У Смалявіцкім раёне доля малога і сярэдняга бізнесу адпавядае паказчыку развітых еўрапейскіх краін
Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах правяла выязное пасяджэнне ў горадзе Смалявічы, прысвечанае ўдзелу малога і сярэдняга бізнесу ў фарміраванні рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў.
«Стараемся не перашкаджаць. Па магчымасці»
— Мы выбралі Смалявічы, таму што тут сярэдні і малы бізнес робіць важкі ўклад у эканоміку раёна, — патлумачыла выбар месца для правядзення выязнога пасяджэння старшыня Пастаяннай камісіі Людміла Дабрыніна. — І ў гэтым заслуга не толькі геаграфічнага становішча рэгіёна, але і мясцовай улады, якая наладзіла партнёрскія адносіны з дзелавымі коламі. Важна таксама, што ў Смалявічах створаны ўмовы, дзякуючы якім прадпрымальнікі не толькі прапануюць розныя паслугі, але і займаюцца прамысловай вытворчасцю.
Кіраўніцтва Смалявіч сваю зацікаўле-
насць у дзелавой актыўнасці раёна тлумачылі прагматычна: калі бізнес сюды прыйдзе, то выканкаму не трэба будзе шукаць бюджэтныя грошы на добраўпарадкаванне і развіццё тэрыторыі, сацыльнай сферы, інфраструктуры.
Пашыранае пасяджэнне парламенцкай камісіі ў Смалявіцкім райвыканкаме праходзіла ў атмасферы шчырай размовы. Акрамя дэпутатаў, прадстаўнікоў Міністэрства па падатках і зборах і мясцовай улады, на ім прысутнічалі кіраўнікі і заснавальнікі 12 прыватных кампаній. Старшыня выканкама Міхаіл Загорцаў
у сваім выступленні пазбягаў выкарыстоўваць лічбы, тым не менш, адна з нешматлікіх зрабіла ўражанне на парламентарыяў: доля малога і сярэдняга бізнесу ў кансалідаваным бюджэце раёна складае 62%, што адпавядае паказчыку развітых еўрапейскіх краін.
Сярод перашкод для развіцця бізнесу кіраўнік раёна назваў складаную працэдуру атрымання спецыяльных дазволаў ад розных службаў, недахоп зямлі, манапалізацыю энергетычнай сферы і частыя змены прававога рэгулявання.
Асаблівая тэма — манапалізм энергетыкаў. Праблемы ў сувязі з гэтым тармозяць не толькі развіццё бізнесу, але і жыллёвае будаўніцтва. Людзі бяруць крэдыты, будуюць дамы, а жыць у іх не могуць з-за адсутнасці электрычнасці і ацяплення, тлумачыў старшыня выканкама. Пры гэтым каля 500 чалавек штодня прыязджае ў Смалявічы з Мінска на працу, а ўвечары з'язджае назад. Дэфіцыт рабочых рук (нягледзячы на параўнальна добрыя заробкі — каля Вr7 млн у сярэднім) — вельмі актуальная для Смалявіч праблема.
Што тычыцца заканадаўства, то кіраўніцтва раёна прасіла парламентарыяў пра стабільныя, простыя, усім зразумелыя і дакладна вызначаныя «правілы гульні». «Калі правілы вызначаны, то не мяняйце іх, — рэзюмаваў свой зварот да дэпутатаў старшыня Смалявіцкага райвыканкама. — Мы стараемся не перашкаджаць прыватнаму бізнесу па меры сваёй магчымасці. Наша задача — партнёрства. Пакуль што ў нас з дзелавымі коламі не было ніякіх канфліктаў. У 98% выпадкаў — гэта нармальныя людзі, якія нармальна працуюць і добрасумленна плацяць падаткі».
Ільготы не тым
Намесніца начальніка Галоўнага ўпраўлення метадалогіі падаткаабкладання арганізацый Міністэрства па падатках і зборах Ірына Луферчык расказала на пасяджэнні пра льготы, якія існуюць для малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі, у прыватнасці — на тэрыторыі малых гарадоў і ў сельскай мясцовасці. Яна параўнала падатковую палітыку нашай краіны з умовамі для бізнесу ў Казахстане і Расіі і падкрэсліла, што работа па спрашчэнні падаткаў у Беларусі не спынена.
У адказ і яна, і парламентарыі пачулі ад прадстаўнікоў бізнесу крытыку некаторых відаў падатковых льгот, якімі карыстаюцца не тыя, для каго гэтыя льготы ствараліся.
— Палова новых суб'ектаў гаспадарання, зарэгістраваных у Смалявіцкім раёне, — гэта «дочкі» і «ўнучкі» мінскіх кампаній, якія проста карыстаюцца льготамі, дадзенымі, у тым ліку, Дэкрэтам №6 «Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх пасяленняў, сельскай мясцовасці», — расказаў генеральны дырэктар ТАА «Мідывісана» Уладзімір ХАНДОЛІН. — Калі бываю ў Мінску, бачу, колькі стала з'яўляцца пікапаў, грузавых аўтамабіляў, увезеных у Беларусь з выкарыстаннем льгот на мытныя пошліны, гэта значыць, дзяржава недаатрымала грошы. Між тым, аб'ёмы продажу МАЗа скараціліся...
Кампанія «Мідывісана» з 1992 года праектуе і вырабляе аўтамабілі-фургоны спецыяльнага прызначэння. Яе кіраўнік закрануў і праблему, якая ўзнікла з увядзеннем у Беларусі ўтылізацыйнага збору. Па словах Уладзіміра Хандоліна, у выніку ўвядзення збору канкурэнтаздольнасць беларускіх аўтамабіляў знізілася (збор павысіў іх кошт ад 5 да 25 тысяч долараў), што ў сваю чаргу негатыўна адбілася на экспарце. Кіраўнік прыватнага прадпрыемства падзякаваў уладам Смалявіцкага раёна за дапамогу з унясеннем «Мідывісаны» ў рэестр арганізацый, якія прынялі на сябе абавязацельствы па ўтылізацыі аўтамабіляў. «Без гэтай падтрымкі яшчэ прынамсі месяц мы не змаглі б ні прадаваць аўтатэхніку, ні заключаць новыя дагаворы», — сказаў ён.
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Людміла Дабрыніна прапанавала гендырэктару прыватнага машынабудаўнічага прадпрыемства прадставіць свае прапановы па ўпарадкаванні падатковых ільгот у кансультацыйны савет пры Міністэрстве па падатках і зборах, у які ўваходзяць і парламентарыі. «Думаю, многія льготы будуць перагледжаны, — сказала Людміла Дабрыніна. — Прадстаўнікі бізнесу згодныя з тым, што многія з іх малаэфектыўныя і не прыносяць аддачу для эканомікі».
Удзельнікі пашыранага пасяджэння пастаяннай камісіі абмеркавалі магчымыя дадатковыя прапановы па спрашчэнні дзейнай падатковай сістэмы. Акрамя таго, парламентарыі разгледзелі пытанні напаўняльнасці мясцовых бюджэтаў неабходнымі рэсурсамі, размеркавання расходных паўнамоцтваў паміж узроўнямі бюджэтаў, формы фінансавай дапамогі бюджэтам, якія стаяць ніжэй, а таксама асноўныя кірункі бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі на 2014 год.
Адказ бізнесу
Пасля пасяджэння ў выканкаме парламенцкая камісія наведала аб'ект прыдарожнага сэрвісу «Грынплаза» на скрыжаванні трас М-1 і М-2, за 8 кіламетраў ад Нацыянальнага аэрапорта «Мінск», будаўніцтва якога плануецца завяршыць сёлета. Гэта паўнавартасны комплекс адпачынку сярод сасновага лесу: гасцініца на 140 месцаў, рэстаран, 10 індывідуальных драўляных дамкоў, два SPA-комплексы, тэнісныя корты, міні-футбольнае поле, інтэрнат для абслуговага персаналу, вадаём, дубовыя алеі...
— Наша гасцініца будзе запатрабаванай, — не сумняваецца дырэктар кампаніі-забудоўшчыка ТАА «Агорабел» Людміла НІЧВАЮК. — Па-першае, побач — аэрапорт. Па-другое, дарога Мінск — Масква. Ад Варшавы да Масквы колькасць прыдарожных гасцініц не адпавядае пасажырапатоку. Наш праект ухвалілі ў Міністэрстве транспарту, нас вельмі падтрымалі ў Смалявіцкім раёне.
Але самае галоўнае, тут збіраюцца прапаноўваць высокі ўзровень сэрвісу, экалагічнасць і нацыянальны каларыт. Цікава, што «Грынплаза» размешчана на месцы былой звалкі. На тэрыторыі комплексу забудоўшчыкі ўжо высадзілі каля 400 дрэў, пры гэтым будаўнікі імкнуліся максімальна захаваць існуючыя дрэвы.
Уладальнікі комплексу мяркуюць прапаноўваць сваю пляцоўку для сацыяльных праектаў абласнога маштабу. «Першага чэрвеня мы запросім сюды адораных дзяцей Міншчыны, папросім Максіма Мірнага правесці з імі майстар-клас, — падзялілася марамі Людміла Нічваюк. — Гэта будзе адказ нашага бізнесу мясцовым уладам за падтрымку».
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Смалявіцкі раён.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.