Вы тут

Творца, якому сняцца казкі


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 4 красавіка 2014 г.

_________________________________________________________________________________

“Фабрыка добрага настрою” такую назву мае зборнік казак маладога і таленавітага беларускага пісьменніка Дзмітрыя Саўчыка. Кніга пабачыла свет у Выдавецкім доме “Звязда”, яна прасякнута дабрынёй і цеплынёй, напоўнена яркімі ілюстрацыямі. Падобныя казкі пакідаюць у душы радасць і спакой, прымушаюць нават самага сур’ёзнага чытача хоць на імгненне паверыць у цуд. А дзецям тым больш павінна спадабацца! Пра сваю дэбютную кнігу, любоў да казак і дзяцей карэспандэнту “ЛіМа” распавёў сам аўтар, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Дзмітрый Саўчык.

Саучык

― Дзмітрый, мне кніга вельмі спадабалася — прачытала яе на адным дыханні. Гэта Ваш дэбют у літаратуры?

― Так, гэта першае выданне. Дзякуй! Але дагэтуль часта друкаваўся ў часопісах “Незнайка”, “Рюкзачок”. За 5 гадоў выйшла каля 100 казак. А потым я іх сабраў, дадаў новых і зразумеў, што ад часопісных старонак трэба пераходзіць да ўласнай кніжкі.

― Дарэчы, ці падабаецца вам, якой у выніку атрымалася “Фабрыка добрага настрою”?

― Яна проста шыкоўная, я ў захапленні. Калі атрымаў гэтае выданне, доўга не мог на яго наглядзецца, усё трымаў у руках. І ад чытачоў таксама чуў самыя пазітыўныя водгукі.

― Вы пішаце выключна для дзяцей?

― Так. Раней я таксама пісаў для дзяцей, але крыху старэйшага ўзросту. Гэта былі казкі-аповесці на беларускай мове ў стылі фэнтэзі. Дарэчы, ужо рыхтуецца да выхаду мая кніжка менавіта такіх твораў. А вось “Фабрыка добрага настрою” прызначана для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

― Гэта складана — пісаць для дзяцей?

― Не ведаю (усміхаецца). Я атрымліваю задавальненне, калі пішу казкі. І лічу так: кожны чалавек павінен знайсці занятак, у якім ён будзе мець максімальны поспех, да якога мае прыродны дар. Я адчуваю сябе натуральна, калі складаю казкі. Часта бачу іх ува сне, а калі прачынаюся, занатоўваю ў вялікі сшытак — ён ляжыць каля ложка.

― А дарослым вашы казкі падабаюцца?

― Ёсць некалькі блізкіх людзей, якія заўсёды першымі іх ацэньваюць. Часта ад іх чую добрыя словы, што вельмі прыемна. Імкнуся да таго, каб казкі былі зроблены на самым высокім узроўні. Літаратура не мае права быць пасрэднай або недапрацаванай. Якасць, памножаная на працу, дае поспех.

― Хацелі б паспрабаваць сябе ў іншых жанрах, напрыклад, пісаць вершы, аповесці, раманы?

― Раней я пісаў вершы. У мяне былі і вялікія творы. На дадзены момант я спыніўся на казках, але хто ведае, што будзе далей...

― Мне здаецца, па вашых казках можна ствараць выдатныя мультфільмы.

― Я пра гэта мару! Але бачу свае казкі ў стылі савецкіх мультфільмаў, дзе ўсё па-добраму, проста, але пры гэтым вельмі душэўна. Простасць і душэўнасць я лічу асабліва важнымі сёння, калі кароткімі казкамі мала хто з пісьменнікаў займаецца. Большасць творцаў звяртаюць увагу на вялікія творы ў жанры фэнтэзі-або казкі-серыялы.

― А мэта ў вашых казках ёсць?

― На мой погляд, яны павінны выхоўваць у чалавеку не толькі маральныя каштоўнасці, але і вучыць яго марыць. Казка запальвае ў сэрцы маленькага чалавека мару пра цуд, якаязастаецца на доўгія-доўгія гады. Мы сталеем, і ўсё менш марым, менш верым у цуды, становімся рэалістамі. І менавіта казка, калі яна ў дзяцінстве трапіла ў сэрца, потым, як зарнятка, прарастае верай у цуд. А гэта вельмі ўпрыгожвае жыццё, і нават робіць яго больш шчаслівым, таму што самая вялікая каштоўнасць для чалавека, ― гэта, упэўнены, мара.

― Што натхняе вас на напісанне казак?

― Многае. Да мяне прыходзяць ідэі, калі слухаю музыку, калі разглядаю якую-небудзь карціну, чытаю нейкі твор, ці проста шпацырую па вуліцы... Дакладна ведаю, што казкі атрымліваюцца цудоўнымі тады, калі ў жыцці пісьменніка ёсць гармонія, калі ў яго добрыя адносіны з блізкімі людзьмі, калі добра ідуць справы і ў сэрцы няма ні турбот, ні хвалявання.

― Мабыць, вы вельмі любіце дзяцей?

― Так. Я, па шчырасці, і сам адчуваю сябе ў душы маленькім хлопчыкам. Мой погляд на некаторыя рэчы, на жыццё наіўны: я па сёння веру ў цуды! Магу сказаць, што калі размаўляю з дзецьмі, у нас поўнае ўзаемаразуменне па многіх пытаннях. Я стаўлюся да іх як да дарослых. І гэта вельмі важна: дзіця пранікаецца да цябе даверам. Таму і казкі свае імкнуся ствараць не як яркія фанцікі, абгорткі ад цукерак, штосьці малазначнае. Лічу, што казкі ― вельмі дарослы, асэнсаваны жанр.

― Памятаеце час, калі пачалі іх пісаць?

― Гэта было ў дзяцінстве, так даўно, што ўжо і не памятаю, калі. Першай маёй публікацыяй была казка “Маленькі лясун”.

― А што далей?

― Гатовы працягваць друкавацца: запрашаюць выдаць кнігі і ў беларускіх, і ў расійскіх выдавецтвах. Ёсць развіццё, і я гэтаму вельмі рады!

Марыя ГАЛУБЦОВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.