Чым вы зможаце пераадолець канкурэнтаў?
Мы працягваем расказваць аб тым, якім чынам распачаць уласны бізнес. Сёння мы больш падрабязна разбяром мэту, місію і бачанне бізнесу.
Візуалізацыя абавязкова
Бачанне з'яўляецца адной з асноў пры стварэнні сваёй справы. Некаму можа здацца, што гэта эмацыянальна-псіхалагічны настрой уласніка бізнесу альбо абавязковы складнік пры стварэнні бізнес-планаў, якія характарызуюць будучую працу бізнесу. Абодва меркаванні будуць правільнымі.
Вы, як уладальнік, павінны разумець, што гэта вельмі каштоўны і важны дадатак да ажыццяўлення вашай мэты. У адрозненне ад фінансавай мэты, у бачанні вы проста мяркуеце, якім будзе рынак, ваш бізнес. Гэта візуальныя асацыяцыі, якія з'яўляюцца ў вашай галаве і якія вы будзеце перадаваць сваім супрацоўнікам, — тое, да чаго вы будзеце імкнуцца. Псіхолагі сцвярджаюць, што для дасягнення пастаўленых мэт практыкаванні па іх візуалізацыі вельмі карысныя. Калі выкрасліць псіхалагічны бок, то бачанне можа выліцца і ў вельмі значны дакумент — канцэпцыю. Пад канцэпцыяй маецца на ўвазе тое, як бізнес функцыянуе, там прапісаны выразна пралічаныя мэты. Канцэпцыя адказвае на самыя галоўныя пытанні: «Як гэта працуе?» і «Як гэта ўсё выглядае?». Таму бачанне ствараецца для агульнага разумення таго, што менавіта неабходна зрабіць усім уцягнутым у бізнес бакам.
Будзьце карыснымі
Другая аснова стварэння бізнесу — місія. Калі паспрабаваць даць вызначэнне вышэйзгаданага паняцця, то гэта — фармулёўка задач, пастаўленых мэт і карысці вашага бізнесу. Навошта патрэбна фармулёўка місіі? Перш за ўсё таму, што тады ваша дзейнасць стане зразумелай і вашым супрацоўнікам, і кліентам. Гэта будзе гарантыяй таго, што вы не збочыце з задуманага шляху.
Пастаноўка мэты непазбежная
«Навошта патрэбна мэта, калі ў мяне і так усё добра?» — спытаеце вы. Збольшага вы маеце рацыю. Па сутнасці, мэты патрэбны для таго, каб бачыць кірунак бізнесу ў будучыні. Хутчэй за ўсё, у вас зараз усё добра, ідзе даход і ў справах поспех. Аднак могуць з'явіцца канкурэнты, змяніцца рынак. Вашы кліенты будуць жадаць большага — таго, чаго ў вас пакуль яшчэ няма. І тут мэта абавязкова дапаможа:
1) ведаць кірунак, у якім вы рухаецеся;
2) на асобных адрэзках, як і місія, разумець, ці не збіліся вы са шляху;
3) ці не прыйшоў час зрабіць карэкцыю дзеянняў.
Калі цяпер вы ў самым пачатку, то памятайце: пастаноўка мэты непазбежная. Насамрэч яна мае вельмі важнае значэнне для першых крокаў у бізнесе. У вас павінны быць асабістыя мэты; мэты, звязаныя з рынкам; бізнес-мэты, звязаныя з вашым пачынаннем.
Пры выпрацоўцы асабістых мэт вы павінны зразумець наступнае: «Што ад гэтага атрымаеце менавіта вы?» і «Навошта вы гэта робіце?». Мэты, звязаныя з рынкам, дадуць вам уяўленне аб тым, чым вы можаце рынку дапамагчы, якія праблемы вырашыць. Калі вы разумееце, куды ідзе ваш бізнес і ў чым яго карысць, то атрымліваеце велізарную перавагу перад іншымі. А бізнес-мэты даюць уяўленне аб тым, якім будзе ваш бізнес, як ён вырасце праз некалькі гадоў, ці збіраецеся вы заняцца гэтай справай надоўга. Запомніце: чым лепш вы ўсё сабе ўяўляеце, тым больш сур'ёзна і ўпэўнена вы будзеце кіраваць. Ці можна жыць без мэт? Вядома, можна — зірніце на большую частку людзей. Я прашу вас працаваць з мэтамі. Тады вы будзеце не як усе, а значна больш моцнымі і ўпэўненымі.
Андрэй Мяснікоў,
бізнес-кансультант, бізнес-трэнер.
Калі ў вас ёсць нейкія канкрэтныя пытанні, звязаныя са сваёй справай, дасылайце іх, калі ласка, на электронны адрас газеты іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу з пазнакай «для аддзела эканомікі» ці задавайце па тэлефоне 8 017 292 38 02
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.