Карэспандэнты «Звязды» наведалі спецыялізаваны ізалятар
«21 сакавіка ў Мінску адкрыты прытулак для выцверажэння асоб, якіх затрымліваюць у п'яным выглядзе чыны паліцыі». Менавіта такая абвестка з'явілася ў гарадской газеце 101 год таму. За гэты час сталічныя выцвярэзнікі перажылі закрыццё з-за сухога закону ў пачатку Першай сусветнай і вяртанне, у часы СССР, ды і колькасць іх пастаянна мянялася. Цяпер жа на двухмільённы горад дзейнічае ўсяго адзін выцвярэзнік. Летась у лістападзе ён быў рэарганізаваны ў спецыялізаваны ізалятар пры Першамайскім РУУС.
Дом, куды прывозяць у Мінску прыхільнікаў Бахуса, адшукаць старонняму чалавеку складана. Ён схаваўся ў глыбіні квартала старой забудовы з яго заблытанай сістэмай нумарацыі. Аднак таямніцу аднаго з двухпавярховых дамоў выдае шчыльны плот ды міліцэйскі аўтобус каля варот.
У дзяжурнай часці спецыялізаванага ізалятара стаяць велізарныя лавы. Адрозніваюцца яны ад звычайных тым, што іх сядзенні вельмі задзіраюцца ўгару. Гэта зроблена для таго, каб п'яныя госці не нанеслі сабе ці іншым траўмы, пакуль да іх дойдзе чарга...
— Медыцынскі агляд пачынаецца яшчэ з пляцоўкі перад уваходам у ізалятар, дзе чалавека, які перабраў, выводзяць з машыны, — гаворыць урач спецыялізаванага ізалятара пры Першамайскім РУУС Васіль Шчарбакоў. — Ужо па яго першых рухах можна зразумець, наколькі моцна ён п'яны. У гэтым нам дапамагаюць відэакамеры. Між іншым, усталяваны яны ў тым ліку і ў палатах... Падчас асабістай гутаркі імкнёмся высветліць, што чалавек піў і ў якіх дозах.
Цяжэй за ўсё з найбольш «прасунутымі» алкаголікамі. Яны ўжываюць не гарэлку, піва ці «чарніла», а... лекавыя сродкі на спіртавой аснове — настойкі карвалолу ці глогу. Справа ў тым, што яны каштуюць у аптэках значна танней за класічныя напоі «з градусамі» і, да таго ж, адпускаюцца без рэцэпта. А механізм дзеяння іх у «слановых» дозах яшчэ горшы: чалавек пасля ходзіць нібыта дурны некалькі дзён. Васіль Шчарбакоў лічыць, што настоі, якія змяшчаюць спірт, трэба прадаваць па рэцэптах...
«Толькі за люты
да нас трапіла
597 чалавек»
Тым часам у дзяжурнай частцы праходзіць медыцынскі агляд аднаго з кліентаў. Яго чакае выпіска. У суседнім пакоі сядзіць жанчына, якую даставілі літаральна некалькі хвілін таму.
— Павярніся кругом. Цяпер прайдзі да сценачкі. Заплюшчы вочы. Цяпер дакраніся кончыкам пальца да кончыка носа. Прысядзь. Скаргаў на здароўе няма? Апранайся, — каманды Васіля Шчарбакова гучаць мерна і роўна.
Для «гасцей» тут працуюць чатыры палаты. У кожнай з іх стаіць па пяць акуратна засланых ложкаў з чыстай бялізнай. Адна палата адведзена адмыслова для слабага полу. Аднак супрацоўнікі ізалятара прыгадваюць дзень, калі ў ізалятар дастаўлялі выключна адных жанчын. Самым «п'яным» часам традыцыйна лічыцца ноч напрыканцы працоўнага тыдня і святочныя дні. Зрэшты, тут ёсць выключэнне — Новы год. Але гэта не таму, што людзі п'юць менш, — проста з хаты чалавека забяруць толькі тады, калі ён пачаў дэбашырыць.
— А вось у дзяжурных часцях ложкаў няма. Там для наведвальнікаў стаяць толькі мулкія драўляныя лаўкі. Ды і ў дзяжурнай часці клопатаў больш: яны ж скіраваны на тое, каб аператыўна прымаць паведамленні аб злачынствах. А ў гэты час п'яныя малоцяць у дзверы, пастаянна просяць піць, хочуць у прыбіральню... Таму можна сказаць, што ў нас камфортней, — сумна іранізуе начальнік спецыялізаванага ізалятара Андрэй Сінягуб.
Задача перад кліентам стаіць няхітрая — выспацца і пайсці дадому. Але гэта для госця «ціхага». Для тых, хто ў нецвярозым стане любіць пабуяніць, у калідоры стаіць спецыяльнае крэсла з рамянямі.
— На жаль, выкарыстоўваць яго даводзіцца нярэдка, — гаворыць Андрэй Сінягуб. — Калі п'яны пачынае паводзіць сябе вельмі агрэсіўна, супрацоўнікі садзяць яго ў гэтае крэсла і надзейна фіксуюць рукі і ногі. Буян будзе знаходзіцца ў ім да таго часу, пакуль не супакоіцца. Што і казаць: рэч хоць і змрочная з выгляду, затое дзейсная. Людзі «пад мухай» любяць высвятляць адносіны паміж сабой. Бывае і так, што яны імкнуцца справакаваць канфлікт з супрацоўнікамі ізалятара. А ўжо колькі лаянкі пераслухалі — дык можна навуковую працу пісаць.
Кантынгент жа трапляе ў колішні выцвярэзнік самы разнастайны. Не раз бывала так, што ў адным пакоі зранку прачыналіся бізнесмены і хранічныя алкаголікі, студэнты і пенсіянеры... «Зялёны змей» робіць роўнымі ўсіх.
— Адной дзяўчыне трэба было ляцець у Вену. Але яна вельмі баялася самалётаў. Таму, каб крыху прыглушыць страх, перад адлётам вырашыла прыняць «заспакаяльнае», ды не разлічыла дозу. Прачнулася зранку, а самалёт ужо даўно паляцеў...
Такія выпадковыя кліенты трапляюць сюды даволі часта. Ёсць, аднак, у спецыялізаваным ізалятары і пастаянныя кліенты, якіх за тыдзень прывозяць па два-тры разы. Узрост жа гасцей мае толькі мінімальны парог — непаўналетніх у ізалятар не возьмуць.
— Толькі за люты да нас трапіла 597 чалавек, — канстатуе Андрэй Сінягуб. — З іх мы змясцілі 584, астатніх не прынялі па стане здароўя. Па-першае, як гэта ні парадаксальна, у выцвярэзніку няма людзей з цяжкой ступенню ап'янення — большай за 3 праміле. Яна стварае сабой пагрозу для жыцця, такі чалавек павінен знаходзіцца пад бесперапынным кантролем медыкаў. Па-другое, ёсць і медыцынскія супрацьпаказанні.
У ізалятар нельга змяшчаць інвалідаў І і ІІ груп (але гэты статус павінен быць пацверджаны дакументальна), людзей з яўнымі прыкметамі інваліднасці, траўмамі і псіхічнымі захворваннямі. Калі ж дакументаў пры чалавеку няма, а сумненні наконт магчымай інваліднасці застаюцца, то за кліентам вядзецца бесперапыннае назіранне. Карэта «хуткай дапамогі» выклікаецца па патрэбнасці.
Мінус 375 тысяч плюс «падмоклая» рэпутацыя
Як правіла, кліенты «гасцююць» у спецыялізаваным ізалятары ад трох гадзін да сутак. Канчатковы тэрмін залежыць ад колькасці спірту ў крыві: людзей выпісваюць толькі пры нулявых паказчыках на экране алкатэстара.
— Калі п'яны ў стане назваць нумар дамашняга тэлефона або мабільнага родзічаў, то супрацоўнікі ізалятара абавязкова паведамляюць ім аб тым, што здарылася, і просяць прыехаць ды забраць небараку. Праўда, часам даводзіцца чуць з трубкі выказванні кшталту «дзе ляжыць — няхай там ляжыць...», — успамінае Андрэй Сінягуб.
У савецкі час «паслугі» выцвярэзніка каштавалі 10 рублёў. Больш за тое, за ноч у ім можна было пазбавіцца партыйнага білета, атрымаць вымову, страціць прэмію — адным словам, пацярпець «на ўсіх франтах». Цяпер жа платнае працверажэнне абыдзецца ў дзве з паловай базавай велічыні. Прыгоды, праўда, на гэтым не скончацца: незадачліваму чалавеку на месца працы ці вучобы пасля прыйдзе «ліст шчасця»... Дык ці трэба рызыкаваць сваёй рэпутацыяй? Пытанне рытарычнае...
З рэарганізацыяй у спецыялізаваным ізалятары кліентаў прыбавілася. Цяпер у двухпавярховы будынак у Інструментальным завулку дастаўляюць не толькі тых, хто проста валяецца п'яны на вуліцы, але і тых, хто ў нецвярозым стане пераступіў закон. А дакладней кажучы, праз артыкулы Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, якія рэгламентуюць адказнасць за дробнае хуліганства і за распіццё алкагольных напояў у публічным месцы. Толькі пасля таго, як хуліганы працвярэзяцца, іх павязуць у суд: з п'янымі людзьмі, вядома, ніхто размаўляць не будзе.
Але здаралася і так, што ў колішні выцвярэзнік траплялі людзі, якія не адзін месяц знаходзіліся ў крымінальным вышуку або ўхіляліся ад адміністрацыйнага пакарання. Вось так і атрымліваўся казус: чалавек збег ад правасуддзя, напіўся ад радасці — і ўліп...
Валяр'ян ШКЛЕННІК.
Фота Надзеі БУЖАН
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».