У Нясвіжы ёсць вуліца з такой простай і блізкай назвай: Агародняя. Каля аднаго з дамоў на вяровачцы сушыцца дзіцячае адзенне і некалькі пар красовак на шнурках. Відаць, тут жыве некалькі хлопчыкаў. І сапраўды, у сям'і Дзямідавых іх чацвёра: Дзіма, Данііл, Яўген, Андрэй — і яшчэ сястрычка Карына.
Я пазнаёмілася з мамай мнагадзетнага сямейства: Святлана Дзямідава ніяк не адпавядае свайму статусу, бо дзявочая постаць, юнацкія іскрынкі ў вачах, чысты і свежы твар нагадваюць юную дзяўчыну. Натуральна, спытала, колькі ёй гадоў.
— Трыццаць, — усміхаецца.
— Проста не верыцца, што ў вас — пяцёра дзяцей!
— Я ў сямнаццаць гадоў выйшла замуж. У маёй мамы нас было трое, а бацька памёр рана, і я дапамагала гадаваць малодшага браціка, рабіла ўсё па гаспадарцы, набывала вопыт свайго будучага сямейнага жыцця.
Відаць, таму і не страшна было Святлане займець пяцёра дзяцей. А яшчэ сагравалі любоў і падтрымка любімага мужа Мікалая. Пазнаёміліся маладыя людзі выпадкова, дзякуючы сябрам (дарэчы, жылі яны тады ў Архангельску). Хлопец як убачыў яе, літаральна з першага погляду і вырашыў: «Гэта мой лёс». На спатканнях Коля іграў на гітары, жартаваў — так хацеў спадабацца. Святлана адказала на пачуцці, і неўзабаве маладыя пабраліся шлюбам. Потым нарадзіўся іх першынец Дзімка. А далей жыццё склалася так, што пераехалі ў Нясвіж, бо тут жыў бацька Мікалая. У 2000-м прыехалі пагасціць, а праз год перабраліся ў прыгожы, зялёны райцэнтр.
— Нам так падабаецца тут, — гаворыць Святлана. — І месцы маляўнічыя, і цёпла, і азёры навокал — словам, усё. Наогул, я палюбіла Беларусь. Гэта цудоўная краіна, а людзі якія працавітыя! Мы жывём у доме Колевага бацькі, рамантуем яго, пашыраем, бо сям'я ж вялікая. Муж пасадзіў маліну каля дома. Нядаўна пасадзілі яблыні і вішні. Агарод буду засяваць, каб мець сваё. Папаўняем запасы ў мясцовых лясах, куды ездзім у ягады і грыбы. Купляем яблыкі і сушым. Нарыхтоўваем бярозавы сок — сёлета ўжо маем 200 літраў.
— Святлана, на мой погляд, вы — мужная жанчына. Мець пяцёра дзяцей — не кожнаму пад сілу.
— Ну, я не лічу гэта мужнасцю. Проста ўпэўнена, што дзеці — дар Божы. І колькі мне дадзена, будзем гадаваць. Я ўжо не ўяўляю іншай сям'і. Гэта мая радасць, шчасце, мой добры лёс.
Як спраўляецца мама з бытавымі цяжкасцямі?
— А іх няма, — весела адказвае Святлана. — Нас многа, і кожны мае свае абавязкі. Старэйшыя дзеці глядзяць малодшых, прыбіраюць у хаце, посуд мыюць, усё, што трэба. Пральная машына выручае.
Старэйшы сын Дзямідавых, Дзіма, важна дадае пра свой уклад у агульныя справы: «Я гляджу сваіх брацікаў і сястрычку, дапамагаю маме: мыю посуд, падлогу, бульбу абіраю. А яшчэ вучуся рабіць лаўкі ў гуртку па дрэве». Значыць, расце мужчына, які не цураецца і хатняй работы. Пэўна, будзе камусьці добры муж, бо ў вялікай сям'і закладваюцца правільныя асновы. Другі сынок, Данііл, не забываецца спытаць дазволу пайсці куды ці што ўзяць (цукеркі, пячэнне) — каб і іншым хапіла. 7-гадовы Жэня вельмі любіць важдацца з бацькавымі інструментамі ў гаражы, падносіць патрэбнае пры рамонце машыны, цікавіцца, як працуюць механізмы. Пяцігадовы Андрэйка таксама адгукаецца на любую маміну просьбу: і ложак сам засцілае, і цацкі збірае.
«Гэта ж у Бібліі сказана: «Навучай юнага ў пачатку шляху яго», — прыгадвае Святлана. — Па вялікім рахунку, інакш і нельга, бо тое, што закладзена ў дзяцінстве, спатрэбіцца ў дарослым жыцці». А яно, як вядома, складанае і нялёгкае. Дарэчы, як у матэрыяльным плане жывецца шматдзетнай сям'і?
— Маем усё неабходнае. Муж працуе індывідуальным прадпрымальнікам, заняты цэлы дзень да вечара, але заробкі нядрэнныя. Я працую ў Нясвіжскім раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, але пакуль у дэкрэце, атрымліваю на маленькую Карыну (ёй паўтара года) больш як 2 мільёны рублёў. Нашы тры школьнікі харчуюцца бясплатна, за дзіцячы садок плацім 50 працэнтаў. Да 1 верасня даюць невялікую дапамогу і падручнікі. Стараемся, каб у дзіцячым рацыёне пастаянна была садавіна. Не абыходзіцца і без цукерак — а як жа? Выпякаю пячэнне ці торцікі, люблю пабалаваць сям'ю. У нас традыцыя — адзначаць дні нараджэння так, каб кожнаму запомнілася: з шарыкамі, кветкамі, смачнай выпечкай. Мужу на 35 гадоў дзеці напісалі вялікімі літарамі віншаванне і прызнанне: «Мы цябе любім», а па доме развесілі рознакаляровыя шарыкі. Калі Мікалай прыехаў з работы і ўбачыў усё гэта, ён так узрадаваўся! А нядаўна мне Жэня прынёс першую вясновую кветку. Наогул, мае хлопчыкі любяць дарыць мне кветкі. Магчыма, ад мужа пераймаюць. Ён на святы ці проста ў будны дзень можа ўручыць букет.
«Мужу на 35 гадоў дзеці напісалі вялікімі літарамі віншаванне і прызнанне: «Мы цябе любім», а па доме развесілі рознакаляровыя шарыкі».
— Ну, а хто галоўны ў сям'і?
— Муж. Я лічу, ён павінен быць першым, як мужчына і гаспадар. Не згодна з феміністкамі, што жанчыне трэба кіраваць. Магчыма, дзесьці на рабоце і трэба, а на сямейным «фронце» перавага аддаецца мужчыну. Я прыслухоўваюся да яго думкі, а ён — да маёй, усе спрэчныя пытанні вырашаем мірным шляхам. Калі паспрачаемся (у жыцці ўсё бывае), то каб дзеці не чулі. А яны ў нас прывучаны да дысцыпліны. Добра, што не цягнуцца хлопцы мае да камп'ютара, як многія іх аднагодкі праводзяць за ім шмат часу. Вядома, у свой час навучацца і яны, але без урону для вучобы ці дамашніх спраў. Я рада, што Дзіма займаецца ў баскетбольнай секцыі і ў музычнай школе, іграе на дом-
ры і гітары. Малодшы Данііл вучыцца ў дзіцячай школе мастацтваў, добра малюе.
«Не згодна з феміністкамі, што жанчыне трэба кіраваць. Магчыма, дзесьці на рабоце і трэба, а на сямейным «фронце» перавага аддаецца мужчыну».
Між іншым, мастацкія здольнасці перадаліся Даніку ад мамы. У кухні Дзямідавых вісіць незвычайнае пано: кубак кавы на талерачцы і дымок ад яе. Я не здагадалася, з чаго яно зроблена. Калі гаспадыня зняла яго і паказала, аказалася, што матэрыялам сталі зярняткі кавы, прымацаваныя гарачым клеем. Атрымалася арыгінальна і прыгожа.
Яшчэ адзін выраб, таксама з кавы — кубак, абматаны льнянымі ніткамі, а з яго струменяцца зярняткі. Святлана марыць пра швейную машыну (муж абяцаў падарыць), каб самой зашываць ці падкладваць што трэба. Кажа, што ўсяму можна навучыцца, калі ёсць жаданне і патрэба.
...Літаральна ў сакавіку ў Нясвіжскім палацы Радзівілаў намеснік старшыні абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі ўручыў 17 прадстаўніцам Міншчыны ордэны Маці і грашовыя прэміі. Ад Нясвіжскага раёна ўзнагароду атрымала Святлана Мікалаеўна Дзямідава, мама пяцярых слаўных дзетак. Яна прызнаецца: маўляў, так хвалявалася, што ледзь заўважыла прыгажосць палацавых залаў, па якіх для ардэнаносных маці наладзілі экскурсію...
Раіса ХВІР.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.