Кошт участкаў пад Мінскам склаў ад 4 да 65 тысяч долараў
Учора ў Мінскім раёне адбыўся чарговы аўкцыён па продажы зямельных участкаў у прыватную ўласнасць фізічным асобам. Пры павышанай актыўнасці пакупнікоў з малатка былі прададзены літаральна ўсе лоты. Найбольшую цікавасць людзі з грашыма праявілі да ўчасткаў у Копішчы, Ратамцы і Заслаўі.
Таргі пачаліся з Бараўлянскага сельсавета. Тры ўчасткі ў вёсцы Копішча былі выстаўлены на аўкцыён па аднолькавай пачатковай цане — за 390 млн рублёў. На ўсе гэтыя ўчасткі без камунікацый першапачаткова было пададзена ад 4 да 6 заяў. У выніку гарачых таргоў найдаражэй на аўкцыёне быў прададзены менавіта першы лот — участак за 650 млн рублёў (65 тысяч долараў). Два астатнія ўчасткі былі перададзены ў прыватную ўласнасць адпаведна за 519 і 580 млн рублёў. Істотна павялічыўся пачатковы кошт (290 млн рублёў) участка з электрычнасцю ў вёсцы Курганы Бараўлянскага сельсавета, які быў рэалізаваны за 440 млн рублёў.
Ждановіцкі сельсавет выстаўляў на таргі 3 зямельныя ўчасткі: адзін — у Ждановічах і два — у Ратамцы. На лот у Ждановічах знайшоўся толькі адзін прэтэндэнт, таму таргі па ім не праходзілі. Па жаданні заяўніка ён будзе прададзены яму па пачатковай цане, якая павялічваецца на 5%. Участкі ў Ратамцы ўжо карысталіся павышаным попытам. На адзін з іх было пададзена 7 заяў, а на другі — 9. Участак 0,12 га з электрычнасцю і газам па завулку Лінейнаму прададзены за 519 млн рублёў, а надзел плошчай 12 сотак без камунікацый па вул. Алімпійскай — за 382 млн рублёў.
Сур'ёзным попытам учора карысталіся лоты і ў Заслаўі. На два ўчасткі плошчай 10 і 15 сотак без камунікацый прэтэндавалі адпаведна 8 і 4 заяўнікі. У выніку цана на адзін лот з 88 млн рублёў павялічылася да 228 млн рублёў, а на другі — з 132 млн да 260 млн рублёў ($26 тыс.). Участак плошчай 9 сотак з электрычнасцю і газам па вул. Прыазёрнай меў ажно 9 заяў. Таму пачатковы кошт у 146 млн павялічыўся да 470 млн рублёў.
Лашанскі сельсавет выставіў на аўкцыён два зямельныя лоты — у вёсках Дзінаравічы і Круты. Участкі па 15 сотак часткова з камунікацыямі прададзены адпаведна за 108 і 90 млн рублёў.
У вёсцы Гузгалаўка Лугаваслабадскога сельсавета прадаваўся ўчастак (15 сотак) з усімі камунікацыямі. На яго прэтэндавалі 6 чалавек. У выніку пачатковая цана лота з 95 млн паднялася да 298 млн рублёў. Шаршунскі сельсавет выстаўляў на таргі ў вёсках Дашкі і Пухлякі па адным участку, і яны былі прададзены. Апошні лот пры пачатковым кошце 25 млн рублёў рэалізаваны за 40 млн (4 тысячы долараў). Наступны аўкцыён па продажы зямельных участкаў у прыватную ўласнасць у Мінскім раёне адбудзецца 11 красавіка.
Сяргей КУРКАЧ.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.