Трэці год на тэлеканале АНТ існуе рубрыка «У вас будзе дзіця». Кожны тыдзень беларускім гледачам расійскай праграмы «Пакуль усе дома» паказваюць сюжэты пра дзяцей, якія чакаюць усынаўлення. Дзякуючы праграме свае новыя сем'і знайшлі больш за 40 дзяцей. Да праекта далучылася і наша газета.
Двухгадовая Алеся жыве ў Барысаўскім доме дзіцяці, хоць у яе няма статусу сіраты, бо бацькі жывыя. Такія дзеці таксама маюць патрэбу ў бацькоўскім клопаце і чакаюць тату з мамай. Для іх ёсць спецыяльныя формы сямейнага ўладкавання — прыёмная сям'я і апека.
Святлана ЗІМАГЛЯД, выхавацель:
— Алеся — дзяўчынка актыўная, дапытлівая. Яна — жыўчык, не сядзіць на месцы, любіць рухавыя гульні, заняткі на трэнажоры. Часам мы самі не паспяваем за ёю. Алеся рана пачала хадзіць і добра развіваецца фізічна. Гэта дзяўчынка з характарам. Не адразу ідзе на кантакт з дарослымі — спачатку прыглядаецца, імкнецца атрымаць адабрэнне.
Святлана ДЗЯТКО, галоўны ўрач:
— У дамах дзіцяці ёсць выхаванцы, якія па пэўных прычынах не могуць быць усыноўленымі. Іх бацькі маюць захворванні, якія перашкаджаюць выкананню бацькоўскіх абавязкаў. Такія дзеці да 18 гадоў вымушаны жыць у інтэрнатных установах, таму прыёмная сям'я або апека будуць для іх проста знаходкай.
Паглядзіце на Алесю: ёй усяго 2 годзікі, а яна ўжо шмат чаго ўмее і ведае. За час жыцця ў доме дзіцяці яе ніхто не наведваў і ніхто ёю не цікавіўся. Я шчыра хачу, каб у Алесі было сапраўднае дзяцінства ў сям'і, каб яна расла ў любові, пяшчоце і клопаце блізкіх людзей. Гэта будзе ўдзячнае дзіця.
Каб больш даведацца пра Алесю, пазваніце па нумары (8 017) 284 71 51. Гэта нумар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Падрыхтавала
Святлана БАРЫСЕНКА.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.