Алена Мікалаеўна Волчак — настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 г. Скідзеля Гродзенскага раёна, а яшчэ класны кіраўнік 8 «Б» класа — сваю гісторыю пачала здалёк. «Летась у мой «англамоўны» клас прыйшлі 2 новенькія дзяўчынкі з вясковай школы, дзе яны вывучалі нямецкую мову. Гэтыя дзяўчаты добра чытаюць і размаўляюць па-нямецку, — піша чытачка. — У сувязі з гэтым мне ўспомніліся падзеі амаль трыццацігадовай даўніны. Калі я вучылася на трэцім курсе БДУ імя У. І. Леніна, ва ўніверсітэт на вучобу прыехалі студэнты з Германіі. Мы разам былі і на лекцыях, і бавілі вольны час. Асабліва госці любілі бываць у магазіне «Рамонак», дзе прадаваўся бела-ружовы зефір. Ён ім быў вельмі даспадобы».
А ў хуткім часе ўжо беларускія студэнты па абмене паехалі вучыцца ў Германію, у Енскі ўніверсітэт імя Ф. Шылера. Як водзіцца, маладыя людзі не толькі вывучалі нямецкую мову і гісторыю Германіі, але шмат падарожнічалі. «Нам давялося пабываць у славутай Дрэздэнскай галерэі, у знакамітым палацавым парку Сан-Сусі, на радзіме Гётэ — у Франкфурце-на-Майне, у музеі ў Бухенвальдзе... — прыгадвае Алена Мікалаеўна. — Але для мяне запамінальнымі сталі не толькі месцы, якія мы ўбачылі, але найперш людзі, якія былі побач: вясёлая і гарэзлівая Таня Буркун, задумлівая і сур'ёзная Тамара Міхалевіч, загадкавы і рамантычны Алекс Малахаў... З выкладчыкаў найбольш запомнілася Наталля Пятроўна Машэрава (на здымку яна з павернутай убок галавой стаіць за дзвюма дзяўчатамі). Яна была для нас, дзяўчат, узорам: апраналася з густам, прычоска была заўсёды бездакорная, а туфелькі — як у прынцэсы. Але прыгожай яна была не толькі знешне. Гэта чалавек чулага сэрца, вялікай душы. Яна шчыра цікавілася, які ў нас настрой, як мы сябе адчуваем, ці ёсць якія пытанні, складанасці, бо ўсё ж мы знаходзіліся далёка ад Радзімы.
Мы жылі ў гістарычным цэнтры горада Ена, часта бывалі ў планетарыі, у кніжных крамах, якія знаходзяцца на цэнтральнай плошчы горада. Аднойчы падчас прагулкі і быў зроблены фотаздымак, які застаўся мне на памяць. Столькі гадоў прайшло, але і цяпер ад яго нібы ідзе нейкая цеплыня. У тым далёкім 1982 годзе шчырыя размовы, падтрымка сяброў былі нібы глыток свежага паветра. І тады здавалася, што ты не ў спякотнай Цюрынгіі (а там было да плюс 37°С!), а ў ціхай, крыху зажуранай Беларусі з яе задумлівымі нябёсамі, з жоўтымі бярозкамі каля дарогі, з тонкай павуцінкай бабінага лета...
Я даўно, на жаль, не бачылася з тымі, хто тады быў побач. Але так яскрава помняцца юнацкія гады, радаснае пачуццё, што жыццё цудоўнае, што ўвесь свет перад табою, а побач шмат шчырых і добрых людзей».
Шаноўныя чытачы! Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі з гісторыяй (не больш за тры здымкі) дасылайце на рэдакцыйную пошту альбо электронную скрыню іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу. Аўтар найлепшага фота з гісторыяй будзе адзначаны каштоўным прызам.
Увага! Да ўдзелу ў конкурсе НЕ ПРЫМАЮЦЦА вясельныя фотасесіі, леташнія здымкі з курорта і сучасныя фота дзяцей. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца аўтарам.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.