Вы тут

Лялька, а ў баскетболе разбіраецца!


Пра жанчын, якія асвоілі мужчынскія прафесіі

Калі раней жанчыны былі занятыя, галоўным чынам, у сацыяльнай сферы і сферы абслугоўвання, то цяпер пералік іх прафесій значна пашырыўся. Усё больш актуальнымі крытэрыямі падчас выбару кандыдата на працоўнае месца становяцца не палавая прыналежнасць, а здольнасці, асаблівасці характару, вопыт і жаданне. Рэсурсны цэнтр Фонду ААН у галіне народанасельніцтва распытаў некаторых жанчын Беларусі аб тым, як ім працуецца на «мужчынскай ніве».

5-8

Удзельная вага жанчын па рабочых спецыяльнасцях складае 45%, жанчын-служачых — каля 70, кіраўнікоў — каля 45, спецыялістаў — 75, іншых служачых — 80. У катэгорыю «іншых служачых» уваходзіць і новая для Беларусі спецыяльнасць — баскетбольны агент «ФІБА» (першыя і асноўныя прадстаўнікі гэтай прафесіі ў свеце — мужчыны).

— У Беларусі ўсяго тры агенты, і са сваімі калегамі я не перасякалася, — расказвае баскетбольны агент «ФІБА» Аляксандра ПУШКІНА. — Што датычыцца маіх стасункаў з еўрапейскімі калегамі, то можна смела сцвярджаць: агенту або менеджару клуба важней, што і як ты прапануеш, а не тое, мужчына ты ці жанчына і колькі табе гадоў. Некаторыя агенты, дарэчы, нават адзначаюць станоўчую жаночую якасць у гэтай рабоце — клапатлівасць, тактоўнасць і мэтанакіраванасць. Аднак мне здаецца, што гэта выключна індывідуальныя якасці, якія могуць быць як у жанчын, так і ў мужчын. Здаецца дробязь — папытацца пра самаадчуванне гульца, папярэдзіць аб павялічаных нагрузках, якія яго чакаюць... Але ж потым глядзіш, і нехта сапраўды больш папрацаваў над сабой, пазбегнуў траўмы і г.д.

Калі ўжо гаварыць аб стэрэатыпах, то ў маім выпадку ўсмешку выклікае тое, што мой рост — 1,56 м, а баскетбалісты — ад 1,80 м да 2,12 м. Мяне часта называюць «лялькай» у параўнанні з гульцамі. Ну і няхай я буду маленькай дзяўчынай, якая выдатна разбіраецца ў баскетболе!

Для жаночай занятасці ў Беларусі характэрна высокая доля працуючых жанчын у сферы паслуг (амаль 80%), меншая — у вытворчых галінах (16-45%). Змене прыярытэтаў спрыяюць экстрэмальныя захапленні.

— Нейкі час я захаплялася альпінізмам і скачкамі з вяроўкай з высокіх будынкаў, — расказвае прамысловы альпініст Віялета ВАСТОК. — Калі я не змагла здаць экзамен ва ўніверсітэце і мяне з-за гэтага адлічылі, трэба было падумаць, як жыць далей. Неяк сустрэла старую знаёмую, якая пазнаёміла мяне з хлопцамі, што працавалі якраз у прамысловым альпінізме. Яны спрасцілі сітуацыю з пошукам працы і прапанавалі далучыцца да іх. Вось так я трапіла ў лік прамысловых альпіністаў. Мужчыны, вядома, бралі на сябе самую небяспечную работу, а мяне паступова вучылі, тлумачылі, што і як робяць. Хутка я змагла выконваць частку функцый самастойна.

Калі я перайшла працаваць памочнікам дырэктара ў кампанію, якая займаецца арбарыстыкай (работа з дрэвамі), то працягвала цікавіцца незвычайнымі, на першы погляд, для дзяўчыны навыкамі. На новым месцы «пасябравала» з бензапілой, навучылася вязаць вузлы, прыкладна ацэньваць, якім чынам нацягнуць скайлайн, з чаго пачаць распіл дрэва.

Сёння жанчына за рулём аўтамабіля, тралейбуса або трамвая ўжо не выклікае здзіўлення, а вось дамы за рулём таксі — дагэтуль дзіва. Хоць на самой справе «жаночае» таксі — з'ява зусім не новая. (Першай сакрэты таксаматорнага парка асвоіла немка Элізабет фон Пап у 1908 годзе. Адзіная на той момант жанчына-вадзіцель таксі скончыла Берлінскую школу вадзіцеляў.)

— Вадзіцелем таксі я працую амаль 5 гадоў, — кажа таксіст Крысціна РЫБАЛТОЎСКАЯ. — Тэма перавозак для мяне была не новай. Раней я перавозіла будматэрыялы. Нягледзячы на прадузятасць, звязаную са спецыяльнасцю, папоўніць рады вадзіцеляў таксістаў мяне паклікалі якраз сябры-мужчыны. Што да рэакцыі кліентаў, то толькі невялікая частка мужчын ставіцца з нейкай апаскай, жанчыны ж — наадварот, з вялікай павагай. Я думаю, мяжа паміж жаночымі і мужчынскімі прафесіямі ўсё больш размываецца.

Заўважана, што запраўшчыцы нават больш трывалыя за мужчын, асабліва ў эмацыянальным сэнсе.
Усё ж такі працаваць даводзіцца з людзьмі, якія па розных прычынах бываюць і капрызнымі, і раздражнёнымі, і падаўленымі.

Калі ў прамысловасці, лясной гаспадарцы, на транспарце, у будаўніцтве пераважаюць мужчыны, то сярод работнікаў аховы здароўя і адукацыі жанчыны складаюць каля 80% . Жанчын больш у галіне фінансаў, крэдыту і страхавання, у культуры, на прадпрыемствах гандлю і грамадскага харчавання. Аднак прыкладаў, калі беларускі пераходзяць у мужчынскія прафесіі, становіцца ўсё больш.

— Ніколькі не шкадую, што змяніла прадуктовы гандаль на сферу рэалізацыі нафтапрадуктаў, — тлумачыць раздатчык нафтапрадуктаў на «Газпрамнафта» (г. Рэчыца) Нона ГАГАЧОВА. — Па адукацыі я мастак па інкрустацыі, а мой муж — дальнабойшчык, у юнацтве добра ганяў на матацыкле. Таму аўтамабільная тэма мне блізкая, нягледзячы на творчую адукацыю. Мая цяперашняя праца — мужчынская па сваёй сутнасці, паколькі звязана з нафтапрадуктамі. Але гэта не азначае, што жанчыны з ёю спраўляюцца горш. Заўважана, што запраўшчыцы нават больш трывалыя за мужчын, асабліва ў эмацыянальным сэнсе. Усё ж такі працаваць даводзіцца з людзьмі, якія па розных прычынах бываюць і капрызнымі, і раздражнёнымі, і падаўленымі.

Некаторыя аўтамабілісты напачатку лічылі недарэчным, што жанчына запраўляе машыну: «Вы няправільна зальяце, пераблытаеце!» Цяпер прывыклі і нават пры наяўнасці свабодных калонак едуць туды, дзе ёсць запраўшчык.

— Мы жывём у няпросты час, калі дзяўчаты працуюць нароўні з мужчынамі, стамляюцца і шукаюць месца, дзе можна адпачыць, пакінуць свае негатыўныя эмоцыі, — кажа баксёр Дар'я ШУЛЬГА. — Для мяне такім месцам стала тайская зала. Каля года я практыкую муай-тай. Вядома ж, я пакуль аматар. Але якое задавальненне дастаўляе вывучэнне новых рухаў, новых звязак і новых удараў! Ні ў якім разе нельга сказаць, што гэта неразумны спорт. Тут галава працуе на сто працэнтаў. І, нягледзячы на гэта, ты расслабляешся.

Бокс павышае самаацэнку, фарміруе характар, дапамагае дасягнуць мэты і ўпэўнена рухацца наперад. Некаторыя лічаць, што такі занятак ператварае лэдзі ў «пацанку», але гэта не так. Дар'я з задавальненнем носіць сукенкі, абцасы. У яе жаноцкая прычоска. Адно другому не перашкаджае.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.