80 маладых інтэлектуалаў сабрала другая рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Парадак-2015». Усе яны з'яўляюцца ўдзельнікамі беларускай праграмы па пошуку, адборы і навучанні маладых аналітыкаў для органаў дзяржаўнага кіравання «Разумныя сеткі». Слоган праекта — «Пра палітыку не для кухні і не для форуму».
Праект быў запушчаны па даручэнні Адміністрацыі Прэзідэнта ў кастрычніку 2012 года, а яго арганізатарамі выступілі Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі Прэзідэнта, Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, БДУ і Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.
Як прызнаецца дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Аляксандр Базанаў,
першапачаткова яны разлічвалі падабраць для работы ў цэнтры ўсяго некалькі маладых і таленавітых аналітыкаў: «Шчыра кажучы, мы не чакалі, што ў нас у краіне знойдзецца столькі маладых людзей з нестандартнымі, цікавымі, магчыма, нават і крыху фантастычнымі, ідэямі, гатовых займацца аналітыкай прафесійна, з практычнай аддачай для Беларусі і для сябе. Таму праект пачаў імкліва пашырацца...»
Сярод патрабаванняў да ахвотнікаў далучыцца да праекта былі наяўнасць аналітычных здольнасцяў, шырокі палітычны кругагляд і імкненне ствараць аналітычны прадукт для практычнага выкарыстання ў рабоце органаў дзяржаўнага кіравання. Між іншым, конкурс у кастрычніку 2012 года склаў амаль 8 чалавек на месца.
— Для маладых людзей важна, што іх прапановы не пыляцца на паліцах, што яны могуць прыйсці са сваім пунктам погляду, са сваёй ідэяй у гэты праект і быць пачутымі на самым высокім узроўні, што яны могуць весці прамы дыялог з міністрамі, з іншымі работнікамі дзяржаўных структур, прыводзіць свае аргументы, дыскутаваць, — падкрэслівае намеснік кіраўніка Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра, каардынатар праекта «Разумныя сеткі» Аляксей Мацэвіла. — «Парадак-2015» — гэта цыкл з пяці навукова-практычных канферэнцый, у ходзе якіх будуць сфармуляваны выклікі і актуальныя тэндэнцыі, якія ўлічаць пры падрыхтоўцы Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады.
Канферэнцыя ўключае чатыры тэматычныя палі: гэта мадэрнізацыя эканомікі Беларусі, інфарматызацыя і фарміраванне інфармацыйнага грамадства ў Беларусі, дзяржаўная маладзёжная палітыка ў Беларусі, знешняя палітыка і ўдзел Беларусі ў глабалізацыйных працэсах.
Сёння пад эгідай праекта «Разумныя сеткі» створана маладзёжная «фабрыка думкі», якая аб'ядноўвае амаль 150 маладых аналітыкаў ва ўзросце да 35 гадоў. Сярод задач, якімі займаліся ўдзельнікі «Разумных сетак», — распрацоўка праекта Канцэпцыі маладзёжнай кадравай палітыкі, падрыхтоўка тэзісаў Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту ў 2013 годзе. За паўтара года існавання анлайн-суполкі ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» маладыя аналітыкі прынялі ўдзел у абмеркаванні амаль 80 актуальных тэм. Дзяржаўныя органы разглядаюць іх як інтэлектуальны кадравы рэзерв і запрашаюць на работу найбольш актыўных удзельнікаў. Аналітыкі праекта ўжо працуюць у Інфармацыйна-аналітычным цэнтры, у міністэрствах эканомікі і адукацыі.
удзел у канферэнцыі ўзялі аўтары індывідуальных праектаў, якія тычацца павышэння эфектыўнасці кіравання дзяржаўнай уласнасцю, удасканалення нарматыўна-прававой базы для работы бізнесу, інфарматызацыі сістэмы адукацыі, мер дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да маладых сем'яў. Напрыклад, праект студэнткі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Дар'і Трыгубавай прысвечаны далучэнню Беларусі да «Руху супраць нянавісці ў інтэрнэт-прасторы». Старт маладзёжнаму праекту даў Савет Еўропы. Над рэалізацыяй кампаніі па барацьбе з мовай нянавісці ў інтэрнэце задумаліся і маладыя беларусы...
Надзея НІКАЛАЕВА.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.