Вы тут

Яе дасягненні


Чэмпіёнка свету па паўэрліфтынгу галоўным сваім «рэкордам» лічыць дачку

Спорт можа быць прасторай для дасягненняў, памочнікам у лячэнні хвароб ці проста карыснай звычкай па жыцці. Анжэла Геут, шматразовая чэмпіёнка свету і Беларусі па паўэрліфтынгу, а сёння гаспадыня і трэнер фітнес-клуба, сумясціла ўсе названыя варыянты.

Прадмовай да перамог у паўэрліфтынгу (сілавы від спорту, пераадоленне супраціўлення максімальна цяжкай для спартсмена вагі. — Аўт.) былі заняткі бальнымі танцамі і ў секцыі па самба і дзюдо. Поспех спадарожнічаў усюды: на ўсесаюзным конкурсе бальных танцаў было 4-е месца, на спаборніцтвах па самба такое ж — 5-е, але...

3-13

— Неяк сустрэла падчас адной з паездак на спаборніцтвы дзяўчыну, якая сказала: «Усё аддала б, каб нарадзіць». І вырашыла для сябе, што спачатку стану маці, а потым ужо буду працягваць займацца спартыўнай кар'ерай, — успамінае Анжэла.

Перамогі, медалі засталіся ў планах, а пакуль галоўнай мэтай стала мацярынства. Відаць, гэта быў правільны выбар, бо менавіта пасля нараджэння маленькай Таццяны ўзяў пачатак сённяшні сцэнарый. Дачка, дарэчы, цяпер таксама фітнес-трэнер, а маці менавіта яе, а не рэкорды лічыць галоўным сваім дасягненнем.

Мама са штангай

...З жаданнем прывесці сябе ў форму яна пайшла ў трэнажорную залу і... выціснула штангу ў 45 кілаграмаў. Калі тое заўважыў трэнер, прапанаваў узяць удзел у спаборніцтвах па паўэрліфтынгу. Без трэніровак і без падрыхтоўкі. (Што там пра каня і палаючую хату?)

— Я паехала і вярнулася з медалём чэмпіянату Беларусі. Пасля пачала наведваць трэніроўкі. Праз некалькі гадоў заваявала першае «серабро» на чэмпіянаце Еўропы. А там пайшлі спаборніцтвы два разы ў год — чэмпіянаты Еўропы, свету. Плюс двойчы ў год выступала на Беларусі, дзе заваявала 60 медалёў.

З часам любоў да спорту перарасла ў жаданне заснаваць сваю справу.

— Было шмат траўмаў і праблем са здароўем, і на трэнерскую працу ісці не хацелася, — тлумачыць Анжэла змену «курсу». — Пасля чэмпіянату свету вырашыла завяршыць спартыўную кар'еру. Пачала займацца фітнесам. Веды і практыка ў гэтай сферы былі.

Сёння фітнес-клуб існуе ўжо сёмы год, а сваіх кліентаў Анжэла ведае не толькі па імені — яна ў курсе, чым жыве кожны з іх.

Мэты і мары

Анжэла аддала трэніроўкам 17 гадоў жыцця, і сёння працуе з 8 раніцы да 11 вечара. Нават абсталявала сабе ў клубе пакой, дзе можна застацца на ноч. На пытанне, чаму жанчыны выбіраюць такі «нежаночы» від спорту, зазначае:

КАРТИНКА— Відаць, усё залежыць ад мэты. У мяне такая была — выйграць чэмпіянат свету. Для бальных танцаў я была маленькага росту, а на той час былі папулярнымі высокія ўдзельнікі. На самба і дзюдо амаль адбіла сабе ныркі, займела праблемы са здароўем. Тады я займалася яшчэ штангай, але толькі на пачатковым узроўні. З улікам праблем з ныркамі мне наогул забаранілі цяжкае падымаць. Пачала качаць прэс. І праз гадоў дзесяць паправіла здароўе — здараюцца выпадкі, калі чалавек вылечвае сябе сам. Урачы былі здзіўлены.

«На самба і дзюдо амаль адбіла сабе ныркі, займела праблемы са здароўем. Тады я займалася яшчэ штангай, але толькі на пачатковым узроўні».

Выходзіць, формула «У здаровым целе — здаровы дух» здольная дзейнічаць і ў адваротным парадку, змяняючы жыццё. А дадайце сюды баявы характар з дзяцінства — тады дакладна будзе зразумела, чым абумоўлены поспехі. Бо калі Анжэла задумвала нешта, то яе складана было спыніць: магла і на страху залезці, і братоў «паганяць». Сёння яна кажа, што не адчувае свайго ўзросту...

З якой мэтай прыходзяць у фітнес-клуб людзі — па здароўе, за кампанію ці проста таму, што модна?

— Галоўная прычына, напэўна, клопат пра ўласнае здароўе: праблемы са спінай, паставай. Пасля пераломаў прыходзілі дзяўчаты. Нехта хоча пахудзець і палепшыць самаадчуванне. Былі выпадкі, калі худзелі на 30 і на 49 кілаграмаў, — дзеліцца трэнер. — Я магу па знешніх прыкметах зразумець, з чым прыйшоў да нас чалавек. І ўжо адразу ведаю, як дапамагчы.

Бывае, гадамі людзі (напрыклад, з Брэста) на выхадныя прыязджаюць на трэніроўку. Ёсць тыя, для каго на першым плане — модныя тэндэнцыі: і тады ўжо назіраецца пагоня за трэндамі, казыранне брэндамі і ўсё астатняе. Але найперш збіраюцца людзі, якія з'яўляюцца прыхільнікамі здаровага ладу жыцця і шукаюць сяброўскую кампанію. Нехта прыедзе на гадзіну раней да пачатку трэніроўкі — пагаворыць з намі, папрацуе над сабой, яшчэ пагаворыць — лічы, жыццё ўдалося!

З чаго пачаць?

Калі прыходзіць чалавек з праблемамі з сэрцам, трэба ўлічваць, што яму рабіць нельга. Такім кліентам падыдуць дыхальныя практыкаванні, пілатэс, ёга. Можна займацца практыкаваннямі на выцягванне, скандынаўскай хадзьбой альбо хадзьбой на дарожцы. Усё без перанапружання.

Хочаце пахудзець і пры гэтым стан здароўя дазваляе — звярніце ўвагу на аквааэробіку альбо стрып-пластыку. Тут нават пытанне ўзросту вельмі адноснае, бо можна і ў 70 гадоў даць фору многім маладым.

На першых трэніроўках лепш не перагружайце свой арганізм. З часам самі зразумееце, які тэмп вам больш падыходзіць.

Бег варта пачынаць з дзесяці хвілін і павялічваць час паціху, бо ідзе нагрузка на суставы і звязкі. Калі ж адразу пабегаеце на працягу гадзіны, то на наступны дзень не выключана, што і хадзіць не зможаце. Наогул паказчык працягласці трэніроўкі — індывідуальны. Напрыклад, у пілатэсе і аквааэробіцы ўсё спакойна праходзіць, а ёсць віды трэніровак, якія будуюцца на дынаміцы практыкаванняў, — там пачынаць трэба дастаткова акуратна.

Трэніравацца раніцай альбо вечарам — выключна справа густу і біялагічных рытмаў. Што вам больш даспадобы — тое і выбірайце.

Дзе лепш займацца — дома ці ў зале? Анжэла раіць: «Важна спачатку навучыцца правільна рабіць практыкаванні, а калі ўменне будзе даведзена да аўтаматызму, то спакойна можна трэніравацца і дома. Праўда, па маіх назіраннях, для хатніх трэніровак патрэбен моцны характар. У зале спрацоўвае эфект спаборніцтва, а дома стаміўся і пакінуў, альбо нешта ўвагу адцягнула... Купляюць некаторыя бегавыя дарожкі, а тыя становяцца дарагімі вешалкамі для адзення».

 

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Жыллё

У Мінскім раёне адкрылі новы арэндны дом

У Мінскім раёне адкрылі новы арэндны дом

Новы год — у новай кватэры.

Грамадства

Шлях да сэрца вандроўніка ляжыць праз страўнік

Шлях да сэрца вандроўніка ляжыць праз страўнік

Як развіваецца гастратурызм у Беларусі?

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.