чалавека, як скрозь зямлю праваліўся!
Адзін раз бачу — сабака на вышкі глядзіць. Я на драбіну — і наверх. Ліхтарыкам пасвяціла — так і ёсць, мой Вася ў сене ляжыць...
Я зноўку яго ўпрошваць, зноў плакаць ды цягнуць...
Стамлюся, зазлуюся, потым кіну, збягу ў хату. І нешта зрабіла б там ці спаць лягла, дык жа назад як магнітам цягне, бо ці мала што з чалавекам... Я ж яго шкадую, люблю... Бяру адну коўдрачку — на гарышча з ёю лезу, бяру другую... Зноў усю ноч не сплю.
І галоўнае — нікому ж не пажалішся, не раскажаш. Свякруха за сына гарой стаіць! Мая мама таксама: маўляў, радуйся, што з такім чалавекам жывеш: не дурны ж, не брыдкі, не гультай...
Успомніла я тады пра ягоную сястру стрыечную. Мудрая такая жанчына. Васю ведае як свае пяць пальцаў.
Усё як ёсць кабеце расказала. А яна мне: «Маладая ты, Вера, дурная. Яму ж, як падап'е, не падушка трэба, не коўдра. Яму тваёй увагі бракуе! Ён толькі выгляд робіць, што на падлозе спіць, а сам кайфуе, што ты над ім калоцішся гэтак, што шкадуеш... Ты іншым разам вось як зрабі. Ляжа ён на кухні? Ну і няхай: можа, у ложку яму горача... Палезе ў сена ці салому? Дык жа не голы — у вопратцы. І ў шапцы... Калі холад прыцісне, вушы завяжа, каб свае не адмерзлі. А прастудзіцца, — таксама не бяда. Можа, яму навукай будзе?..»
Паслухала я жанчыну і думаю: а ну, паспрабую.
Праз нейкі час сабралі мы гасцей, потым дадому праводзілі. Вася трохі дапамог мне посуд прыбраць, а тады, як водзіцца, «з тармазоў»: галаву на стол — і ўжо спіць.
Ну і няхай, думаю, ён жа ў хаце гаспадар: дзе хоча, хай там і сядзіць.
Сама парабіла ўсё і ў спальню пайшла, у ложак...
Толькі прыснула, — чую, ён таксама пад коўдру крадзецца...
І ўсё на гэтым — як адрэзала! Ні ў «хованкі», ні ў «перацягванні» больш ніколі са мной не гуляў. Але ж і я крыху змянілася: за правіла ўзяла гаварыць яму (цвярозаму!), што люблю, што шаную, што ён — самы залаты ў мяне! Ці паверыце, ён ад гэтага яшчэ лепшы зрабіўся!».
...Значыць, продкі нашы слушна прыкмячалі, што рада з людзьмі ніколі не шкодзіць. Калі б не яна, не тая кабета, можа, Вера, мая спадарожніца, і дагэтуль бы коўдрачку Васю насіла.
Валянціна Пабягайла,
г. Ляхавічы.
Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.