«Хочаш міру — рыхтуйся да вайны» — гэтая старажытная лацінская прымаўка кіруе дзеяннямі сусветных лідараў у апошнія тыдні. Упісваецца ў такую логіку і Беларусь.
Камень спатыкнення
Галоўнай інфармацыйнай нагодай, вакол якой разгортваліся міжнародныя падзеі, на мінулым тыдні заставалася сітуацыя ва Украіне. Набліжэнне прэзідэнцкіх выбараў і няздольнасць улады вырашыць самыя вострыя праблемы грамадства спрыяюць далейшай дэстабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне. Усход і поўдзень краіны бунтуюць пад прарасійскімі лозунгамі, «Правы сектар» паспрабаваў абвясціць наступны этап рэвалюцыі на Майдане, урад вымушаны прымаць вельмі жорсткія меры эканоміі, якія выклікаюць ўсеагульную незадаволенасць насельніцтва. Адны толькі тарыфы на газ для грамадзян будуць павялічаны на 41%, што, на думку экспертаў, можа справакаваць у краіне «галодныя бунты». Паралельна ідзе праца па павелічэнні пенсійнага ўзросту, скарачэнні сацыяльных выплат, павелічэнні памеру абавязковых выплат з боку насельніцтва.
Гэтая палітычная і сацыяльна-эканамічная нестабільнасць Украіны працягвае правакаваць знешніх гульцоў на больш актыўныя дзеянні ў рэгіёне. Калі Расія пасля крымскага сцэнарыя пазіцыянуе сваю актыўнасць на паўднёва-заходніх рубяжах выключна як вучэнні, то ЗША і краіны НАТА адкрыта заяўляюць, што нарошчванне іх ваеннай прысутнасці ў Прыбалтыцы, Чорным моры, а таксама ў перспектыве — у Польшчы, Румыніі і іншых краінах выклікана імкненнем стварыць процівагу «ваеннай пагрозе з боку Масквы».
Разам з тым глыбокая эканамічная ўзаемазалежнасць Расіі, Еўропы і ЗША не дазваляюць канфлікту прыняць некантраляваны характар. Выступы палітыкаў на мінулым тыдні добра паказалі, што бакі не гатовы ісці на істотныя выдаткі з-за Украіны. Нават міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў, што Еўрасаюз павінен так змяніць сваю знешнюю палітыку, каб не ставіць краіны рэгіёна перад выбарам «ці Еўропа, ці Расія».
Аднак яшчэ больш, чым жаданне працягваць супрацоўніцтва з Масквой, пазіцыі Еўропы і ЗША падрывае адсутнасць адзінства мэтаў паміж Брусэлем і Вашынгтонам. Калі Еўрасаюз працягвае настойліва выказваць гатоўнасць выйсці на больш высокі ўзровень інтэграцыі з Украінай, то для ЗША такое ўзмацненне Еўропы ўяўляе сур'ёзную пагрозу. Менавіта таму ў Еўрасаюзе і нават у НАТА пануе сапраўднае засмучэнне, выкліканае негатоўнасцю Вашынгтона сур'ёзна нарошчваць ваенную прысутнасць у рэгіёне.
Гэта не значыць, што распачатае глабальнае супрацьстаянне з'яўляецца «несапраўдным» ці будзе не вельмі інтэнсіўным. Проста лініі падзелу ў ім праходзяць больш складана, чым прынята думаць.
Урады — на змену!
2
Сур'ёзнасць новай стратэгічнай сітуацыі ў поўнай меры ацаніў такі вопытны палітык, як прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. На мінулым тыдні ён адправіў у адстаўку ўрад Серыка Ахметава і прызначыў прэм'ер-міністрам краіны былога кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Карыма Масімава (на фота).
Паралельна адбыўся яшчэ шэраг змен. Экс-прэм'ер Ахметаў быў прызначаны міністрам абароны. Экс-міністр абароны Адзільбек Джаксыбекаў стаў дзяржаўным сакратаром Казахстана. Кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта прызначаны былы спікер ніжняй палаты парламента Нурлан Нігматулін. Пасаду віцэ-спікера Мажыліса заняла дачка Нурсултана Назарбаева Дарыга, якая таксама ўзначаліла парламенцкую фракцыю кіруючай партыі.
Прэзідэнт Казахстана абгрунтаваў прынятыя рашэнні неабходнасцю ўзмацнення працы органаў дзяржаўнага кіравання (і асабліва — урада) перад тварам новых пагроз, якія ўзнікаюць у цяперашняй сітуацыі. Моцным бокам новага прэм'ера эксперты называюць яго здольнасць аднолькава паспяхова знаходзіць паразуменне і з Расіяй, і з Кітаем. Прызначэнне былога прэм'ера на пасаду міністра абароны ўспрымаецца як спроба ўзмацніць гэты стратэгічны ўчастак працы дзяржавы. Прыход на афіцыйную палітычную пасаду старэйшай дачкі Нурсултана Назарбаева адлюстроўвае імкненне казахстанскага лідара кансалідаваць палітычную эліту для працы ва ўмовах турбулентнасці.
Дарэчы, 4 красавіка ў адстаўку быў адпраўлены і ўрад Арменіі — краіны, якая знаходзіцца на шляху да ўступлення ў Мытны саюз. Актыўна абмяркоўваюцца перспектывы адстаўкі ўрада Дзмітрыя Мядзведзева і ў Расіі (зрэшты, ужо не першы год).
Рэакцыя на напружанне
У Беларусі мінулы тыдзень быў адзначаны актыўным абмеркаваннем на вышэйшым узроўні пытанняў ваенна-прамысловага і тэхналагічнага развіцця краіны. Кіраўнік дзяржавы наведаў ААТ «558 Авіяцыйны рамонтны завод» у Баранавічах, сустрэўся ў Мінску з віцэ-прэм'ерам урада Расіі Дзмітрыем Рагозіным і выказаў сваё бачанне развіцця айчыннай навукі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Тры галоўныя вынікі названых падзей:
— Беларусь выйдзе на вытворчасць уласнага самалёта ў кааперацыі з Расіяй і будзе дамагацца рэалізацыі праекта па будаўніцтве верталёта сумесна з украінскімі калегамі ў Оршы. Акрамя таго, перад дзяржаўным ВПК пастаўлена задача па стварэнні новых відаў бранятэхнікі;
— Верагодней за ўсё, будуць актывізаваны інтэграцыйныя праекты з Расійскай Федэрацыяй у сферы ваенна-прамысловага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Гаворка ідзе пра інтэграцыю «Пеленга» і «Раскосмаса», «Інтэграла» і «Расэлектронікі», Мінскага завода колавых цягачоў і кампаніі «РТ-Авто», якая ўваходзіць у карпарацыю «Растэх»;
— Будзе адноўлены механізм дзяржаўнага заказу на навуковыя даследаванні. Гэта значыць, будзе зроблены галоўны крок да інтэграцыі навукі з вытворчасцю і ператварэння яе ў паўнавартасную частку прадукцыйных сіл грамадства.
Вядома, увядзенне дзяржаўнага заказу на навуковыя распрацоўкі мае не толькі ваеннае, але і камерцыйнае значэнне. Аднак, мяркуючы па сусветным вопыце, ільвіную долю сярэдне- і доўгатэрміновых заказаў на новыя тэхналогіі будзе даваць менавіта ваенна-прамысловы комплекс. Іншымі словамі, Беларусь улічвае існуючыя тэндэнцыі да нарастання геапалітычнай напружанасці як ва Усходняй Еўропе, так і ва ўсёй Еўразіі і ў іншых рэгіёнах свету. Вырашаючы задачы ў сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, Мінск разлічвае атрымаць пры гэтым і станоўчы эканамічны эфект.
Юрый Царык.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.