Непадзельнае мастацтва падзеленай зямлі
Складаны перыяд айчыннай гісторыі вачыма мастакоў адлюстроўвае выстава «І рай, і боль па Песеннай зямлі» ў Нацыянальным гістарычным музеі. Упершыню прадстаўлены графічныя творы 1920—1930 гадоў, прысвечаныя Радзіме, якія знаходзяцца ў калекцыі музея.
Беларускае мастацтва ў 1920—1930-х гадах існавала з адчуваннем болю. Гэта той перыяд нашай гісторыі, калі было дзве Беларусі. Гэта калі разглядаць тэрытарыяльна. Але ў свядомасці людзей было сваё ўяўленне пра радзіму. І яго адлюстроўвалі мастакі: тыя, што жылі ў Савецкай Беларусі, і тыя, што засталіся пасля падзелу на тэрыторыі заходняй яе часткі. Цяпер пра той няпросты перыяд можна чытаць у кнігах, але яшчэ яго можна пабачыць — праз творы мастакоў.
Збор музея пачаў фарміравацца менавіта ў той час і адлюстраваў у тым ліку тагачасны імпэт у цікавасці да роднай зямлі. У тым ліку і з боку творцаў, якія ездзілі ў экспедыцыі і малявалі тое, што бачылі навокал. Графіка Савецкай Беларусі прадстаўлена творамі А. Астаповіча, А. Тычыны, М. Дучыца, М. Аксельрода, О. Марыкса ды іншых. Асабліва адзначана адметнасць творчага Віцебска. Заходнюю Беларусь увасаблялі, у прыватнасці, Я. Драздовіч, П. Сергіевіч, Л. Родзевіч і шэраг невядомых творцаў.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.