_________________________________________________________________________________
Міжнародная выстаўка «Іосіф Гашкевіч — дыпламат, вучоны-арыенталіст» працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. Экспазіцыя, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння славутага беларуса, сабрала падчас адкрыцця ў адной зале гасцей з трох краін: Расіі, Беларусі і Японіі.
Іосіф Гашкевіч, які нарадзіўся ў 1814 годзе ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні, стаў першым расійскім консулам у Японіі, 10 гадоў правёў з духоўнай місіяй у Кітаі, пільна вывучаў гісторыю, культуру і мовы краін Усходу. У японскім горадзе Хакадатэ па яго ініцыятыве была адчынена руская школа, а пры консульстве — бальніца, дзе сотні бедных жыхароў краіны маглі атрымліваць бясплатную дапамогу. Вынікам яго знаходжання ў Кітаі сталі навуковыя даследаванні, а ў Японіі — стварэнне першага японска-рускага слоўніка і кніга «Карані японскай мовы». Выдатны дзяржаўны дзеяч ператварыўся ў правадніка міру, сяброўства і духоўнасці. Гэтыя пачуцці не згасаюць паміж народамі і сёння.
Паводле Ніны Калымага, намесніка дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея, сапраўдных артэфактаў, якія належалі сям’і Гашкевічаў, на жаль, не захавалася. Нягледзячы на гэта, сабраныя ў музеі экспанаты, поўнасцю адлюстроўваюць атмасферу, у якой вучоны жыў. Унікальныя дакументы, фотаздымкі, пісьменніцкія прылады, японскія лялькі і адзенне належаць перыяду, які стаў для І. Гашкевіча часам працоўных і творчых пошукаў. На выстаўцы можна знайсці і царкоўныя рэчы, бо Гашкевічы — род святароў, да якога належыць таксама Святы праведны Іаан Кармянскі. Дыпламат захапляўся культурай замежжа, але заўсёды заставаўся патрыётам сваёй Радзімы. Дарэчы, юбілей Іосіфа Гашкевіча быў унесены ЮНЕСКА ў Каляндар памятных дат на 2014 — 2015 гг.
Сярод тых, хто браў удзел у падрыхтоўцы выстаўкі — прадстаўнікі міністэрстваў і музеяў Беларусі, Пасольства Японіі ў нашай краіне, кампаніі Japan Tobacco International, гісторыкі, даследчыкі і калекцыянеры.
Марыя ВОЙЦІК
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.