Разуменне — галоўнае, што патрабуецца дзецям з аўтызмам Па статыстыцы міжнароднай арганізацыі Autіsm Speaks, адзін з кожных 88 чалавек на планеце — аўтыст. Тры гады таму тая ж арганізацыя прыводзіла іншыя суадносіны — 1 са 150. Рост аўтызму ў свеце ўжо супастаўляюць па маштабах нават не з эпідэміяй, а з пандэміяй.
Навукоўцы заклапочаны тым, што сапраўдныя прычыны расстройства застаюцца невядомымі. Увогуле свет і сёння не вызначыўся, з'яўляецца аўтызм захворваннем ці не. Ёсць меркаванне, што ў яго аснове ляжаць складаныя арганічныя парушэнні, жахлівыя збоі ў біяхімічных працэсах. Магчыма, аўтызм — гэта лакмусавая паперка сучаснай экалагічнай і сацыяльнай катастрофы? Даслоўна ў перакладзе з лацінскай мовы «аўтыст» азначае «паглыблены ў сябе». Пры аўтызме парушаецца здольнасць дзіцяці да сацыяльных навыкаў і кантактаў з іншымі людзьмі. Такія дзеці выбудоўваюць сваю сэнсарную сістэму так, каб максімальна мінімізаваць кантакты з навакольным светам. Часта ў іх назіраюцца цяжкасці з маўленнем, ім вельмі складана кантраляваць і праяўляць свае пачуцці. Пры гэтым інтэлект дзіцяці ў некаторых выпадках можа быць нават намнога вышэйшы, чым у яго равеснікаў. Нярэдка людзі, якія церпяць ад аўтызму, могуць бліскуча праяўляць сябе ў творчасці, навуках і іншых відах дзейнасці. Характэрная асаблівасць аўтызму — звышздольнасць чалавека канцэнтравацца на адной пэўнай ідэі, тэме ці мэце. Але аўтызм — вельмі розны. Некаторыя дзеці і сапраўды цяжкія, у іх назіраюцца «адкаты» ў развіцці, яны могуць мець саматычныя захворванні. Іншыя дзеці — фізічна здаровыя і моцныя, з высокім узроўнем інтэлекту, і вызначэнне «хворыя» ім зусім не падыходзіць. У Беларусі на 1 кастрычніка 2013 года дыягназ «расстройства аўтыстычнага спектра» быў пастаўлены 786 дзецям. Насамрэч такіх дзяцей у дзясяткі разоў больш, проста далёка не кожная сям'я згодна прыняць псіхіятрычны дыягназ дзіцяці і ўсё, што з ім звязана (тым больш што нічога добрага гэты статус не абяцае). Нізкая інфармаванасць спецыялістаў і бацькоў аб ранніх праявах аўтызму становіцца прычынай позніх зваротаў у службу аховы псіхіятрычнага здароўя дзяцей і падлеткаў.
— Аўтызм на сёння невылечны, і ад яго няма лекаў, здольных раз і назаўсёды вырашыць праблему, — тлумачыць галоўны пазаштатны дзіцячы псіхіятр Міністэрства аховы здароўя, дацэнт кафедры псіхіятрыі і медыцынскай псіхалогіі БДМУ Ірына ПЯТНІЦКАЯ.
— Галоўнае — гэта ранняя дыягностыка і лячэнне тых псіхічных парушэнняў, якія суправаджаюць або ўскладняюць працяканне аўтызму. Акцэнт робіцца на псіхакарэкцыйную дапамогу і рэабілітацыю, якія здольны змяніць якасць жыцця дзяцей з аўтызмам, паспрыяць іх сацыяльнай адаптацыі. Калі выкарыстоўваць адэкватныя праблемам аўтычных дзяцей умовы, формы і метады навучання, то можна ў значнай ступені знізіць уплыў аўтызму на далейшае развіццё дзіцяці. І ўсё ж карэкцыя дзяцей з аўтызмам лічыцца адной з самых складаных у свеце. У Беларусі найбольш актыўную частку бацькоў дзяцей з аўтызмам аб'яднала Міжнародная дабрачынная грамадская арганізацыя «Дзеці. Аўтызм. Бацькі». У маі 2013 года ў Мінску быў створаны каардынацыйны савет, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі камітэтаў па адукацыі, ахове здароўя, працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, а таксама прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Гэта прыклад міжведамаснага ўзаемадзеяння для аказання дапамогі дзецям з аўтызмам. І справа зрушылася з мёртвай кропкі... У гэтым навучальным годзе ў сталічнай школе № 5 адкрыўся першы інтэграваны клас для дзяцей-аўтыстаў. Галоўнай задачай праекта стала стварэнне і далейшае распаўсюджванне эфектыўнай мадэлі навучання дзяцей з аўтызмам у межах агульнаадукацыйнай школы. Як правіла, дзеці-аўтысты развітыя дысгарманічна (яны ідуць наперадзе сваіх аднагодкаў у адной галіне, але значна адстаюць у іншых), таму для іх неабходна складаць індывідуальныя планы навучання, каб была магчымасць развівацца ў тым кірунку, які для іх найбольш перспектыўны і цікавы. У многіх развітых краінах пры ўмове правільна арганізаванага суправаджэння і навучання дзяцей з аўтызмам вынікі такой работы ўражваюць. Людзі з аўтыстычнымі расстройствамі становяцца дактарамі навук, пісьменнікамі, перакладчыкамі, рэжысёрамі, музыкантамі. І зусім не дзіўна, што амаль чвэрць праграмістаў у карпарацыі «Майкрасофт» — аўтысты... У наступным навучальным годзе колькасць інтэграваных класаў для дзяцей з аўтызмам плануецца ў Мінску павялічыць.
— Мы ўжо можам назваць некаторыя навучальныя ўстановы, якія рыхтуюцца да прыёму «асаблівых» першакласнікаў: гэта сталічныя школы №№ 5, 76, 108, 81 і 104, — распавядае старшыня савета МДГА «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» Таццяна ЯКАЎЛЕВА. — Школы знойдуць магчымасць увесці ў штат цьютараў (у штатным раскладзе яны называюцца памочнікамі выхавальнікаў) і стварыць адаптаванае пад асаблівасці нашых дзяцей навучальнае асяроддзе. Мы вельмі ўдзячны Мінгарвыканкаму і Камітэту па адукацыі Мінгарвыканкама за падтрымку нашых праектаў, бо ў іншых рэгіёнах Беларусі сітуацыя з навучаннем дзяцей з аўтызмам куды больш складаная. У бліжэйшыя тыдні будзе запушчаны праект «Аўтызм: проста зразумець». Па словах яго аўтара Ірыны ДЗЯРГАЧ, беларускія бацькі ствараюць сайт пра дзяцей з аўтызмам для ўсіх дзяцей і дарослых, якім блізкія паняцці «сяброўства» і «ўзаемная падтрымка», хто прымае ідэі інтэграцыі і інклюзіі.
— Калі мы прывялі сваіх дзяцей у масавыя ўстановы адукацыі, то сутыкнуліся з непаразуменнем іх асаблівасцяў педагогамі, аднакласнікамі і бацькамі аднакласнікаў. Між іншым, разуменне — гэта галоўнае, што патрабуецца нашым дзецям, — падкрэслівае Ірына. — І, як сведчыць вопыт, зразумець іх не вельмі складана. Было б толькі ўзаемнае жаданне паважаць чужую індывідуальнасць. На гэтым сайце вы знойдзеце гісторыі пра 20 дзяцей, якія вельмі хочуць сябраваць і шукаюць сваё месца ў грамадстве. Гэтыя старонкі будуць рэгулярна абнаўляцца. Для педагогаў там будуць размяшчаць матэрыялы СМІ на тэму навучання дзяцей з аўтызмам у Беларусі і іншых краінах. Навучыцца зносінам з дзіцем з аўтызмам стваральнікі сайта прапануюць пры дапамозе камп'ютарнай гульні «У майго сябра — аўтызм». Гульня разлічана на школьнікаў, побач з якімі навучаюцца дзеці з аўтызмам, а таксама на ўсіх, хто жадае атрымаць уяўленне пра зносіны з асаблівымі дзецьмі. Дарэчы, сіламі іх бацькоў ствараюцца не толькі камп'ютарныя гульні пра аўтызм, але і пішуцца кнігі. Днямі выйдзе з друку невялікі зборнік казак «Аўтыліус», напісаны мамай дзіцяці-аўтыста.
Надзея НІКАЛАЕВА
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».