«Мяне ўразіла сіла волі і прынцыповасць характару прадзеда», — прызнаўся праўнук Кірыла Мазурава пасля прагляду дакументальнага фільма
Учора споўнілася 100 гадоў са дня нараджэння выдатнага партыйнага і грамадскага дзеяча Кірыла Мазурава.
Напярэдадні сімвалічнай даты ў Мінск прыехалі тры пакаленні Мазуравых. Дзеці, унукі і праўнукі былі ў захапленні ад беларускай сталіцы, дзе пачынаў свой прафесійны шлях першы сакратар ЦК КП Беларусі, першы намеснік старшыні Савета Міністраў СССР.
Мінск, якім мы ведаем яго цяпер, стаў такім у многім дзякуючы Кірылу Трафімавічу. Маладосць звычайнага хлопца з вёскі на Гомельшчыне прыпала на няпросты перыяд. Былы партызан, адзін з кіраўнікоў антыфашысцкага падполля пасля вайны разам з іншымі аднаўляў гарадское жыццё. Дзякуючы яму сельская гаспадарка заіскрылася новымі фарбамі. Прычым многія рашэнні Мазурава часта ішлі насуперак лініі партыі.
Сёння цяжка паверыць, што невялікая Беларуская ССР была адной з дзвюх бездатацыйных рэспублік вялікай краіны. І ўсё дзякуючы эфектыўнай працы Мазурава. Ужо падчас знаходжання ў Маскве ён курыраваў 29 міністэрстваў і ведамстваў. Але і на пасадзе першага намесніка старшыні саюзнага Саўміна ён ніколі не забываў пра Беларусь. Менавіта Мазураў паўплываў на тое, каб яго пераемнікам стаў яго сябар і аднадумца Пётр Машэраў. Дзякуючы Кірылу Трафімавічу мы ведаем сёння такім мемарыял у Хатыні. Гэта ён вярнуў добрае імя мінскім падпольшчыкам, якіх абвінавачвалі ў калабарацыянізме.
Пра гэтыя і іншыя перыпетыі лёсу першага ў свой час чалавека ў краіне гаварылі ў Доме Масквы падчас прэзентацыі дакументальнай кінастужкі праекта «Адваротны адлік» тэлеканала АНТ «Кірыл Мазураў. Непакорлівы беларус». Упершыню родныя Кірыла Трафімавіча ўбачылі такім свайго бацьку, дзеда і прадзеда.
— Пасля доўгага перыяду маўчання ў гісторыю вяртаюцца імёны тых людзей, якія шмат чаго зрабілі не толькі для Беларусі, але і для Савецкага Саюза, — зазначыла дачка Кірыла Мазурава Наталля КАПІТОНАВА.
— Па меры таго, як мінулыя падзеі сыходзяць ад нас усё далей, ярчэй на агульным фоне выяўляюцца асобы — у поўным сэнсе гэтага слова. Тая эпоха дала шмат выдатных людзей. І бацька быў адным з іх. Прайшоў вайну. На шматлікія пытанні адказваў, што ён не проста партызан, а вайсковец. І гэта адчувалася: заўсёды з вялікай павагай ставіўся да ветэранаў. Ён у 39 гадоў стаў прэм'ер-міністрам. У 42 гады кіраваў БССР. Яго арганізатарскі талент, які праявіўся яшчэ ў гады вайны, спатрэбіўся і ў пасляваенны перыяд, калі неабходна было аднаўляць рэспубліку, якая ляжала ў руінах. Пасля бацька казаў, што праблем было так шмат, а кіраўнікоў так мала, што ён здзіўляецца, як усё гэта ўдалося. Пры гэтым ён ніколі не імкнуўся да высокіх пасад, не быў кар'ерыстам. Калі яго назначалі на чарговую пасаду, ён проста вымушаны быў падпарадкоўвацца партыйнай дысцыпліне.
Родныя Кірыла Мазурава са здзіўленнем успрынялі навіну, што ў Беларусі збіраюцца зняць кіно пра іх бацьку. Як прызналася другая дачка партыйнага дзеяча Алена, за ўсе гэтыя гады яны звыкліся з тым, што стала не модным успамінаць кіраўнікоў той эпохі.
— Гэта быў нейкі перыяд забыцця: людзі чамусьці вырашылі, што быў толькі Машэраў і астатнія кіраўнікі рэспублікі, — працягвае Алена Мазурава. — Самі мы гэтае пытанне не ўздымалі. Нам дастаткова таго, што мы бацьку любілі і паважалі. Шчыра кажучы, не вельмі верылі, што гэты фільм атрымаецца. А ён атрымаўся, ды яшчэ вельмі цікавы.
Усе трое дзяцей Мазурава нарадзіліся ў Мінску, але потым пераехалі ў Маскву. Наталля прыязджала сюды гадоў дзесяць таму. Алена апошні раз была ў беларускай сталіцы з бацькам у 1974 годзе.
— Адчуванні фантастычныя! — прызналіся сёстры. — Абсалютна змяніўся горад. Мы наведалі месцы, якія былі блізкія нам. Свой дом, школу, дзе вучыліся, дарогу, па якой хадзілі ў кансерваторыю. Такая настальгія раптам узнікла: гэта наш дом, наша Радзіма. Усе былі ўзрушаны: ніхто не чакаў убачыць такі прыгожы і чысты горад, які вельмі змяніўся.
Падчас свайго знаходжання ў Мінску на Мазуравых вялікае ўражанне зрабіла Нацыянальная бібліятэка. Наведалі і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, дзе сустрэліся з прафесарска-выкладчыцкім саставам. І невыпадкова. У сям'і ўсе займаліся навукай. Маці была кандыдатам гістарычных навук. Па яе шляху пайшла і Наталля. Дачка Алена — кандыдат эканамічных навук. З цеплынёй сустракалі Мазуравых і ў Нацыянальным архіве, дзе ўбачылі некаторыя сямейныя дакументы, частку з якіх у свой час перадала сюды жонка Кірыла Трафімавіча. У тым ліку і перапіску з Петрусём Броўкам, з якім партыйны дзеяч вельмі сябраваў.
— Яны падтрымлівалі зносіны і пасля ад'езду бацькі ў Маскву, — расказала Алена Мазурава. — Лісты пісалі ў вершах. Прычым на беларускай мове, якую бацька вельмі добра ведаў і любіў.
Унукі мала помняць свайго знакамітага дзеда, але і ім было што сказаць. «Для мяне ён з'яўляўся неверагодна прагрэсіўным, — успамінае Іван Капітонаў. — У нас дома, напрыклад, спяваў Высоцкі. Дзед быў чалавекам, які меў зносіны абсалютна з рознымі людзьмі. Ён знаходзіў агульную мову як з багемай і прадстаўнікамі сілавых ведамстваў краіны, так і са звычайнымі сялянамі».
Праўнукі дагэтуль не ўяўлялі, якім быў іх прадзед. Калі яны ўбачылі кінастужку «Кірыл Мазураў. Непакорлівы беларус», фонд у Нацыянальным архіве, то зразумелі, якую выдатную дынастыю працягваюць.
— Мяне ўразіла сіла волі і прынцыповасць характару майго прадзеда, — прызнаўся праўнук Мазурава Фёдар. — Ён ніколі не здаваўся, заўсёды ішоў уперад. Гэта для нас добры прыклад таго, як сябе трэба паводзіць у жыцці. Я вельмі шчаслівы, што ў мяне быў такі прадзед.
Відаць, што гэта не пустыя словы: Фёдар Капітонаў прыехаў на прэзентацыю фільма ў Мінск з Англіі, дзе ён вучыцца. Калі юнак вернецца ў Лондан, абавязкова раскажа замежным аднакласнікам пра знакамітага прадзеда, гісторыю сваёй сям'і. У сваю чаргу, Мазуравы плануюць яшчэ неаднойчы прыехаць у Беларусь, каб пападарожнічаць па ўсёй краіне, якая для іх — Радзіма.
Вераніка КАНЮТА.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.