Пытанне бяспекі свайго жылля кожны з нас вырашае па-рознаму: адны ставяць сучасныя замкі, другія, па-даўнейшаму, давяраюць чатырохногім ахоўнікам — сабакам, трэція спадзяюцца на ўдачу. Аднак многія выбіраюць самы надзейны спосаб аховы маёмасці — усталёўваюць ахоўную сігналізацыю. Пра тэхнічныя магчымасці ў сферы ахоўных паслуг расказвае намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь падпалкоўнік міліцыі Вадзім Вазнясенскі.
— Вадзім Валер'евіч, як змяняюцца тэхнічныя магчымасці аховы нашага жылля?
— Сучасны рытм жыцця і тэхнічны прагрэс патрабуюць ад нас ісці ў нагу з часам. Абсталяванне, якое мы выкарыстоўвалі гадоў дзесяць таму, сёння ўжо састарэла. Услед за Белтэлекамам, які выкарыстоўвае сучасныя спосабы перадачы даных і сучасныя матэрыялы, такія, як оптавалакно, на новы ўзровень выходзім і мы. Наша абсталяванне перайшло на такія фарматы перадачы даных, як ADSL і GPON. Яшчэ некалькі гадоў таму разам з Белтэлекамам мы былі завязаны на медна-тэлефоннай лініі сувязі. Сёння ж выкарыстоўваем і радыёканал, і GSM-канал, і, як я ўжо казаў, оптавалаконныя лініі. Згодна з графікамі, складзенымі Белтэлекамам, паступова ўсе раёны вобласці пераходзяць на оптавалаконныя лініі сувязі, адпаведна пераабсталёўваемся і мы.
— Вадзім Валер'евіч, калі кліент абслугоўваўся на старым абсталяванні, якія яго дзеянні пры пераходзе на оптавалакно?
— Існуе два варыянты вырашэння праблемы: альбо заказчык усталёўвае новы прыёмакантрольны прыбор, які працуе на оптавалакне, альбо падключае модуль узгаднення, дзе састарэлы прыбор забяспечвае яго падключэнне да новай лініі сувязі. Гэта значыць, ён узгадняе работу дзвюх розных сістэм. Такі модуль узгаднення каштуе прыкладна 600 тысяч беларускіх рублёў, але і тут мы ідзем насустрач кліентам і прапануем аформіць гадавую беспрацэнтную растэрміноўку.
Вядома, больш правільнае рашэнне — замена самога прыёмакантрольнага прыбора. Такая замена абыдзецца ў крыху больш як адзін мільён рублёў.
— Якія віды аховы кватэр сёння прапануюць падраздзяленні Дэпартамента аховы?
— На гэты момант у нас тры асноўныя віды паслуг па ахове жылля грамадзян — гэта традыцыйная ахоўная сігналізацыя, трывожная сігналізацыя і, нарэшце, так званая ахоўная сігналізацыя без рэагавання. Растлумачу, што гэта азначае. У залежнасці ад колькасці груп затрымання ў падраздзяленні, ад населенага пункта разлічваецца радыус рэагавання. Калі дом знаходзіцца на адлегласці звыш разлічанага радыуса, то з заказчыкам складаецца дагавор, дзе пазначана, што група затрымання на гэты аб'ект не выбывае. Пры несанкцыянаваным пранікненні на ахоўны аб'ект на наш пульт цэнтралізаванага назірання паступае адпаведны сігнал. Пасля гэтага дзяжурны пульта інфармуе РАУС і заказчыка аб спрацоўцы. Зразумела, на аб'екце можа знаходзіцца злачынца, таму туды выязджае следча-аператыўная група РАУС.
Што да трывожнай сігналізацыі, то ў жылым памяшканні ў зацішным месцы ўсталёўваецца стацыянарная кнопка, пра месцазнаходжанне якой ведае толькі гаспадар. Таксама ёсць бірулька, якая працуе па прынцыпе аўтамабільнай сігналізацыі. У залежнасці ад усталяванай сістэмы далёкасць работы такой бірулькі вар'іруецца ад 100-150 метраў да кіламетра. Знаходзячыся на прысядзібным участку, заказчык заўсёды можа выклікаць дапамогу.
Такую паслугу не варта блытаць з такім паняццем, як ахова фізічных асоб, калі заказчык носіць з сабой GPS-прыёмнік і пры форс-мажорных абставінах націскае трывожную кнопку. У гэтым выпадку на пульт ідзе сігнал аб спрацоўванні і групе затрымання перадаюцца каардынаты месцазнаходжання кліента. Тэхнічныя магчымасці аказання такой паслугі ў нас ёсць, мы карыстаемся распрацоўкамі расійскіх калег, аднак у нас пакуль адсутнічае попыт на такую паслугу.
— Колькі будзе каштаваць абсталяванне двухпакаёвай кватэры ахоўнай сігналізацыяй?
— Калі гаварыць пра кватэру, якая знаходзіцца не на першым і апошнім паверхах, то мінімальныя патрабаванні па тэхумацаванасці прадугледжваюць блакіроўку ўваходных дзвярэй і ўстаноўку хаця б аднаго аб'ёмнага апавяшчальніка. Усё гэта абыдзецца прыблізна ў два мільёны беларускіх рублёў.
— Вадзім Валер'евіч, як аб'ёмныя апавяшчальнікі рэагуюць на хатніх гадаванцаў?
— Сучасныя аб'ёмныя апавяшчальнікі не будуць рэагаваць на свойскіх жывёл, але, калі, напрыклад, папугай вылецеў з клеткі і сеў на апавяшчальнік, то, зыходзячы з тэхнічных характарыстык, прыбор усё ж спрацуе. У такіх выпадках група затрымання складае акт беспадстаўнага выкліку і начальнік падраздзялення або папярэджвае заказчыка, або, калі такія выпадкі адбываюцца з зайздроснай рэгулярнасцю, выпісвае штраф. Грашовыя страты пры гэтым мінімальныя — каля 20 тысяч рублёў.
— Як часта адбываюцца беспадстаўныя выклікі?
— Асноўная частка такіх спрацовак адбываецца па віне заказчыка. Забываюць зняць кватэру з сігналізацыі, пакідаюць адчыненымі вокны. Ёсць катэгорыя грамадзян, якія спрабуюць патрэніраваць міліцыю — спецыяльна націскаюць трывожныя кнопкі і правяраюць, праз які час прыедуць іх ратаваць. Як правіла, такія «правяральшчыкі» застаюцца задаволеныя аператыўнасцю і прыносяць выбачэнні супрацоўнікам аховы. У прынцыпе, калі ў кліентаў гэта не ўваходзіць у звычку, мы да такіх выклікаў ставімся лаяльна.
— Якіх навінак чакаць на рынку ахоўных паслуг?
— У сувязі з тым, што мы перайшлі на оптавалакно, павялічылася і інфарматыўнасць каналаў. З'явілася магчымасць перадаваць відэамалюнак з ахоўнага аб'екта на пульт цэнтралізаванага назірання. Магчыма, у бліжэйшай будучыні такі відэамалюнак мы зможам перадаваць і заказчыку.
Наталля СВІДУНОВІЧ.
Фота аўтара.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.