Сёлета перад сельскагаспадарчымі арганізацыямі Гомельшчыны стаіць амбіцыёзная задача — забяспечыць валавы збор збожжа разам з зернем кукурузы на ўзроўні 1,38 млн тон.
— Пры ўмове выканання тэхналогій з нашых плошчаў можна сабраць запланаваную колькасць збожжа, нават калі надвор'е не будзе вельмі спрыяць, — адзначае начальнік упраўлення раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Гомельскага аблвыканкама Сяргей Дзенісенка. — Зараз падышла да фінішу сяўба ранніх яравых збожжавых культур. Ранняя вясна вельмі спрыяе такім пасевам. Зернебабовыя і познія каласавыя будзем сеяць трохі пазней — калі тэмпература глебы будзе спрыяць, бо яшчэ могуць быць і замаразкі. Ранняя вясна ўвогуле дазволіла крыху разгрузіць вясенні шлейф работ, паступова ўносіць мінеральныя і арганічныя ўгнаенні. Тэмпературны рэжым і адсутнасць паводкі дазволілі нам спакойна, без усялякіх аўралаў вывезці на палі 7 млн 300 тон угнаенняў. Мы загадзя пачалі рыхтавацца да сяўбы. Паралельна ішоў рамонт тэхнікі і назапашванне гаруча-змазачных матэрыялаў. Што тычыцца культур, якія мы сеем, гэта традыцыйныя культуры зерневай групы, у тым ліку проса і грэчка, а таксама кукуруза, якой запланавалі пасеяць трохі больш, чым летась. Між іншым, нельга забываць, што — па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця — Гомельшчына менавіта дзякуючы кукурузе забяспечыла валавы збор зерня. Кукуруза становіцца ў нас так званай страхавой культурай, якая дапамагае вырашаць праблемы забеспячэння кармавой базай.
Сёлета ў Беларусі ўпершыню зацверджаны план фінансавання дзяржпраграм. Фінансаванне аграпрамысловага комплексу такім чынам павінна наблізіцца да міжнароднай практыкі. Вызначаны прыярытэтныя кірункі, выпрацаваны падыходы. Вядома, што агульны аб'ём крэдытавання дзяржаўных праграм і мерапрыемстваў у 2014 годзе, паводле Пастановы Савета Міністраў № 264, прынятай 26 сакавіка, складзе каля 40 трлн рублёў, з якіх 24 трлн рублёў будзе накіравана ў аграпрамысловы комплекс краіны.
Справа ў тым, што па ўмовах гандлю паміж краінамі, якія ўваходзяць у Мытны саюз, бюджэтнае фінансаванне сельгасвытворчасці павінна быць не больш за 8%. Таму зараз фінансаванне будзе ажыццяўляцца максімальна за кошт асабістых сродкаў сельскіх гаспадарак. Акрамя таго, інвестарам нерэнтабельных гаспадарак аслабяць падатковую нагрузку і дадуць розныя фінансавыя прэферэнцыі, напрыклад, адтэрміноўку выплат па крэдытах. А самі гаспадаркі для павелічэння рэнтабельнасці змогуць аб'ядноўвацца ў холдынгі і агракамбінаты. Будучыя змены прадугледжваюць і павелічэнне заработнай платы супрацоўнікам галіны. Напрыклад, з'явіцца механізм, па якім прадпрыемствы будуць выплачваць сваім працаўнікам прэміі ў залежнасці ад атрыманага прыбытку. Такім чынам узрасце і матывацыя працаваць у аграпрамысловым сектары.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.