Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У. П. наадкрыцці чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў На-цыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання 2 красавіка 2014 года
Паважаныя дэпутаты!
Паважаныя члены ўрада, запрошаныя і журналісты!
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь сёння, 2 красавіка 2014 года, пачынае работу чацвёртая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.
Яе адкрыццю папярэднічала важная грамадска-палітычная падзея — выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, што ў многім расставіла акцэнты ў рабоце Палаты прадстаўнікоў у міжсесійны перыяд. Выбарчая кампанія адбылася ў адпаведнасці з новымі палажэннямі выбарчага заканадаўства, што дало магчымасць зрабіць выбарчы працэс больш празрыстым і дэмакратычным. Выбары прайшлі ў атмасферы ўзаемапавагі, даверу і пры высокай актыўнасці грамадзян.
Сваім удзелам у вырашэнні праблем насельніцтва, актыўнай растлумачальнай работай дэпутаты Палаты прадстаўнікоў дапамаглі надаць выбарчай кампаніі дзелавы, я нават сказаў бы, прагматычны тон. Сустракаючыся з людзьмі — а праведзена больш як 4000 сустрэч з выбаршчыкамі, — яны глыбей змаглі адчуць настрой грамадства. Вывад відавочны — народ падтрымлівае ўладу, якая робіць усё, каб грамадзяне Рэспублікі Беларусь жылі ў паспяховай, камфортнай для пражывання краіне, што дынамічна развіваецца.
У той жа час у людзей выклікае трывогу тое, што сітуацыя ў свеце, каля нашых граніц не становіцца спакайнейшай. Мы не можам быць абыякавымі да падзей ва Украіне. На працягу многіх стагоддзяў беларускі, рускі і ўкраінскі народы звязвалі агульная гісторыя і культура, узаемаразуменне і імкненне да добрасуседскіх адносін, міру і згоды.
І мы ўпэўнены, што гэтыя каштоўнасці і ў далейшым будуць вызначаць развіццё адносін паміж нашымі народамі. Беларускія парламентарыі выказваюць надзею, што падзеі ў брацкай Украіне будуць развівацца ў канструктыўным рэчышчы пры безумоўным захаванні прынцыпаў вяршэнства закону, павагі правоў і інтарэсаў усіх грамадзян краіны.
Паважаныя калегі!
У міжсесійны перыяд дэпутацкім корпусам праведзена вялікая заканатворчая работа. Акрамя пасяджэнняў пастаянных камісій, рабочых груп, праводзіліся выязныя пасяджэнні, круглыя сталы, семінары. Многія пытанні прапрацоўваліся з вучонымі, экспертамі, прадстаўнікамі грамадскасці. Як вынік — да адкрыцця сесіі мы падышлі з салідным пакетам законапраектаў. На сённяшні дзень у парламенцкім партфелі ўжо 80 праектаў, прыняцце якіх, безумоўна, будзе садзейнічаць развіццю эканомікі, забеспячэнню сацыяльнай абароны насельніцтва, удасканаленню судовай сістэмы, умацаванню нацыянальнай бяспекі краіны.
Заканамерна, што асноўны пакет дакументаў прысвечаны вырашэнню надзённых пытанняў эканомікі. Росту дзелавой актыўнасці паслужыць карэкціроўка законаў «Аб гаспадарчых таварыствах», «Аб цэнаўтварэнні». Будзе ўзмоцнены кантроль за натуральнымі манаполіямі, забеспячэннем роўнага доступу да іх паслуг. На парадку дня і актуальныя пытанні развіцця рынку каштоўных папер, яго інтэграцыі ў сусветную фінансавую сістэму.
У сувязі са стварэннем Адзінай эканамічнай прасторы сур'ёзна павялічваецца значнасць транзітнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь. Неабходна аператыўна забяспечыць пераход да адзінай тарыфнай палітыкі, павысіць бяспеку і якасць транспартнага абслугоўвання. На гэта накіраваны законапраект аб чыгуначным транспарце.
Яшчэ адна стратэгічная задача — павышэнне энергаэфектыўнасці эканомікі. У адпаведнасці з распрацаванай Канцэпцыяй энергетычнай бяспекі да 2035 года плануецца зменшыць энергаёмістасць ВУП на 50 працэнтаў. Спатрэбяцца сур'ёзная структурная перабудова ўсяго энергетычнага комплексу, укараненне інавацыйных тэхналогій, метадаў кіравання. Менавіта з такіх пазіцый нам трэба весці работу па ўдасканаленні заканадаўства ў гэтай сферы.
У апошнія гады важнай крыніцай валютных паступленняў у краіну стаў аграпрамысловы комплекс, таму парламенту сумесна з урадам неабходна падрыхтаваць запатрабаваныя часам навацыі, у тым ліку ў пытаннях удасканалення заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя, рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў. Адным з важных вынікаў сесіі павінна стаць прыняцце новай рэдакцыі Воднага кодэкса.
У цэлым мы павінны садзейнічаць выхаду нашай эканомікі на сусветныя стандарты як па вытворчым, так і па экалагічным складальніку.
Адначасова неабходна ўзмацняць сацыяльныя гарантыі грамадзян. У сувязі з гэтым хачу звярнуць вашу ўвагу на законапраекты, накіраваныя на ўдасканаленне працоўных адносін, сацыяльных стандартаў у галіне пенсійнага забеспячэння, устанаўлення пражытачнага мінімуму, мінімальнай заработнай платы.
У многім іх узровень залежыць ад якасці правядзення бюджэтнай палітыкі. У ходзе сесіі ў Палату прадстаўнікоў будуць унесены законапраекты аб выкананні бюджэтаў за мінулы год. Трэба іх уважліва прааналізаваць і на гэтай аснове рыхтаваць канкрэтныя прапановы ў праект бюджэту на 2015 год.
Паважаныя дэпутаты! У ліку нашых пастаянных прыярытэтаў — забеспячэнне абароны суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. На гэта накіраваны праект закона «Аб ваенным становішчы», заканадаўчыя рашэнні па пытаннях пагранічнай бяспекі, праходжання ваеннай службы. Выдзелю таксама праект закона аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе. Можна растлумачыць і рэзананс, выкліканы ім у грамадстве, і наяўнасць розных пазіцый. Важна ў гэтым пытанні прыйсці да адзінага меркавання.
На ўмацаванне грамадскай бяспекі будуць накіраваны меры па барацьбе з легалізацыяй даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаваннем тэрарыстычнай дзейнасці, увядзенне інстытута дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве з падазроным, а таксама аптымізацыя тэрмінаў і дэкрыміналізацыя асобных відаў пакаранняў.
Асабліва адзначу рашэнне Прэзідэнта аб аб'яднанні Вышэйшага гаспадарчага і Вярхоўнага судоў. Яго рэалізацыя запатрабуе істотнага абнаўлення заканадаўства. Паралельна трэба прадаўжаць работу над спрашчэннем судаводства і ўдасканаленнем натарыяльнай дзейнасці.
Ад якасці законаў, нарматыўнай базы залежыць вельмі многае, часта лёс чалавека. У сувязі з гэтым не магу абысці ўвагай праведзеную напярэдадні 20‑годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сустрэчу кіраўніка дзяржавы з суддзямі Канстытуцыйнага суда. Нам неабходна больш актыўна выкарыстоўваць сваё права звароту ў Канстытуцыйны суд. Канстытуцыя — гэта жывы дакумент, з якім трэба пастаянна звяраць увесь прававы масіў, каб кожная норма адпавядала літары і духу Асноўнага Закона.
Паважаныя дэпутаты!
Пераходзячы да пытанняў міжпарламенцкага супрацоўніцтва, адзначу ўдзел дэлегацыі парламента Беларусі ў 130‑й Асамблеі Міжпарламенцкага саюза. Дэлегацыя Нацыянальнага сходу агучыла пазіцыю нашай краіны па такіх глабальных праблемах, як прыхільнасць да ідэалаў міру і дэмакратыі. Фармат гэтага аўтарытэтнага мерапрыемства быў таксама выкарыстаны для ўмацавання дружалюбных сувязяў з парламентамі Бангладэш, Бразіліі, Венесуэлы, Камбоджы, Кубы, Малайзіі, Нікарагуа, Эквадора, ПАР, Эканамічнага супольніцтва краін Заходняй Афрыкі, Лацінаамерыканскага парламента.
Актыўны ўдзел беларускія парламентарыі прынялі ў рабоце зімовай сесіі ПА АБСЕ. Наша дэлегацыя данесла да замежных калег пазіцыю Рэспублікі Беларусь па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня, падкрэсліўшы, што мы зацікаўлены ў наладжванні поўнафарматнага ўзаемадзеяння з еўрапейскімі структурамі на раўнапраўнай аснове, без палітычнага дыктату і ўмяшання ва ўнутраныя справы.
Паважаныя калегі!
У перыяд сесіі нам трэба рэалізаваць насычаную міжнародную праграму, лейтматывам якой павінна стаць падтрыманне нацыянальных інтарэсаў, перш за ўсё эканамічных, за мяжой.
Ключавой з'яўляецца работа ў створаных на постсавецкай прасторы парламенцкіх структурах. Ужо ў бліжэйшыя дні ў г. Санкт-Пецярбургу пройдуць мерапрыемствы міжпарламенцкіх асамблей СНД і ЕўрАзЭС, Парламенцкай Асамблеі АДКБ.
Беларускі бок адказвае за падрыхтоўку і правядзенне 46‑й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Плануецца, што яна пройдзе ў чэрвені гэтага года ў г. Брэсце. І трэба зрабіць усё, каб парадак дня быў насычаным, а сесія прайшла арганізавана і самае галоўнае — плённа.
Асаблівая ўвага будзе ўдзелена паўднёва-ўсходняму вектару, дзе мы не толькі дабіліся ўмацавання сувязяў з АСЕАН, але і выйшлі на канкрэтнае супрацоўніцтва з дзяржавамі — удзельніцамі гэтай арганізацыі. Неабходна прадоўжыць практычную рэалізацыю дамоўленасцяў, дасягнутых у ходзе візітаў у нашу краіну прэзідэнтаў Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі і Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка, а таксама далейшае развіццё кантактаў з краінамі Лацінскай Амерыкі.
Канструктыўна будзе развівацца ўзаемадзеянне і ў рамках вядучых міжнародных парламенцкіх арганізацый, такіх як ПА АБСЕ, Парламенцкая структура Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы, Парламенцкая асамблея Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва, Міжпарламенцкая асамблея праваслаўя.
Закранаючы тэмы двухбаковых адносін, нагадаю, што чакаюцца афіцыйныя візіты ў Рэспубліку Беларусь парламенцкіх дэлегацый Брунэя, Ірана, Лаоса, Малайзіі, М'янмы, Фінляндыі, Эстоніі, Эквадора і іншых дзяржаў. Прапрацоўваюцца таксама візіты беларускіх дэлегацый у В'етнам, Грузію, Казахстан, Туркменістан, Шры-Ланку.
Паважаныя дэпутаты!
Найважнейшай падзеяй у перыяд сесіі стане зварот Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі з Пасланнем да беларускага народа і парламента, у якім будуць абазначаны прыярытэты ўнутранай і знешняй палітыкі. Нам, парламентарыям, як і прадстаўнікам іншых галін улады, неабходна прыкласці максімум намаганняў для таго, каб пастаўленыя кіраўніком дзяржавы задачы былі паспяхова вырашаны.
Наперадзе ў жыцці краіны яшчэ дзве знакавыя падзеі — святкаванне 70‑годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама правядзенне ў г. Мінску чэмпіянату свету па хакеі. Неабходна задзейнічаць усе нашы магчымасці як у прафесійным, так і ў грамадска-палітычным плане, асаблівую ўвагу ўдзяліць рабоце з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і гасцямі чэмпіянату — увогуле, зрабіць усё для таго, каб гэтыя важныя для краіны мерапрыемствы прайшлі на самым дастойным узроўні.
Паважаныя калегі!
Сёння мы адзначаем Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. У гэтым годзе спаўняецца 15 гадоў з дня падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Урачыстасці праходзяць у многіх гарадах дзвюх краін. Традыцыйна парламенцкія дэлегацыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ўдзельнічаюць у святкаванні гэтай знамянальнай даты ў сталіцах нашых дзяржаў.
Шчыра віншую ўсіх вас са святам, жадаю шчасця, здароўя і поспехаў у працы на карысць нашых народаў.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».