Рэарганізацыя прывяла да... пагаршэння паказчыкаў па ўсіх відах эканамічнай дзейнасці
Кіраўніцтва Гродзенскага аблспажыўтаварыства не робіць неабходных захадаў па выкананні даручэнняў Прэзідэнта, дадзеных 8 лютага 2013 года на агульным сходзе прадстаўнікоў рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў, патрабаванняў галіновай праграмы развіцця спажывецкай кааперацыі на 2011-2015 гады і іншых дакументаў. Такая выснова зроблена калегіяй Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці па выніках праверкі аблспажыўтаварыства. Яго работа па арганізацыі гандлёвага абслугоўвання насельніцтва прызнана нездавальняючай. У пасяджэнні калегіі, якую правёў старшыня Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Васіль Герасімаў, удзельнічалі старшыня праўлення Белкаапсаюза Валерый Іваноў, кіраўнікі структур аблвыканкама, праваахоўных і кантрольных органаў.
Колькасць пайшчыкаў скараціласяў 17 разоў
Гэта адбылося пасля рэарганізацыі Гродзенскага аблспажыўсаюза ў абласное спажывецкае таварыства (у 2011 годзе). Усе райспажыўтаварыствы былі скасаваны і пераўтвораны ў філіялы новай абласной структуры, але ўжо без статусу юрыдычнай асобы. Пры гэтым колькасць пайшчыкаў скарацілася са 157 тысяч (на 1 снежня 2011 г.) да 9806 чалавек (на 1 снежня 2013 г.).
Пайшчыкі спажыўкааперацыі — гэта не толькі яе цяперашнія работнікі, але і ветэраны, якія на заслужаным адпачынку, ды і, па вялікім рахунку, усе сельскія жыхары. Па сутнасці, гэта спрадвечная беларуская талака, дзе кожны павінен адчуваць сябе паўнапраўным членам з магчымасцю ўплыву на становішча спраў. На гэта звяртаў увагу і кіраўнік дзяржавы. У пратаколе даручэнняў па выніках вышэйзгаданага рэспубліканскага сходу сказана, што трэба «прыняць меры па павышэнні ролі членаў спажывецкіх таварыстваў, іх зацікаўленасці ў развіцці галіны, а таксама па стымуляванні прыцягнення ў сістэму спажыўкааперацыі новых членаў і інвестараў». А іх колькась... скарачаецца. У 17 разоў!
Камітэт дзяржкантролю лічыць, што рэарганізацыя праведзена з парушэннямі статута, закона «Аб спажывецкай кааперацыі ў Рэспубліцы Беларусь». Згодна з патрабаваннямі Грамадзянскага кодэкса Беларусі, Гродзенскае абласное спажывецкае таварыства, далучаючы райспажыўтаварыствы, павінна было прыняць усе абавязацельствы рэарганізаваных юрыдычных асобаў у дачыненні да іх членаў, у тым ліку па іх паявых узносах. Пры гэтым фактычна іх члены павінны аўтаматычна станавіцца членамі аблспажыўтаварыства. Аднак, згодна з перадатачным актам маёмасці і спраў раённых спажывецкіх таварыстваў, такія абавязацельствы прыняты не былі. Акрамя таго, перадатачныя акты ў парушэнне заканадаўства не зацверджаны ўласнікамі маёмасці — райспажыўтаварыствамі, якія далучалі. А значыць, нелегітымныя і ўсе далейшыя рашэнні, што прымаліся новай структурай.
Паводле ацэнкі Камітэта дзяржкантролю, аблспажыўтаварыства, па сутнасці, ажыццявіла захоп маёмасці раённых спажывецкіх таварыстваў, свайго «папярэдніка» — аблспажыўсаюза — і іх унітарных прадпрыемстваў. Каласальнае скарачэнне колькасці пайшчыкаў адбылося таму, што імі ў новаўтворанай структуры з'яўляюцца практычна толькі сённяшнія работнікі спажыўкааперацыі. А многія з ранейшых працаўнікоў, якія ўдзельнічалі ў фарміраванні матэрыяльных актываў сістэмы, вясковыя жыхары, пэўна, і не здагадваюцца, што іх сярод пайшчыкаў ужо няма...
Ка
му стала лепш?
Калі арганізацыя (у гэтым выпадку — райспажыўтаварыства) страчвае статус юрыдычнай асобы, то ўзнікае пытанне: навошта? Якім чынам палепшацца яе ўплыў на становішча спраў на сваёй тэрыторыі, матывацыя лепш працаваць і больш зарабляць? Ці, можа, ад канцэнтрацыі паўнамоўцтваў і фінансаў на абласным узроўні выйграюць і ў раёнах?
У сістэме Белкаапсаюза сярод абласных арганізацый Гродзенскае аблспажыўтаварыства па выніках 2011 года займала другое месца, у 2012 г. — чацвёртае, у 2013 г. — пятае месца. Леташні прыбытак (8 млрд руб.) у параўнанні з 2011 г. скараціўся амаль у 6 разоў. Затое даўгоў усё больш: запазычанасць перавышае 550 млрд руб., не ўлічваючы доўгатэрміновыя крэдыты і пазыкі, а таксама працэнты па іх. Калі гэта не фінансавы крах, то што?
Доля спажывецкай кааперацыі ў гандлёвым абароце вобласці пастаянна зніжаецца. Летась скарацілася рэалізацыя па 33 групах тавараў з 48 падкантрольных, страты гандлёвага абароту склалі 147,8 мільярда рублёў, валавых даходаў — 31 млрд руб.
...А канкурэнты не дрэмлюць
Структуры сеткавага гандлю паступова выціскаюць спажывецкую кааперацыю з сельскіх населеных пунктаў і райцэнтраў, дзеля забеспячэння якіх спажыўтаварыствы і ствараліся.
— Гэта абумоўлена нізкімі тэмпамі будаўніцтва і рамонту аб'ектаў, невыкананнем санітарных нормаў і асартыментных патрабаванняў, састарэлымі падыходамі да арганізацыі выязнога гандлю, шматлікімі парушэннямі заканадаўства, — лічыць начальнік аддзела кантролю спажывецкага рынку і сферы паслуг Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Святлана Сівярчукова.
Напрыклад, у Воранаўскім філіяле аблспажыўтаварыства за шмат гадоў не здолелі адрамантаваць універмаг, а гандлёвая сетка пабудавала побач супермаркет. Вытрымае ўнівермаг канкурэнцыю з ім?
Не прымаюцца меры па аснашчэнні аб'ектаў сучасным халадзільным і гандлёвым абсталяваннем, стварэнні неабходных умоў для рэалізацыі прадуктаў харчавання і належнага мікраклімату на рабочых месцах прадаўцоў. Неэфектыўна выкарыстоўваецца тое, што ўжо закуплена. Напрыклад, з-за даўгабуду крамы па вул. Тухачэўскага ў Лідзе і сёння не ўстаноўлена гандлёвае абсталяванне, якое набылі ў 2010 годзе за кошт сродкаў інавацыйнага фонду — амаль на 400 мільёнаў рублёў.
У правераных філіялах больш за палову гандлёвых аб'ектаў, размешчаных у сельскай мясцовасці, не забяспечаны праточнай халоднай і гарачай вадой, не падключаны да сістэмы водаадводу. Як праводзіць санітарную апрацоўку абсталявання, а работнікам выконваць правілы асабістай гігіены?
Да пакупніка — з падманам
Паводле справаздачнасці аблспажыўтаварыства перад аблвыканкамам і Белкаапсаюзам, штотыднёва адбываецца маніторынг гандлёвых прадпрыемстваў, каб выявіць праблемы і прыняць адпаведныя рашэнні. У першую чаргу гэта тычыцца праўдзівай інфармацыі (цэннікі, маркіравальныя ярлыкі) і недапушчэння продажу тавараў са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Праманіторыць — праманіторылі, а ў крамах...
Напрыклад, па фактах утойвання рэальных цэн на тытунёвыя вырабы і іх неабгрунтаванага завышэння ў дачыненні да групы службовых асоб крамы «Усход-маркет» Смаргонскага філіяла заведзена крымінальная справа. У Ваўкавыскім філіяле бралі з пакупнікоў больш, чым трэба (завышаныя цэннікі), за капусту, фарш, мясны паўфабрыкат... На ўсіх правераных аб'ектах Шчучынскага філіяла выяўлены факты продажу прадукцыі са скончаным тэрмінам захоўвання — 49 найменняў, ад кандытарскіх вырабаў да алкагольных напояў...
«Партнёрства» з ілжэпрадпрымальнікамі?
Для «штучнага» выканання плана таваразвароту ў гандлі Гродзенскага, Карэліцкага і Мастоўскага філіялаў у апошнія дні снежня мінулага года практыкавалася афармленне продажу тавараў у крэдыт. Такія «фокусы» летась прывялі да 6 крымінальных спраў. У Гродзенскім раёне загадчыца крамы ўнесла фіктыўныя звесткі ў накладныя на водпуск тавараў у крэдыт з мэтай утойвання нястачы. У Карэліцкім філіяле для афармлення таварнага крэдыту ўносіліся пашпартныя звесткі... памерлых людзей. А ў Астравецкім прадавец крамы склала ажно 445 «ліпавых» дагавароў на таварны крэдыт.
Упраўленнем Дэпартамента фінансавых расследаванняў таксама выяўлены факты дагаворных адносін аблспажыўтаварыства з арганізацыямі, уключанымі ў спецыяльны рэестр ілжэпрадпрымальніцкіх структур і замежных юрыдычных асоб, якія дзейнічаюць у Беларусі з парушэннем заканадаўства аб падатках і прадпрымальніцтве. Здзелкі па пастаўках тавару на адрас шэрагу такіх фірмаў не пацвердзіліся, у сувязі з чым аблспажыўтаварыству даналічана больш за 183 мільёны рублёў падатковых плацяжоў.
А ў лістападзе мінулага года прыпынена рэалізацыя хутказамарожаных ягад, нарыхтаваных Ваўкавыскім і Бераставіцкім філіяламі. Прадукцыя не адпавядала якасным паказчыкам па нормах утрыманні цвілі і дражджэй, прасцей кажучы, аказалася сапсаванай. Сярэдні кантрактны кошт продажу ягад (журавін, брусніц, чарніц) на экспарт мог скласці 44 тысячы еўра.
Калегія Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці рэкамендавала праўленню Белкаапсаюза і аблвыканкаму разгледзець пытанні аб адпаведнасці займанай пасадзе старшыні праўлення Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства Станіслава Мікшы, першага намесніка Жанны Ільіной, а таксама аб эфектыўнасці і адпаведнасці патрабаванням заканадаўства рэарганізацыі аблспажыўтаварыства. Матэрыялы праверкі будуць накіраваны ў праваахоўныя органы.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.