Вы тут

“Астрамечаўскі рукапіс”: здабыткі і перспектывы


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 4 красавіка 2014 г.

_________________________________________________________________________________

Сярод выданняў краязнаўчага кірунку ў апошні час усё большы аўтарытэт набывае рэгіянальны альманах “Астрамечаўскі рукапіс”, які выходзіць у Брэсцкім раёне дзякуючы самаахвярнай працы журналіста і пісьменніка Аляксандра Валковіча. Ужо неаднойчы ў друку (найперш — у газетах “Літаратура і мастацтва”, “Звязда”) пісалася пра асобныя нумары гэтага выдання. Давайце паспрабуем болей падрабязна агледзець чарговы “пілот” на ніве краязнаўчай перыёдыкі.

Астрамечауски рукапис

Месца выдання альманаха — Брэст, заснавальнікі — Брэсцкі раённы выканаўчы камітэт, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага райвыканкама. Выходзіць штоквартальна, пачынаючы з 2013 г. Усяго пабачыла свет чатыры нумары. Рыхтуецца пяты. Рэдактар і ўкладальнік — Аляксандр Валковіч. Існуе рэдакцыйная калегія альманаха. У выдання ёсць навуковыя кансультанты: доктар філалагічных навук прафесар А. Мальдзіс (Мінск), доктар філалагічных навук І. Швед (Брэст). Аб’ём першага нумара — 5,4 друкаванага аркуша, другога і астатніх — 8,1 друкаванага аркуша, 96 старонак. Альманах багата ілюстраваны.

У артыкуле “Уступнае слова ад імя рэдакцыйнай калегіі” старшыня Брэсцкага райвыканкама Уладзімір Мацука наступным чынам абазначыў стратэгію і задачы выдання: “Вы трымаеце ў руках першы нумар альманаха, які пабачыў свет дзякуючы падтрымцы і актыўнаму саўдзелу многіх людзей — ад кіраўнікоў абласной і раённай вертыкалі Берасцейшчыны да шараговай удзельніцы сельскага фальклорнага калектыву, захавальніцы народных традыцый, творчасці і майстэрства. Ад вядомага старшыні перадавога сельгаскааператыва або прафесара беларускай гісторыі і літаратуры — да загадчыка сціплага вясковага клуба і такога ж энтузіяста-бібліятэкара або майстрыхі-вышывальшчыцы. Ад універсітэцкага выкладчыка ці школьнага настаўніка або студэнткі-першакурсніцы — да самай малодшай удзельніцы дзіцячага танцавальнага гуртка ці ветэрана самадзейнага хору. Усе яны без выключэння прасякнуты шляхетнай ідэяй — захаваць шматвекавыя традыцыі беларускага народа, яго гісторыю, культуру, літаратуру, мову, мясцовыя гаворкі. І сваёй штодзённай, часам незаўважнай і альтруістычнай працай самаддана ўвасабляюць гэту ідэю ў жыццё, перадаючы творчыя навыкі, рамяство, майстэрства і назапашанае духоўнае багацце маладому пакаленню.

Мы назвалі зборнік “Астрамечаўскім рукапісам”, уклаўшы ў гэтае азначэнне як аўтэнтычны, так і вобразны, збіральны сэнс. І зрабілі гэта не толькі з мэтаю аднаўлення гістарычнай справядлівасці ў адносінах наймення і паходжання самога “Астрамечаўскага рукапісу”, які некаторыя працягваюць памылкова называць “Полацкім сшыткам” і прагматычна выкарыстоўваюць у якасці сцэнічнага, творчага брэнда. Мы зрабілі гэта найперш дзеля таго, каб, абапіраючыся на нашу знакамітую астрамечаўскую першакрыніцу, працягнуць размову пра традыцыйную культуру Берасцейскага рэгіёна, перакінуўшы тым самым трывалы масток да сённяшняга дня.

Мы назвалі свой альманах краязнаўчым таму, што тэрмін “краязнаўства” ў нашым разуменні раўназначны паняццю “спадчына роднага краю”, а гэтая высокая катэгорыя змяшчае рознабаковыя веды ў сферах традыцыйнай і сучаснай культуры і гісторыі. Зыходзячы з гэтай трактоўкі, мы пастараемся данесці да шырокай грамадскасці цікавыя, а часам і ўнікальныя матэрыялы пра музычную, песенную, вусна-паэтычную, харэаграфічную, гістарычную, літаратурную спадчыну Берасцейскага краю і яго найяскравейшых прадстаўнікоў. Будзем рэгулярна расказваць пра традыцыйныя і сучасныя рамёствы, пра народныя таленты, якімі заўсёды будзе жывіцца Зямля Берасцейская…”

У працяг тэмы ўжо ў першым нумары альманаха патлумачваецца паходжанне вядомага рукапісу XVII ст. як “Астрамечаўскага рукапісу”, а не “Полацкага сшытка” — і ў доказ гэтага друкуецца артыкул доктара філалагічных навук прафесара Адама Мальдзіса «Полоцкая тетрадь”? Нет. “Остромечевская рукопис”? Да» (заўважым: альманах выходзіць на дзвюх мовах — беларускай і рускай). І далей змяшчаецца адказ дырэктара Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі доктара філалагічных навук А. Лукашанца старшыні СВК “Астрамечава” А. Скакуну: “… У склад рукапісу N 127/56 Ягелонскай бібліятэкі ўваходзіць старабеларускі ўніяцкі трэбнік, які быў у XVII ст. перапісаны ў вёсцы Астрамечава (цяпер —– населены пункт Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці) і ў 1956 г. набыты бібліятэкай Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, дзе захоўваецца і зараз…”

Тэма перайменавання помніка музычнай культуры, відавочна, на гэтым наўрад ці будзе вычарпана. І ўсё ж зварот да ўсталявання справядлівасці значыць вельмі шмат. Шкада, што на гэтую акалічнасць не звярнулі ўвагу рэцэнзенты, аглядальнікі першага і наступных нумароў альманаха. Іх выступленні ў перыядычным друку маглі б істотна пашырыць тэму.

Важнай характарыстыкай зместу часопіса, ды і ўвогуле яго стратэгіі, з’яўляюцца рубрыкі да матэрыялаў. Як і для любога перыядычнага выдання, рубрыкатар як пералік і парадак пастаянных ці перыядычных раздзелаў вылучае тэмы спецыфіку і кірунак выдання. У чатырох нумарах “Астрамечаўскага рукапіса” налічваецца 20 рубрык. Іх назвы красамоўна адлюстроўваюць праблемна-тэматычнае поле альманаха: “Бацькоўскімі сцежкамі”, “Старонкі гісторыі”, “Дом рамёстваў”, “Літаратурная сядзіба”, “Кніжная зала”, “З бабулінага куфра”, “Кніжная зала”, “Калаўрот культурнага жыцця”, “Маладое дрэва”… Такі падбор рубрык дапамагае структурызацыі часопіса, настройвае чытача на паслядоўнае знаёмства са зместам.

Найболей моцнымі ў тэматычнай прасторы падаюцца публікацыі, звязаныя з асвятленнем фальклорных матэрыялаў. Магчыма, на гэта ўплывае і першасная ўстаноўка арганізатараў, стваральнікаў альманаха, і тое, што адным з яго навуковых кансультантаў выступае доктар філалагічных навук Іна Швед, якая ў выкладчыцкай, навуковай дзейнасці займаецца беларускім фальклорам. Ужо ў першым нумары ў рубрыцы “Чароўныя спевы спадчыны” пададзены яе артыкул “Крыніцы народнай духоўнасці і мастацтва”. Аўтар з’яўляецца кіраўніком вучэбнай фальклорна-краязнаўчай лабараторыі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна.

Асноўныя задачы лабараторыі — збор першаснай фальклорна-этнаграфічнай і літаратурна-краязнаўчай інфармацыі ў межах даследчых тэм “Фальклор Берасцейшчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі” і “Літаратурная Берасцейшчына” падчас фальклорна-краязнаўчых экспедыцый і палявой практыкі, якую праходзяць студэнты філфака, а таксама апрацоўка і ўкараненне ў вучэбны і выхаваўчы працэс багатай фальклорна-этнаграфічнай і літаратурна-мастацкай спадчыны, распрацоўка вучэбна-метадычнага забеспячэння выкладання фалькларыстыкі, міфалогіі, вуснай народнай творчасці, гісторыі беларускай літаратуры, методыкі выкладання беларускай літаратуры і іншых дысцыплін, правядзенне фальклорных фестываляў і інш. І. Швед зазначае: “Нягледзячы на глыбокую цікавасць фалькларыстаў, этнолагаў, этналінгвістаў розных краін да фальклору і этнаграфіі Брэсцкай вобласці, да гэтага часу адсутнічала перыядычная трыбуна для размяшчэння рэгіянальных фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, для прадстаўлення ў сучаснай інфармацыйнай прасторы вызначальных з’яў традыцыйнай духоўнай культуры Берасцейшчыны. Такія публікацыі стануць пасільным унёскам публікатараў у агульную справу выпрацоўкі канцэпцыі нацыянальнага мастацтва, актуалізацыі магутнага маральна-этычнага і эстэтычнага патэнцыялу берасцейскай традыцыйнай культуры, яе інтэлектуальнай фондавасці, мастацка-эстэтычнай гармоніі і невычарпальных творчых магчымасцяў…”

У тым жа першым нумары і падаюцца запісы з фальклорна-гістарычнай экспедыцыі студэнтаў Брэсцкага ўніверсітэта. Даследчыкі пабывалі ў вёсках Камянецкага і Брэсцкага раёнаў. У в. Астрамечава запісалі песні з рэпертуару Галіны Філінюк. У Чэрску запісвалі са слоў Ганны Сцепанюк. А далей надрукаваны запісы песень, зробленыя настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Вольгай Неўдах з в. Скокі. Студэнтка Вольга Нічыпарук (праўда, ужо ў рубрыцы “Бацькоўскімі сцежкамі”) не толькі прадставіла песні, пачутыя ад Кацярыны Качаноўскай, спявачкі з в. Гута, але і пазнаёміла чытача з народным выканаўцам праз невялікі ўступны нарыс. У другім нумары несумненную цікавасць выклікаюць запісы прыпевак з партызанскага, часоў Вялікай Айчыннай вайны, фальклору. Сямейна-бытавыя песні змешчаны ў трэцім нумары (запісы зроблены ад Еўдакіі Луцюк, 1923 года нараджэння, з в. Ляплёўка). Ёсць і падборка рэкруцкіх песень, і запісы скорагаворак на ўсялякі выпадак.

Студэнтка Аліна Баліцэвіч ў в. Вялікія Матыкалы запісала шэраг цікавых гісторый у жанры народных апавяданняў. А ў № 4 уражвае матэрыял “Запаведныя словы ў сэрцы жывуць…”, які нарадзіўся пасля сустрэчы з жыхаркай в. Скокі Надзеяй Славінскай. Жанчына ўсё жыццё вяла запісы малітваў, вершаў, песень, жыццёвых настаўленняў.

Літаратурнае краязнаўства прадстаўлена творчасцю мясцовых паэтаў і празаікаў. Друкуючы тэксты мясцовых аўтараў, публікатары вельмі ўважліва ставяцца да мовы арыгінала — дыялектных слоў і выразаў, аўтэнтычнасці тэкстаў.

Асобнае месца аддадзена турыстычнай тэме, асвятленню ўзаемасувязей краязнаўства і экскурсійнай работы. Гэтаму прысвечаны выступленні У. Іванова “Унікальная знаходка археолагаў у Скоках”, “Заказнік “Прыбужскае Палессе”, “Берасцейшчына турыстычная”, “Станцыя Дубіца — зорка кінастужак і гістарычны антураж” і інш.

Несумненна, творчы складнік “Астрамечаўскага рукапіса” патрабуе ўдасканальвання, мастацкага развіцця. Хацелася б бачыць паболей матэрыялаў мастацка-публіцыстычнага характару. Альманах — якраз тая медыйная і мастацкая прастора, дзе дастаткова месца для грунтоўных нарысаў. Тут не трэба абмяжоўвацца карэспандэнцыяй, рэпартажам, хронікай турыстычнага ці краязнаўчага жыцця. Рэдактару, укладальніку альманаха, аўтарскаму актыву выдання варта пашырыць тэматычную прастору. Пры гэтым зусім не абавязкова мяняць канцэпцыю “Астрамечаўскага рукапісу”.

Чаму б не расказаць пра знакамітых ураджэнцаў Брэсцкага раёна, якія засведчылі сябе добрымі справамі не толькі ў Беларусі, але і ў свеце? У в. Камароўка нарадзіўся касманаўт, генерал-палкоўнік авіяцыі, двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр Клімук. Расповед пра яго мог бы быць пададзены ў звязку са зваротам да тэмы работы грамадскага музея касманаўтыкі ў Тамашоўскай СШ Брэсцкага раёна.

Праваслаўны епіскап Сафроній Магілёўскі і Мсціслаўскі нарадзіўся ў в. Кацельня-Баярская. Радзіма камандуючага 19-й агульнавайсковай арміяй Карэльскага і 2-га Беларускага франтоў генерал-лейтэнанта Георгія Казлова, які быў узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кутузава І і ІІ ступеняў, — в. Селяхі Брэсцкага раёна. Можна згадаць і шэраг іншых цікавых асоб, жыццё і дзейнасць якіх патрабуюць публіцыстычнага раскрыцця.

Як істотную заўвагу да ўсіх нумароў “Астрамечаўскага рукапісу” хацелася б адзначыць адсутнасць яркіх мастацка-публіцыстычных тэкстаў. Відавочна, што выданне рыхтуецца ў большай ступені грамадскімі сіламі. Аўтарскаму складу нестае дасведчаных публіцыстаў. І падарожны нарыс, і нарысы-партрэты пра таленавітых землякоў, і яркія рэпартажы з сакральных мясцін сучаснай Берасцейшчыны — усё гэта магло б стаць упрыгожваннем старонак у цэлым вельмі цікавага, па-свойму адметнага выдання.

Краязнаўчы перыядычны друк, несумненна, патрабуе развіцця. Пры гэтым шляхі для пашырэння яго прасторы могуць быць розныя. З аднаго боку — заснавальніцтва газет, часопісаў і альманахаў грамадскімі арганізацыямі. З другога — выдаткоўванне сродкаў з дзяржаўнага бюджэту на фінансаванне краязнаўчай перыёдыкі. Магчыма — праз шырокую арганізацыю падпіскі ў бібліятэчнай сетцы альбо ў сістэме школьнай адукацыі. Асаблівую ўвагу варта надаць мясцоваму краязнаўчаму друку. Чаму б не выпускаць, напрыклад, перыядычныя альманахі рэгіянальнага характару? Іх выданне маглі б арганізаваць супольна рэдакцыі раённых газет двух-трох ці болей рэгіёнаў.

Краязнаўчы друк патрабуе ўважлівага разгляду спецыялістамі — гісторыкамі, іншымі навукоўцамі. Чаму б рэгулярна не змяшчаць рэцэнзіі на гэтую тэму ў рэспубліканскіх ці абласных газетах? Дарэчы, да вырашэння такой задачы маглі б спрычыніцца і прафесійныя літаратары Брэстчыны: гістарычная тэма шмат каму з іх не чужая. Напрыклад, празаікам і публіцыстам Анатолю Бензеруку, Анатолю Крэйдзічу, Зінаідзе Дудзюк, Уладзіміру Сітуху і інш.

Важна зрабіць шматпланавую работу па выпуску краязнаўчай перыёдыкі агульнаграмадскай справай, надаць такім газетам, часопісам, альманахам сапраўднае творчае гарэнне. І гэта будзе толькі на карысць беларускаму асветніцтву ўвогуле.

Асобны клопат — фінансаванне альманаха. Спадзяюся, што ініцыятары яго выдання знойдуць паразуменне з пэўнымі дзяржаўнымі інстытутамі. Хацелася б, каб важная выхаваўчая, патрыятычная ініцыятыва берасцейцаў мела доўгае жыццё.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ,

старшыня секцыі краязнаўства Саюза пісьменнікаў Беларусі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Колер настрою — чырвона-зялёны

Колер настрою — чырвона-зялёны

Спецыяльны рэпартаж з «Марафона адзінства» ў Оршы.

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.