Развіццё аграэкатурызму ў Беларусі набірае абароты. Пра інтарэс, які выклікае гэтая тэма ў грамадстве, сведчыць і рэспубліканскі творчы конкурс на лепшае асвятленне тэмы аграэкатурызму, праведзены па ініцыятыве Белаграпрамбанка.
Ужо цягам сямі гадоў Белаграпрамбанк садзейнічае развіццю аграэкатурызму ў Беларусі па многіх кірунках: арганізуе цікавыя праекты ў гэтай сферы, аказвае крэдытную падтрымку тым, хто развівае яе. Спрычынілася да гэтай справы і «Звязда», якая неаднойчы пісала пра рэспубліканскі конкурс «Лепшая аграэкасядзіба года», што ўжо пяць разоў праходзіў пры падтрымцы банка.
Творчы конкурс таксама быў арганізаваны ў межах мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю нацыянальнага сельскага турызму і прадпрымальніцкай дзейнасці ў гэтай галіне. Суарганізатарамі конкурсу выступілі Міністэрства інфармацыі Беларусі і Беларускае грамадскае аб'яднанне «Адпачынак у вёсцы». Сам конкурс праходзіў з 1 ліпеня 2013 года да 31 студзеня 2014 года па пяці намінацыях: «Друкаваныя рэспубліканскія СМІ і інфармацыйныя агенцтвы», «Друкаваныя рэгіянальныя СМІ», «Тэлевізійныя і радыёвяшчальныя СМІ», «Інтэрнэт-рэсурсы», «Майстэрства і крэатыў». Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбылася ў аздараўленчым цэнтры «Сасновая» пад Мінскам — адным з лепшых агратурыстычных аб'ектаў даччынага сельгаспрадпрыемства «Азярыцкі-Агра».
Удзельнікаў цырымоніі цёпла павітаў старшыня праўлення Белаграпрамбанк Уладзімір Падкавыраў.
Ён павіншаваў пераможцаў, выказаўшы спадзяванне, што і надалей журналісцкая супольнасць будзе адгукацца на ініцыятывы Белаграпрамбанка і сумеснымі намаганнямі ўдасца сфарміраваць максімальна шырокую інфармацыйную прастору, якая дазволіць зрабіць сельскі турызм масавым як для нашых суайчыннікаў, так і для замежных гасцей. Кіраўнік банка падкрэсліў, што падтрымка аграэкатурызму з'яўляецца важнай сацыяльнай задачай Белаграпрамбанка, ускладзенай на яго Прэзідэнтам Беларусі.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі, першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч падкрэсліла актуальнасць такога конкурсу сярод журналістаў, пераможцаў якога адзначылі прызамі і дыпломамі. Яна канстатавала рост цікавасці сярод СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў да конкурснай тэматыкі, адзначыўшы асаблівую ролю і ўклад рэгіянальнай прэсы і электронных СМІ. Лілія Ананіч падзякавала кіраўніцтву банка за сумесную працу, выказаўшы ўпэўненасць, што ініцыятыва знойдзе свой працяг, а ўдзел у конкурсе стане яшчэ больш масавым і якасным.
Дзіяна СЕРАДЗЮК.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.