Рэалізацыя маку— выключнае права дзяржавы
У першы дзень работы сесіі дэпутаты прынялі да ведама дэкрэт № 1 ад 14 студзеня 2014 года «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага рэгулявання абарачэння насення маку». Пра неабходнасць прыняцця гэтага дакумента парламентарыям расказаў Міністр унутраных спраў Беларусі Ігар ШУНЕВІЧ.
У 2005 годзе ў Міністэрства ўнутраных спраў стала паступаць інфармацыя пра тое, што нарказалежныя асобы асвоілі тэхналогію вырабу ў хатніх умовах опію з насення маку, якое на той момант знаходзілася ў свабодным абарачэнні, мела высокую даступнасць і нізкую цану. З‑за таго, што кошт вырабленага з насення маку наркотыку быў у дзясяткі разоў ніжэйшым за кошт 1 грама гераіну, гэты спосаб вырабу опію хутка распаўсюдзіўся па ўсёй тэрыторыі Беларусі. У сувязі з гэтым цана 1 кілаграма маку на рынках на працягу аднаго года вырасла з 1,5 да 40 долараў ЗША, а на канец 2013 года стала даходзіць да $100.
Па звестках наркалагічнай службы Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у 2013 годзе ў краіне амаль 70% улічаных наркаспажыўцоў ужывалі опійныя наркотыкі, у Мінску — амаль 80%. Аб'ём канфіскаванага опію складаў да 70% ад агульнай масы ўсіх адабраных работнікамі міліцыі псіхаактыўных рэчываў. Адначасова рэзка вырас імпарт насення маку, які даходзіў у апошнія гады да 1 тысячы тон, у той час як патрэбы ўсёй хлеба-пякарнай прамысловасці краіны складаюць не больш за 200 тон. Гэта значыць, каля 800 тон насення маку штогод ішло на рынак наркаспажыўцам.
— З мэтай супрацьдзеяння распаўсюджвання гэтай тэхналогіі вырабу опію па ініцыятыве МУС на працягу некалькіх гадоў прымаліся меры заканадаўчага характару: змяняліся правілы гандлю, уводзіліся новыя стандарты харчовага маку. Але не ўсе нашы заканадаўчыя ініцыятывы былі прыняты, — паведаміў дэпутатам міністр унутраных спраў. — У 2011 годзе адбылася міжведамасная нарада па пытаннях кантролю за перамяшчэннем маку на тэрыторыі Беларусі, адным з яе вынікаў стала прыняцце адпаведнай пастановы і змянення ў дзяржаўны стандарт. Гэта дазволіла эфектыўна супрацьстаяць увозу забруджанага макавай саломай насення маку праз заходнія і паўночныя межы краіны. Аднак пасля ўступлення Беларусі ў Мытны саюз, які практычна сцёр межы Беларусі з усходу, рэзка павялічыўся прыток насення маку з Расіі і Казахстана.
У сувязі з гэтым летась і быў распрацаваны адпаведны дэкрэт, у адпаведнасці з якім за дзяржавай замацавана выключнае права на ажыццяўленне аптовага гандлю насеннем маку, які рэалізуецца юрыдычнымі асобамі, згодна з пералікам, які вызначае Савет Міністраў. Улічваючы, што дэкрэт мае часовае дзеянне, МУС рыхтуе праект адпаведнага закона.
Дэкрэт дазволіў узяць пад жорсткі кантроль усе стадыі абарачэння насення маку: з моманту яго ўвозу ў краіну да спажывання, пры гэтым інтарэсы законапаслухмяных грамадзян не закрануты, запэўніў народных абраннікаў Ігар Шуневіч.
Дэпутат ад Дняпроўска-Бугскай выбарчай акругі № 10 Юрый ДАРАГАКУПЕЦ
папрасіў міністра больш канкрэтна распавесці пра вынікі Дзеяння дэкрэта № 1 ад 14 студзеня 2014 года. За два месяцы дзеяння дэкрэта было складзена больш за 30 пратаколаў аб адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў абарачэння насення маку на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым было канфіскавана каля 40 тон макавага насення, што складае 83% ад усяго аб'ёму адабранага міліцыяй маку за ўвесь мінулы год. За гэты час, згодна з новымі нормамі, былі канфіскаваны 4 аўтамабілі.
На пытанне дэпутата ад Матусевіцкай акругі № 103 (г. Мінск) Валянціны ЖУРАЎСКАЙ пра тое, як на з'яўленне дэкрэта адрэагаваў наркаспажывецкі рынак, Ігар Шуневіч адказаў: «Кан'юнктура рынку змянілася вельмі хутка. Калі летась доля опійных наркотыкаў складала 70% ад агульнага аб'ёму канфіскаваных рэчываў, то цяпер — каля 10».
Дэпутат ад Стаўбцоўскай акругі № 70 (Мінская вобласць) Мікалай ІВАНЧАНКА пацікавіўся думкай міністра наконт праверкі школьнікаў і моладзі на прадмет ужывання наркотыкаў. На гэта Ігар Шуневіч заўважыў, што такая праверка можа вызначыць вялікую колькасць спажыўцоў псіхаактыўных рэчываў сярод дзяцей з добрых сем'яў. «Калі заканадаўца ўвядзе такую норму, мы будзем яе выконваць», — сказаў міністр.
— МУС вельмі аператыўна рэагуе на з'яўленне новых наркотыкаў, новых іх формул, і, як ніхто больш на постсавецкай прасторы, хутка ўносіць у спісы забароненых прэпаратаў, — паведаміў міністр журналістам. — Што датычыць спайсаў і тых выпадкаў гібелі маладых людзей, якія здарыліся ў апошнія месяцы, то, з пункту погляду абывацеля, мы, безумоўна, спазніліся і не змаглі прадухіліць трагедыі. Але цяпер канал гандлю знішчаны, падазроныя арыштаваныя, вялікая партыя псіхаактыўных рэчываў і іх кампанентаў канфіскавана, і вы бачыце, што гібель людзей спынілася. Мы атрымалі пэўныя ўрокі з гэтай сітуацыі, каб наперад рэагаваць больш аператыўна.
Сацыяльны пакет
Сярод законапраектаў сацыяльнага блока дэпутаты ў першы дзень вясновай сесіі разгледзелі ў двух чытаннях папраўкі ў некаторыя законы, якія датычацца мінімальнай заработнай платы.
Праект закона прадугледжвае, што ўрад будзе штогод з 1 студзеня вызначаць толькі памер месячнай мінімальнай зарплаты. Памер пагадзіннай «мінімалкі» трэба будзе вызначаць разліковым шляхам для розных катэгорый працаўнікоў, зыходзячы з памеру мінімальнай месячнай заработнай платы.
Акрамя таго, сёння ў першым чытанні прыняты папраўкі па пытаннях пенсійнага забеспячэння. Законапраект быў падрыхтаваны дзеля выканання Указа ад 3 верасня 2013 года № 389, які павялічвае мінімальны стаж працы з выплатай абавязковых страхавых пенсійных унёскаў у Фонд сацабароны для прызначэння пенсій па ўзросце, за выслугу гадоў. Гэты мінімальны стаж павышаны з 5 да 10 гадоў.
Адказваючы на пытанне дэпутата Уладзіміра Базанава (Брэсцкая-Памежная акруга № 4), міністр працы і сацабароны Марыяна Шчоткіна адзначыла: «Мы цяпер працуем над тым, каб павялічыць значнасць працягласці працы, каб памер пенсіі залежаў ад працягласці працы і выплаты страхавых узносаў». Пры гэтым яна паведаміла, што сярод наяўных цяпер 52 тыс. вакансій больш за 60% прапануюць зарплаты Br2–3 млн.
Таксама міністр, адказваючы на пытанне дэпутата Дзмітрыя ХАРЫТОНЧЫКА (Жодзінская акруга № 64), паведаміла, што, па звестках за люты, па краіне 71 арганізацыя выплачвала зарплаты, меншыя за Br2 млн. У гэтых арганізацыях занята каля 12 тыс. працаўнікоў.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.