Сёння выбітным суайчынніцам будуць прысуджаны ганаровыя званні «Жанчына года»
Гэтыя тытулы па праве атрымліваюць жанчыны — пераможцы рэспубліканскага конкурсу, якія дасягнулі значных поспехаў у прафесіі, бізнесе, грамадскай дзейнасці, выхаванні дзяцей, зрабілі вялікі ўнёсак у адраджэнне духоўнасці і культуры нацыі, развіццё вёскі, паказалі ўзор міласэрнасці і дабрыні...
— Вельмі радуе той факт, што ўвесь час свайго існавання гэты конкурс выклікае інтарэс у грамадстве, адкрывае новыя імёны і прыцягвае ўдзельніц з усіх абласцей краіны, — кажа сустаршыня Беларускага саюза жанчын Антаніна Морава
(на фота). — Штогод мы аналізуем вынікі папярэдняга конкурсу і на ўзроўні рэспубліканскага аргкамітэта маем права пераглядаць колькасць і змест намінацый.
Так, сёння ў Мінску будуць названы пераможцы ў 10 намінацыях — на 1 менш, чым летась. Але работа журы ад гэтага лягчэйшай не зрабілася: усе кандыдаткі як на падбор, вартыя самых добрых слоў і падзяк у свой адрас. Ці выклікае ў каго сумненне, напрыклад, тое, што трохразовая чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў у Сочы Дар'я Домрачава вартая ўзнагароды і тытула «Гонар нацыі»? (Сама спартсменка, праўда, на цырымоніі прысутнічаць не зможа — дыплом, медаль і віншаванні за яе атрымае мама, Ларыса Аляксееўна.) А фрыстайлістка, чэмпіёнка Алімпіяды-2014 Ала Цупер, якая пасля «чорнай паласы» ў спорце і ў жыцці, пасля шэрагу траўмаў, пасля перапынку, звязанага з нараджэннем дачкі, вярнулася ў вялікі спорт і заваявала свой, такі каштоўны для ўсёй краіны залаты медаль, прадстаўлена ў намінацыі «За жаночую мужнасць».
Дырэктар РНПЦ атарыналарынгалогіі, галоўны пазаштатны атарыналарынголаг Мінздрава Людміла Макарына-Кібак, дырэктар сельскагаспадарчага прадпрыемства «Азярыцкі-Агра» Ніна Жалязнова, настаўніца фізкультуры Малатковіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна Святлана Новак, якая здолела самастойна патушыць пажар у школе, галоўны ўрач 3-й гарадской дзіцячай бальніцы Мінска Людміла Казачкова, дырэктар Столінскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Святлана Кананчук і яшчэ амаль пяць дзясяткаў удзельніц рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года» — гэта не толькі прафесіяналы сваёй справы і лідары, на якіх варта трымаць раўненне, але і прывабныя жанчыны, проста любімыя маці і бабулі, якім хапае сіл і часу як на сям'ю, так і на актыўную грамадскую дзейнасць. 17 з іх стануць лаўрэаткамі, 35 — дыпламанткамі конкурсу «Жанчына года-2013», які фінішуе сёння ўвечары ў сталічным «Прэзідэнт-атэлі». Усяго ж за час правядзення конкурсу званне яго лаўрэатак атрымалі каля 300 жанчын.
— Гэты конкурс — адно з найбольш знакавых мерапрыемстваў, якія праводзіць наша арганізацыя на працягу года, — заўважае намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын, кіраўнік аддзялення «Сяльчанка» Рэгіна Давідовіч. — Ён заўжды праходзіць у асаблівай атмасферы — святочнай, урачыстай, шчырай, душэўнай, і яго вельмі чакаюць на месцах. Потым з кожнай вобласці нам дасылаюць спісы кандыдатур, і часта мы самі адкрываем для сябе новыя імёны і жанчын з цікавым, няпростым лёсам.
Дарэчы, сёння ў краіне дзейнічае 31 жаночае грамадскае аб'яднанне. Беларускі саюз жанчын — самае сталае і самае масавае з іх — мае ўжо больш чым 20-гадовую гісторыю і аб'ядноўвае ў сваіх шэрагах 189,4 тысячы чалавек. Менавіта па ініцыятыве Беларускага саюза жанчын у краіне з 2008 года праводзіцца рэспубліканскі конкурс «Жанчына года», а таксама шэраг іншых маштабных акцый і мерапрыемстваў.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».