У асобе загадкавай незнаёмкі можна не адразу пазнаць Смерць.
Дама скідвае вуаль — і ператвараецца ў істоту без полу і твару (толькі бледныя косці абазначаюць галаву). «Ну як можна было закахацца ў такую?» — шчыра здзіўляюцца жанчыны ў жалобе. Закахацца, страціць галаву і ў выніку — жыццё... Але гэтая істота ведае, што рабіць з аматарамі лёгкіх прыгод. Яе танец зачароўвае. Зацягвае. Ад такіх, відаць, і губляюць галаву, а потым і жыццё.
Чорны колер, чорныя ўдовы, чорны гумар. Гэта чорная камедыя ў Новым тэатры, што ў Мінску. Колер жанчын, што засталіся без мужоў і тут жа вырашылі адсвяткаваць гэты момант з келіхам шампанскага і кавалачкам торта. А вось чаму і як яны засталіся адны, распавядаецца ў спектаклі «Дамскае танга», які паставіў рэжысёр Венядзікт Расстрыжэнкаў паводле п'есы Славаміра Мрожака «Удовы».
Гераіні так і абазначаюцца: Першая ўдава (Н. Капітонава,), Другая ўдава (К. Ермаловіч), Трэцяя ўдава (А. Пінчук). Побач з дзвюма першымі яшчэ круцяцца Першы мужчына (А. Верашчака) і Другі мужчына (П. Чарноў). За іх стасункамі назірае афіцыянт (В. Агаян). Адносіны высвятляюцца праз словы — іх трэба лавіць уважліва, каб не згубіць сэнс. Бо гэта не той спектакль, дзе акрэслены і паступова развіваецца сюжэт, хоць ён насамрэч ёсць. Мужчыны вырашылі гульнуць ад жонак. Але здрада каханай — як смерць. Вось іх яна і напаткала. Не важна, якім чынам: ён атруціўся стравамі (жонкі-бландзінкі?) ці сканаў ад прастуды — відаць, рудавалосая прыгажуня не надта клапацілася пра догляд (раніцой захварэў, у абед памёр, увечары пахавалі), ці сапраўды загінуў на дуэлі (вось толькі з кім і з-за каго?). Але ж тое, што здараецца ў жыцці, бывае не проста так. Усе падзеі прыцягваюцца ўчынкамі: калі Смерць добра паклікаць, то яна прыходзіць. Вось нават у кавярні, дзе сядзяць дзве ўдавы і разважаюць пра сваіх каханых, яна не проста сядзіць. Яна вядзе сваё паляванне. І робіць гэта пераканаўча. З гарачым пачуццём рамантычнай закаханасці і ўсёабдымнай страсці.
Але не быў бы то Мрожак, калі б не перакуліў усё з ног на галаву: чорнае для некага можа стаць светлым, яркім і нават аптымістычным. Кумкі-жанчыны не надта сумуюць па сваіх БЛАГАверных. Аправіўшыся ад шоку, яны зноўку вяртаюцца да сваёй нетаропкай свецкай гутаркі. Усё пра іх, пра мужчын, якія сыходзяць у чорнае, калі думаюць, што сваімі дзеяннямі ўсяго толькі імкнуцца зрабіць сабе жыццё больш яркім.
Абсурд, з якім даводзіцца сутыкацца ў жыцці, прыйшоў на тэатральныя падмосткі ў другой палове мінулага стагоддзя, у тым ліку і дзякуючы творчасці польскага драматурга Славаміра Мрожака, які летась пакінуў свет. Абсурд у тэатр прыйшоў зусім не беспадстаўна: драматургі падгледзелі яго ў недасканаласцях жыцця, у грамадскіх з'явах, а таксама няшчырых і штучных паводзінах звычайных людзей у дачыненні да іншых. І, відаць, гэта па-за межамі палітычных ці сацыяльна-эканамічных сістэм: творы аўтараў з Заходняй Еўропы (у тым ліку Мрожака) заваявалі тэатральныя сцэны Заходняй Еўропы. Разгадка — у саміх п'есах, якія па-філасофску драматычныя, але ў той жа час напоўнены тонкім гумарам.
Таму, калі Мрожака паставіць з пачуццём і разуменнем, то можна і стварыць своеасаблівы мастацкі свет, і гледачу дагадзіць, падкаму сёння на камедыі. Таму спектакль В. Расстрыжэнкава атрымаўся глядацкім. Прытым адчуваецца жаданне зрабіць пастаноўку канцэптуальна-стылёвай. Дзеля гэтага працавала мастак-пастаноўшчык Дар'я Волкава. Яна адчула галоўнае: чорны — галоўны колер гэтага спектаклю, але пастаралася яго разбавіць драбніцамі ружовага, ліловага і чырвонага. Іншая справа, што гэтыя колеры ў асноўным у легкадумных жабо і дэкаратыўных кветачках і іншых прадметах, што ператварае гераінь (у большай ступені іх) у карыкатурных персанажаў. Гледачу гэта падабаецца: абсурд нібыта падкрэслены, яго маркіруюць: маўляў, не памыліся! Куды больш стылёва выглядае тэма смерці, дзе ўсё строга і няма нічога лішняга: доўгая стрыманая сукенка, якая пры гэтым не перашкаджае стварыць вобраз з дапамогай харэаграфіі (балетмайстар-пастаноўшчык М. Баранава) і чырвоны абрус, які становіцца раздражняльнікам, нібыта ў руках тарэадора. Строгія лініі. Дакладныя рухі. Роля, у якой няма ніводнага слова, становіцца галоўнай. Але ж у маўчанні ёсць свой сэнс.
Гэта ўсё да таго, што абсурд у тэатры закладзены найперш тэкстам, праз які даносіцца сэнс. Таму ўсё астатняе на сцэне павінна не адцягваць увагі, а наадварот, падкрэсліваць словы. «Дамскае танга» — спектакль мінімалістычны. І ў ім сапраўды няма патрэбы ў нейкіх асаблівых дэкарацыях. Таму што галоўнае тут — супрацьстаянне двух пачаткаў: жаночага і мужчынскага. І таго, што паміж імі: шчырае каханне альбо смерць душы.
Ларыса ЦІМОШЫК.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.