У Беларусі і Калужскай вобласці ёсць вялікі патэнцыял для пашырэння супрацоўніцтва
Пра гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам расійскага рэгіёна Анатолем Артамонавым.
Калужская вобласць з'яўляецца даўнім і важным гандлёвым партнёрам Беларусі, бакі звязваюць шматгадовыя прамыя партнёрскія сувязі, якія маюць трывалую гістарычную, дзелавую і гуманітарную асновы. Узаемны таваразварот у 2013 годзе склаў амаль $ 570 млн.
Прэзідэнт адзначыў, што бакі ўжо актыўна ўзаемадзейнічаюць у будаўнічай сферы: беларускія арганізацыі ўзводзяць у Калужскай вобласці жылыя дамы, у шэрагу выпадкаў з выкарыстаннем беларускіх тэхналогій і матэрыялаў. «Мяркую, варта выйсці на новы этап і прыступіць да ўдзелу ў праектаванні і будаўніцтве вытворчых і інфраструктурных аб'ектаў», — лічыць беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Калужская вобласць і Беларусь маюць развітую прамысловасць. На яго думку, гэты фактар дыктуе неабходнасць прапрацоўкі варыянтаў вытворчай кааперацыі аж да стварэння сумесных прадпрыемстваў як у Беларусі, так і ў гэтым расійскім рэгіёне.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь гатова падзяліцца з калужскімі аграрыямі вопытам у сельскай гаспадарцы, а таксама практычнымі напрацоўкамі па ачыстцы вады, якія з'явіліся дзякуючы 12-гадовай рэалізацыі праграмы «Чыстая вада». У бакоў ёсць таксама вялікі нявыкарыстаны патэнцыял супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай сферы, у тым ліку ў атамнай энергетыцы, у сферы касмічных, медыцынскіх, інфармацыйных тэхналогій і па пытаннях энергаэфектыўнасці.
Аляксандр Лукашэнка закрануў у ходзе сустрэчы і пытанні ўзаемаадносін з Расіяй, паведамляе БелТА. Прэзідэнт адзначыў, што апошнім часам з'явілася занадта шмат здагадак і інсінуацый. «Нібыта Лукашэнка спрабуе выкарыстоўваць праблемы, якія ўзніклі ў Расіі, на сваю карысць. Ведаеце, ідыётам быў бы той, хто не выкарыстоўваў нейкія магчымасці. Але запомніце: што б я ні рабіў цяпер, размаўляючы з Украінай, Захадам, Усходам і г.д., я ніводнага кроку не раблю без узгаднення з кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі, калі пытанне тычыцца Расіі», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
«Таму даю на гэтае пытанне прамы і дакладны адказ: калі трэба будзе Расіі, каб мы за яе працавалі ва Украіне, мы гэта будзем рабіць. Калі трэба будзе Расіі, каб мы ехалі за трыдзевяць зямель і карысць ёй прыносілі, мы гэта будзем рабіць», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што, па-першае, гэта «ў інтарэсах нашага роднага брата» і, па-другое, гэта не супярэчыць нашым інтарэсам.
Што тычыцца санкцый, уведзеных Захадам супраць Расіі, Прэзідэнт лічыць іх «поўным трызненнем і глупствам». Да таго ж, на думку беларускага лідара, «яны аб'ядноўваюць вакол праблем, якія ёсць унутры той ці іншай краіны, усю нацыю, увесь народ». «Таму давайце будзем працаваць так, каб нас потым не папікалі тым, што мы не скарысталіся гэтым спрыяльным момантам», — сказаў Прэзідэнт.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.