Вы тут

Гадкія гаджэты


“Чаму ён не тэлефануе? Няхай ён патэлефануе... Можа, ён нумар няправільна запісаў? Не, я сама яму тэлефон запісала. А ён абяцаў з раніцы патэлефанаваць», — гэтыя думкі закаханай дзяўчыны з фільма «Госця з будучыні» героям нават няёмка было падслухоўваць.

А мне робіцца няёмка за некаторых бацькоў, калі бачу, як яны часам выкарыстоўваюць сучасныя прылады. «Чаму ты не брала трубку?! — крычыць на ўсю вуліцу знаёмая на дачку-другакласніцу. — Я пяць разоў табе тэлефанавала! Пяць! Кожную хвіліну! Дзе ты была? У прыбіральні? Ну і што? Цяжка было тэлефон узяць?» Так і карціць пацікавіцца ў нервовай мамы, як яна сабе гэта ўяўляе. А яшчэ больш хочацца «выключыцца» і наогул не чуць гэтай размовы. Але, на жаль, яшчэ не вынайшлі такога міелафона...

6-12

У другой мамы свая праблема сусветнага маштабу: сынок упершыню пайшоў у дзіцячы садок. Вось ужо тыдзень ходзіць, на некалькі гадзін усяго, а ў яе сэрца не на месцы. Не знайшла нічога лепшага, як кожныя паўгадзіны (па гадзінніку!) тэлефанаваць выхавальніцы з адным пытаннем: «Там мой Дзяніска не плача?» Цікаўлюся: «І што, калі плача — ты пабяжыш тэрмінова ў групу забіраць яго?» — «Пабягу, — адказвае, — а як інакш?». І вельмі здзіўляецца, што выхавальніца, мякка кажучы, незадаволена, што псіхолаг і загадчыца садка праводзяць з ёй прафілактычныя размовы.

Многія з нас схільныя абвінавачваць юнае пакаленне ў інфантылізме, несамастойнасці, непрыстасаванасці да жыцця. І насамрэч часта нават падлеткі нічога самі зрабіць не могуць, не параіўшыся з мамай па тэлефоне. Але хто ў гэтым вінаваты? Дзеці? Тэлефоны, якія літаральна ў кожнага пад рукой? Альбо ўсё ж мы самі, бацькі, якія набываюць гэтыя гаджэты — мабільнікі, смартфоны, планшэты, прывучаюць імі карыстацца ў любы зручны ці нязручны момант і з мэтай «кантролю сітуацыі» тэлефануюць 5-6 разоў на дзень?

...Мая малодшая сястра дагэтуль памятае мамін працоўны нумар — яго тая з нас, хто першай прыходзіла са школы, павінна была набраць і распавесці, што дома ўсё ў парадку, суп з халадзільніка дасталі, катлеты пагрэлі, усе паелі; а потым пыталася, ці можна цяпер гадзінку пагуляць. Як правіла, мама дазваляла. І больш да наступнага вечара ніхто нікому не тэлефанаваў. Можа, цяперашнім — нашым — дзецям не хапае якраз гэтага, каб мы крыху больш ім давяралі, трошкі паслабілі навязлівы кантроль і выхоўвалі ў іх самастойнасць?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».