Гэта, мабыць, самы блізкі і самы знаёмы сапернік для беларускага балельшчыка. І расійскія гульцы, і трэнеры не маюць патрэбы ў падрабязным прадстаўленні. Яны стануць нашымі апошнімі сапернікамі на групавым этапе. Зборная Беларусі і Расіі згуляюць 20 мая пры поўнай «Мінск-Арэне» — усе квіткі на гэты матч былі раскуплены ўсяго за некалькі гадзін.
Дагэтуль зборныя сустракаліся часта: тройчы на Алімпійскіх гульнях (усе перамогі засталіся за расіянамі) і сем разоў на чэмпіянатах свету (беларусы атрымалі перамогу толькі ў 2000 годзе, у 1999-м каманды згулялі ўнічыю).
«Чырвоная машына»
У расійскага хакея багатая гісторыя. Днём яго нараджэння лічыцца 22 снежня 1946 года, калі ў Маскве, Ленінградзе, Рызе, Каўнасе і Архангельску адбыліся стартавыя матчы першага чэмпіянату СССР па хакеі з шайбай.
Зборная СССР, пераемніцай якой і лічыцца сёння каманда Расіі, дэбютавала на чэмпіянаце свету 1954 года ў Стакгольме. Савецкія хакеісты адразу ж заваявалі залатыя медалі. А ўжо праз два гады зборная СССР заваявала алімпійскае «золата».
1972-гі — асаблівы ў гісторыі савецкага хакея год: каманда ўпершыню сустрэлася са зборнай Канады, у складзе якой былі наймацнейшыя гульцы НХЛ (суперсерыя СССР — Канада 1972 г.). 1960-1980-я гады адкрылі свету такіх вялікіх хакеістаў, як Канстанцін Локцеў, Барыс Маёраў, Анатоль Фірсаў, Уладзіслаў Траццяк, Барыс Міхайлаў, Валерый Харламаў, Аляксандр Якушаў, Аляксандр Мальцаў. На чале савецкага хакея стаялі Чарнышоў і Тарасаў. Пад іх кіраўніцтвам зборная СССР 9 гадоў запар (1963—1971) выйгравала ўсе міжнародныя турніры.
У 1977 годзе зборную ўзначаліў Віктар Ціханаў. Пад яго кіраўніцтвам каманда восем разоў перамагала на чэмпіянатах свету і тройчы — на Алімпійскіх гульнях.
Сёння ў Расіі тры дарослыя прафесійныя хакейныя лігі (КХЛ, ВХЛ, РХЛ) і дзве маладзёжныя лігі (чэмпіянат, першынство маладзёжнай хакейнай лігі). КХЛ лічыцца адной з наймацнейшых хакейных ліг свету.
Без медалёў трэція Алімпійскія гульні
У апошні час у расійскім хакеі шмат негатыву. Гэта звязана з правалам на хатняй Алімпіядзе. Такому мноству «зорак» у камандзе маглі пазайздросціць нават канадцы. Усе чакалі толькі перамогі, але здарыўся правал. Расія паказала невыразны хакей. Лідары каманды — Аляксандр Авечкін, Яўген Малкін, Ілья Кавальчук, Павел Дацюк — не апраўдалі ўскладзеныя на іх балельшчыкамі і трэнерамі надзеі. Гульцы зборнай у 5 матчах закінулі ўсяго 12 шайбаў. Калі ў хакеістаў такога ўзроўню нешта не атрымліваецца, трэнер павінен імгненна рэагаваць: нешта мяняць, прыдумляць, шукаць. Білялетдзінаў проста чакаў. Спецыялісты звязваюць такое няўдалае выступленне з адсутнасцю каманднай гульні і памылкамі трэнерскага штаба. У выніку зборная Расіі дайшла толькі да чвэрцьфіналу, дзе саступіла фінам з лікам 1:3.
Гэта ўжо трэцяя запар Алімпіяда, дзе расійская хакейная каманда застаецца без медалёў. А раней былі некалькі правальных чэмпіянатаў свету. Усё зводзіцца да высновы, што Расія губляе лідарства ў сусветным хакеі.
Пасля няўдалага выступлення Зінетула Білялетдзінаў быў адпраўлены ў адстаўку. На гэты пост прызначаны Алег Знарок.
«Сорамна за зборную не будзе»
Алег Знарок, ужо ў якасці галоўнага трэнера, пачаў падрыхтоўку да чэмпіянату свету ў Мінску. На сваёй першай прэс-канферэнцыі ён адзначыў: «Сорамна за зборную не будзе. Біцца будзем адчайна. Спорт ёсць спорт, і нават калі ты прайграеш, трэба рабіць гэта прыгожа».
Балельшчыкам добра вядома асоба Знарока: ён узначальваў маскоўскае «Дынама» ў чэмпіянаце КХЛ у гэтым сезоне. Новы настаўнік зборнай добра гуляе на моцных баках сваёй каманды і слабых саперніка. Можа запаліць каманду ў патрэбны момант, знайсці патрэбныя словы і арганізаваць сапраўды камандную гульню.
6 красавіка ў каманды пачнуцца зборы, а затым расійскія хакеісты возьмуць удзел у турніры са зборнымі Латвіі, Славакіі і Германіі. З 1-га па 4 мая адбудзецца заключны шведскі этап хакейнага еўратура, які стане апошняй прыступкай падрыхтоўкі для зборнай Расіі.
Трэнерскі штаб абвясціў пашыраны склад і заявіў аб тым, што кожны з гэтых хакеістаў можа прэтэндаваць на паездку ў Мінск:
Варатары: Станіслаў Галімаў («Атлант»), Эміль Гарыпаў («Ак Барс»), Аляксандр Яроменка («Дынама» Масква);
Абаронцы: Міхаіл Грыгор'еў («Тарпеда»), Дзяніс Дзянісаў, Мікіта Зайцаў (абодва — ЦСКА), Дзмітрый Калінін, Яўген Расенскі, Максім Чудзінаў (усе — СКА), Глеб Карагін, Андрэй Міронаў (абодва — «Дынама» Масква), Аляксандр Кутузаў («Сібір»), Яўген Мядзведзеў, Ілья Нікулін, Васіль Такранаў (усе — «Ак Барс»), Раман Рукавішнікаў («Атлант»);
Нападаючыя: Аляксандр Бурмістраў, Міхаіл Варнакоў, Кірыл Пятроў, Аляксандр Світа (усе — «Ак Барс»), Уладзімір Галузін («Тарпеда»), Антон Глінкін («Трактар»), Яўген Дадонаў («Данбас»), Ілья Зубаў («Адмірал»), Сяргей Калінін, Сяргей Шырокаў (абодва — «Авангард»), Максім Карпаў, Максім Пястушка (абодва — «Дынама» Масква), Ілья Кавальчук, Арцемій Панарын, Віктар Ціханаў, Вадзім Шыпачоў (усе — СКА), Дзмітрый Кугрышаў («Сібір»), Энвер Лісін, Мікалай Прахоркін (абодва — ЦСКА), Фёдар Малыхін («Аўтамабіліст»).
Ужо вядома, што ў Мінск не прыедзе Ілья Кавальчук: яму неабходна аперацыя на калене. Таксама з-за траўмаў пад пытаннем удзел у чэмпіянаце Аляксандра Радулава, Яўгена Малкіна і Паўла Дацюка. Што тычыцца «падмацавання» з НХЛ, то ў Мінску ёсць шанц убачыць Аляксандра Авечкіна, Яўгена Кузняцова, Аляксандра Сёміна, Фёдара Цюціна і Арцёма Анісімава. Іх каманды могуць вызваліцца да мая.
Калі каманды, якія добра выступілі на Алімпійскіх гульнях, прывязуць у Мінск не самы моцны склад, то для зборнай Расіі гэты чэмпіянат з'яўляецца прынцыповым. Гэта магчымасць хоць трохі рэабілітавацца ў вачах грамадскасці пасля правалу ў Сочы. У Мінску мы ўбачым новага трэнера, новую каманду і новы стыль гульні.
Дар'я Лабажэвіч
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.