Прэзентацыя аднайменнай дакументальнай кінастужкі адбудзецца сёння ў Доме Масквы. Аўтар сцэнарыя распавядае падрабязнасці
Аўтарам сцэнарыя гэтага расійска-беларускага праекта стала наша пісьменніца Наталля Голубева. Яе як гісторыка ў першую чаргу зацікавіла не столькі дзейнасць выдатнага партыйнага і грамадскага дзеяча, колькі асоба Мазурава. На такой «вышыні» ў Савецкім Саюзе ніколі не знаходзіўся ніводзін беларус! Толькі не ўсё ішло так гладка. Пра некаторыя перыпетыі лёсу першага ў свой час чалавека ў рэспубліцы расказалі сцэнарысту яго дочкі. Менавіта яны і стануць галоўнымі «суддзямі» кінастужкі. А пакуль Наталля ГОЛУБЕВА расказвае, чаму варта паглядзець фільм.
— Наталля Аляксандраўна, звычайна аўтары выбіраюць сваіх герояў невыпадкова. Чаму менавіта Мазураў?
— Мне даўно хацелася напісаць ці зняць кіно пра гэтага выдатнага чалавека, паказаць яго ролю і значэнне для рэспублікі. Многае, чым мы сёння ганарымся ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, культуры, сваімі вытокамі ўзыходзіць да дзесяцігоддзя кіраўніцтва Мазурава, да сярэдзіны складаных 1950—60-х гадоў. Эканамічныя рэформы ніколі не даюць хуткага эфекту, павінны прайсці гады, каб яны прынеслі вынікі. У перыяд Мазурава ў БССР закладваліся асновы нашай будучай стабільнасці, і гісторыя пацвердзіла, што прынятыя тады рашэнні ў многім былі правільнымі. Толькі гэта патрабавала вялікай мужнасці і цвёрдасці ў адстойванні сваёй пазіцыі.
Ва ўмовах жорсткай камандна-адміністрацыйнай сістэмы Кірыл Трафімавіч не баяўся прымаць смелыя рашэнні. Уяўляеце, што такое было не пагадзіцца з рэформамі Хрушчова ў галіне сельскай гаспадаркі, якія прадугледжвалі ліквідацыю прыватнага сектара? А Мазураў знішчаць падсобныя гаспадаркі не дазваляў, больш за тое, ён адстаяў спецыялізацыю. Менавіта ў той перыяд узніклі сённяшнія агракамбінаты «Сноў» Нясвіжскага раёна, «Прагрэс» у Верцялішках, «Рассвет» у Мышкавічах — гонар нашай сельскай гаспадаркі і сёння. На фоне распаду вёскі ў СССР Беларусь разам з Расіяй заставалася адзінай недатацыйнай рэспублікай, у адрозненне ад той жа Украіны. Ці што значыла выступіць супраць ліквідацыі цэнтралізаванай сістэмы кіравання, адмовіцца ад саўнаргасаў у кожнай вобласці як ад неэфектыўнай формы кіраўніцтва эканомікай? Па прыкладзе Мазурава рушылі ўслед 11 рэспублік. Гэта была смеласць, смеласць у інтарэсах дзяржавы. Ён часта спрачаўся, не згаджаўся, адстойваў свой пункт гледжання без аглядкі на тое, што мог страціць пасаду і сапсаваць сабе кар'еру.
— Што ў біяграфіі непакорлівага беларуса найбольш зачапіла?
— Яго прынцыповасць і смеласць. Сказаць «не» ўсемагутнаму Берыі, выступіць у падтрымку Хрушчова ў 1957 годзе, калі была распачата спроба яго зняцця з пасады. Мазураў быў упэўнены: пачатыя рэформы ў сельскай гаспадарцы патрэбна працягваць. Ён мог не паехаць на ўсесаюзны семінар у Разань і нікога туды з рэспублікі не пусціць, бо разумеў, што вопыт па вытворчасці мяса і малака — ашуканства. Ды не проста не паехаць, а адкрыта сказаць пра гэта на бюро ЦК КПСС, прычым у той час, калі аб дэмакратыі і плюралізме ніхто і падумаць не мог! Нават слоў такіх у лексіконе партыйнай наменклатуры не было.
— Пра «востранькае» з жыцця партыйнага дзеяча даведаліся, напэўна, ад самых родных?
— У фільме ўпершыню расказваецца аб зваротным боку адносін у асяроддзі партыйнай вярхушкі. Аб тым, як былыя паплечнікі становяцца непрымірымымі ворагамі, як плятуцца інтрыгі, каб прыбраць з дарогі моцную, незалежную асобу. Менавіта Мазурава на Захадзе называлі ў ліку пераемнікаў Брэжнева. Малады, энергічны, прыхільнік рэформаў... Аб чым рэгулярна дакладваў генсеку старшыня КДБ Андропаў. Пра гэта ўпершыню расказваюць дочкі Мазурава.
— Ці разлічаны фільм на шырокага гледача?
— Усе фільмы праекта «Адваротны адлік», якія ствараюцца творчай майстэрняй Уладзіміра Бокуна па заказе тэлеканала АНТ, разлічаны на шырокую глядацкую аўдыторыю. У тым ліку яны павінны быць зразумелымі простаму чалавеку, якому хочацца ведаць сваю гісторыю. У кінастужцы выкарыстана шмат невядомых архіўных дакументаў, матэрыялаў, звязаных з рашэннямі ЦК КПБ, з якіх зняты грыф «сакрэтна» ці «абсалютна сакрэтна». Гэта фільм-расследаванне аб партыйных інтрыгах і складаных узаемаадносінах таго перыяду. Гэта фільм-даследаванне дзейнасці смелага і прынцыповага чалавека, які не клапаціўся пра чыны і званні, а жыў інтарэсамі рэспублікі. Гісторыю нялёгкай, неадназначнай эпохі і незалежнай асобы ў ёй мы хацелі расказаць простай мовай.
— Многія беларусы і дагэтуль памятаюць Кірыла Мазурава. Не баіцеся, што ў іх уяўленні ён крыху іншы і вам не павераць?
— Пісаць, здымаць кіно на сучасныя тэмы нашмат складаней, чым пра падзеі, якія даўно мінулі. Вядома, яшчэ ёсць іх удзельнікі, жывыя сведкі. Але тым больш цікавай і адказнай будзе праца. Я не раз паўтарала, што гісторыя — самая канкрэтная навука, дзе ёсць канкрэтны гістарычны факт. На жаль, гісторыю любяць ідэалагізаваць, палітызаваць, кагосьці «паднімаць на шчыт», а чыесьці імёны пакідаць у забыцці. Наша творчая група імкнулася заставацца аб'ектыўнай і, грунтуючыся на канкрэтных гістарычных дакументах, успамінах відавочцаў, паказаць падзеі, асобу Мазурава, яго дзеянні і ўчынкі такімі, якімі яны былі на самой справе.
На прэзентацыю фільма ў Мінск прыехалі тры пакаленні Мазуравых — дзеці, унукі, праўнукі. 7 красавіка, у дзень нараджэння Кірыла Трафімавіча, адбудзецца паказ фільма на маскоўскім тэлеканале ТВЦ, а
9 красавіка — вялікая прэзентацыя ў Маскве. Спадзяюся, што імя Мазурава будзе не толькі вернута гісторыі. І эканамічныя рэформы, прапанаваныя ім ужо ў 70-х гадах разам з Касыгіным, знойдуць свайго даследчыка. Тым больш што многія іх палажэнні, у тым ліку аб сацыяльна-арыентаванай эканоміцы, застаюцца актуальнымі і сёння.
Вераніка КАНЮТА.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».