У Клецку знайшлі скарб. Але куды ён знік — загадка
Пры будаўніцтве дома па вуліцы Пушкіна ў Клецку на пачатку 2000 года рабочыя знайшлі шкляны збан і анямелі... Ёмістасць была цалкам напоўнена залатымі манетамі. Здаць сваю знаходку куды трэба і атрымаць заслужаную ўзнагароду — 25% ад кошту скарбу — яны не захацелі.
Шлях яўрэйскіх залатнікоў
Але ў маленькім гарадку захаваць тайну вельмі складана... Хутка сярод жыхароў папаўзлі розныя чуткі, часам вельмі перабольшаныя: маўляў, таго золата было — хоць рыдлёўкай грабі. Тым больш, што адзін з будаўнікоў, заўважылі суседзі, раптоўна стаў жыць на шырокую нагу, купіў аўтамабіль. «Нават не шкадуе грошай на каўбасу і рыбу хатнім катам і сабакам», — перамывалі яны косткі неспадзяванаму багацею.
Другі рабочы пайшоў іншым шляхам: раздаваў манеты знаёмым, суседзям за адзенне, нейкія рэчы, ці мяняў залатнік па смешнай цане — 60 тысяч рублёў. На самой жа справе яго сярэдні рынкавы кошт на той час складаў звыш 450 тысяч рублёў у залежнасці ад года чаканкі.
Зразумела, што «прадпрымальнікамі» зацікавілася мясцовая міліцыя. Неўзабаве ўладальнікаў скарбу затрымалі. Адзін з іх паведаміў, што частку чырвонцаў закапаў на балоце, але забыўся, дзе схованка. Аператыўнікі нават правялі эксперымент, але безвынікова. У другога «нумізмата» канфіскавалі рэштку скарбу — 12 манет наміналам 10 рублёў, якія перададзены ў музей гісторыі Клетчыны, дзе захоўваюцца і цяпер.
Як расказалі яго супрацоўнікі, гэта манеты царскай чаканкі 1899—1903 гадоў, часоў кіравання расійскага самадзержца Мікалая ІІ. Ці ўяўляюць яны нейкую каштоўнасць? Тыя, што выпушчаны ў 1899-м, каштуюць па рынкавых цэнах некалькі мільёнаў рублёў. А пазнейшыя, што змяшчаюць усяго 7,74 грама золата, — не такая ўжо і рэдкасць. Справа ў тым, што ў 1897 годзе ў Расіі па ініцыятыве міністра фінансаў Сяргея Вітэ прайшла грашовая рэформа, якая ўводзіла залаты монаметалізм. Дазваляўся свабодны размен крэдытных білетаў на залатую манету. Пры гэтым колькасць каштоўнага металу ў апошняй змяншалася на траціну. У 10 рублях замест 11,61 грама золата стала 7,74 грама (адзін залатнік 78,24 долі). Ранейшыя манеты «імперыял» і «паўімперыял» сталі каштаваць, адпаведна, 15 і 7,5 руб. З-за нязручнасці ў разліках яны былі заменены больш прыдатнымі да абарачэння залатымі манетамі наміналам 10 і 5 рублёў (2/3 і 1/3 імперыяла). Ажыццяўленне грашовай рэформы хоць і стала скрытнай дэвальвацыяй рубля, але дазволіла стабілізаваць расійскую валюту да пачатку Першай сусветнай вайны.
...Калі манеты паступілі ў міліцыю, узніклі цяжкасці з іх захаваннем. Бо ніхто не ведаў дакладна, якую каштоўнасць яны сабой уяўляюць. Спачатку хацелі накіраваць чырвонцы на экспертызу ў камітэт па ахове помнікаў гісторыі і культуры. Пакуль ішлі ўзгадненні, неабходна было кудысьці дзець тое, што засталося ад скарбу. Мясцовы музей на той час не меў ліцэнзіі на захаванне такіх каштоўнасцяў. Банкі ж наадрэз адмовіліся мець справу са знаходкай. Катэгарычнымі былі і ў фінансавым аддзеле райвыканкама. Давялося пакінуць гэтыя 12 манет у збройным пакоі РАУС. Выйшлі на дзяржаўных ацэншчыкаў і праз год атрымалі адказ, што манеты сапраўды адносяцца да 1899—1903 гадоў. У залежнасці ад наміналу ў сярэднім кожная з іх каштавала 125 долараў. Некалькі музеяў Беларусі выказалі жаданне прыняць чырвонцы ў свае экспазіцыі. Але яны былі перададзены ў музей гісторыі Клетчыны, пасля таго як ён атрымаў права на захаванне такіх рэчаў.
Дарэчы, скарб знайшлі на месцы былога яўрэйскага гета. Мяркуюць, што яго ўласнікам была багатая яўрэйская сям'я.
Золата з каўша экскаватара
Акрамя таго, у інтэрнэце, расказвае карэспандэнт Клецкай раённай газеты Юрый Мысліцкі, удалося знайсці і цікавую інфармацыю жыхаркі Клецка. Жанчына сцвярджае, што некалі ў Клецку было вельмі шмат золата. Падчас будаўніцтва гарадскога ўнівермага з каўша экскаватара пасыпаліся залатыя манеты. Каля гэтага месца, маўляў, сабралася шмат ахвочых пажывіцца дармаўшчынай. Усе хапалі манеты — хто колькі мог. А кіроўца экскаватара спрабаваў жменямі запіхнуць іх за абедзве шчакі і нават некалькі праглынуў. Мужчыну забралі ў міліцыю і пратрымалі там нейкі час, а затым выпусцілі.
Спачатку не хацелася надаваць сур'ёзнай увагі гэтай анекдатычнай сітуацыі. Нешта падобнае на форумах у сеціве можа паведаміць любы школьнік. Але ад аднаго дастаткова вядомага ў горадзе чалавека, які захапляецца гісторыяй Клецка, Юрый атрымаў звесткі, якім можна давяраць. Справа ў тым, што на месцы цяперашняга ўнівермага калісьці знаходзіліся прыватныя двухпавярховыя дамы яўрэйскіх купцоў. На першых паверхах былі абутковы магазін, майстэрні, парфумныя і харчовыя лаўкі. Падчас акупацыі Беларусі немцамі ў 1941 годзе іх уладальнікі, можна здагадвацца, схавалі скарб каля свайго жылля, затым апынуліся ў гета. Магчыма, там загінулі, а скарб так і застаўся ляжаць да лепшых часоў. У канцы 1950-х гадоў яго знайшлі пры ўзвядзенні ўнівермага.
Як згадваюць сведкі тых падзей, золата сапраўды было вельмі шмат. Некаторыя кіроўцы нават спрабавалі напоўніць ім бензабакі аўтатранспарту. А вось куды падзелася золата, як і ў першым выпадку, невядома.
За даўнасцю часу цяжка ўдакладніць дэталі гэтай справы. Але, як кажуць, дыму без агню не бывае... Клецк актыўна развіваецца, будуецца. І хто яго ведае, якія таямніцы хаваюць муры старых дамоў.
Не бульбай адзінай
Беларусь ва Усходняй Еўропе называюць краінай скарбаў. Іх знаходзяць археолагі пры раскопках, будаўнікі, жыхары на сваіх агародах, зямельных участках падчас пераворвання, капання глебы. На думку спецыялістаў, гэтаму спрыялі шматлікія войны, што вяліся на нашай тэрыторыі, гандлёвыя шляхі, што праходзілі тут, выгаднае геаграфічнае становішча. Невыпадкова ў Беларусі існуе шмат легендаў, у тым ліку і міфічных, звязаных са скарбамі. Мне, напрыклад, у дзяцінстве бабуля расказвала пра затопленыя залатыя лодкі з залатымі і сярэбранымі манетамі. Месца іх знаходжання можна распазнаць па белых і чырвоных агеньчыках на паверхні вады. Маўляў, каштоўнасці самі просяцца ў рукі, але людзі баяцца невядомых знакаў і ўцякаюць.
У нашай краіне знойдзена нямала скарбаў, якія ўяўляюць сабой сапраўдную каштоўнасць. Самым буйным лічыцца скарб з вёскі Казьянкі Полацкага раёна, знойдзены выпадкова на ўзараным полі мясцовымі хлопчыкамі. Гэта дырхамы Арабскага халіфата, што былі ў гандлёвым абароце Усходняй Еўропы да сярэдзіны XІ стагоддзя. Значная частка манет знікла невядома куды. Яшчэ адзін скарб, што не мае аналагаў ва ўсёй Усходняй Еўропе, выяўлены на ўскрайку вёскі Дзягцяны Капыльскага раёна ў 1957 годзе. Гэта 7000 сярэбраных ювелірных вырабаў і манет у арнаментаваным збане. Сярод іх 123 дынарыі чэшскай чаканкі. Большасць прадметаў была ўкрадзена ў момант знаходкі.
Дадам, паводле беларускага заканадаўства незаконнае прысваенне, пашкоджанне або знішчэнне прадметаў, што маюць гісторыка-культурную каштоўнасць, караюцца штрафамі ці грамадскімі работамі. Але гэта тэарэтычна. У былым Савецкім Саюзе чалавек, які знайшоў скарб, мог разлічваць на 25-працэнтнае ўзнагароджанне ад яго кошту. У Беларусі ў гэтым выпадку прадугледжана ўзнагароджанне ў памеры 50% ад рэальнага кошту. Але калі скарб быў знойдзены на чужым участку, то сума дзеліцца пароўну паміж яго ўладальнікам і тым, хто яго адшукаў. У выніку, кожнаму дастаюцца ўсё ж тыя 25%.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.