Музычны фестываль «Мінская вясна» ўпершыню адкрыў дзверы для аматараў класічнай музыкі ў 1984 годзе канцэртам з твораў народнага артыста Рэспублікі Беларусь кампазітара Анатолія Багатырова. Традыцыйна ў «Мінскай вясне» возьмуць удзел вядучыя калектывы краіны, а таксама зоркі акадэмічнай музыкі, якія прадставяць творчасць кампазітараў ад эпохі барока да сучаснасці. Дваццаць два канцэрты пройдуць у Вялікай і Малой залах Беларускай дзяржаўнай філармоніі з 2 па 28 красавіка.
— Нягледзячы на тое, што няма субсідый ні на «Беларускую музычную восень», ні на «Мінскую вясну», мы ўсё роўна будзем праводзіць гэтыя фестывалі, пакуль будзе жыць філармонія, — гаворыць мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Юрый ГІЛЬДЗЮК. — Таму што гэта не толькі свята вясны, а яшчэ і панавання класічнай музыкі. Мы прадстаўляем творчасць беларускіх кампазітараў, выканаўцаў, адкрываем новыя імёны, якія падчас фестываляў Ю. Башмета і У. Співакова прыязджаюць да нас ужо як грандыёзныя «зоркі» сусветнай класічнай музыкі.
Шмат маладых музыкантаў выступіць і на сёлетняй «Мінскай вясне»: фіналістка конкурсу для юных музыкантаў «Еўрабачанне-2012» Аляксандра Дзенісеня (цымбалы); лаўрэат міжнародных конкурсаў Павел Шамшура (гітара), які скончыў Беларускую акадэмію музыкі і жыве ў Германіі; Кірыл Родзін (віяланчэль, Расія), Ана Гацэва (фартэпіяна, Македонія), Вазген Вартанян (фартэпіяна, Расія) і многія іншыя.
Асобная праграма прысвечана польскай культуры. Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь да 20-годдзя Інстытута Польскага прадставіў праграму «Краявіды польскай музыкі». З нагоды юбілею разам з аркестрам выступаюць выдатныя музыканты: дырыжор Павел Котля, (Польшча — Вялікабрытанія) і піяніст Гаюш Кэнска (Польшча). Пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора сімфанічнага аркестра народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава 12 і 27 красавіка прагучыць папулярная музыка Рахманінава, Элгара, Моцарта, Чайкоўскага, Дворжака. Салісты — вучань Мсціслава Растраповіча французскі віяланчэліст Марк Драбінскі і вядомы славенскі кларнетыст Дарк Брлек.
— Напярэдадні вялікай і радаснай падзеі — чэмпіянату свету па хакеі — мы спадзяёмся, што шматлікія замежныя госці Мінска, у тым ліку і расіяне, стануць наведнікамі нашых канцэртаў у філармоніі, — адзначыў маэстра Аляксандр Анісімаў
.
Сапраўднай падзеяй для прыхільнікаў класічнага майстэрства стане выступленне 16 красавіка віртуоза арганнай музыкі з Германіі Іаганэса Геферта. У праграме — класіка арганнай музыкі: творы І.С.Баха, Д.Букстэхудэ і С.Франка. Побач з імі — невядомыя беларускім меламанам сачыненні: Вялікая драматычная фантазія Сігізмунда фон Нейкама і дзевяць варыяцый на тэму 24-га капрыса Паганіні для педалі сола Георга Талбен-Бола.
На Пакутную пятніцу Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь (мастацкі кіраўнік — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Міхайлава) і ансамбль «Камерныя салісты Мінска» пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Зубава (Санкт-Пецярбург) выканаюць «Пакуты паводле Іаана» І.С.Баха. Гэты манументальны твор прагучыць у Мінску ўпершыню пасля 25-гадовага перапынку.
Фартэпіянны дуэт Наталля Котава — Валерый Баравікоў адзначыць 15-гадовы юбілей сумеснай творчасці. Для аматараў камернай музыкі Мінскі струнны квартэт і ансамбль салістаў «Класік-Авангард» падрыхтавалі цікавыя праграмы: цыкл «Усе санаты Бетховена для скрыпкі і фартэпіяна», у якім прагучыць славутая «Крэйцарава саната» ў выкананні заслужанага артыста Расіі Сцяпана Яковіча (скрыпка) і заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Юрыя Гільдзюка (фартэпіяна).
Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца запросіць на новую праграму «Песні Уладзіміра Мулявіна і Ігара Лучанка». Творы найбуйнейшых майстроў песеннага жанру выканаюць маладыя «зоркі» беларускай эстрады Пётр Ялфімаў і Ян Жанчак.
Адметнасць «вясны» — канцэрт з нагоды 15-годдзя этна-трыа «Троіца», легендарнага гурта, які за гады свайго існавання змяніў стаўленне да беларускага фальклору, адкрыўшы ў ім амаль касмічныя філасофскія глыбіні і зрабіўшы яго неад'емнай часткай сучаснай спадчыны народаў свету.
У межах «Мінскай вясны — 2014» па ініцыятыве выдатнага дзеяча беларускай выканальніцкай школы Мікалая Марэцкага пройдуць міжнародныя дні мандалінна-гітарнай музыкі Mandolіnіssіmo.
Ірына АКУЛОВІЧ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.