Сёлета — 90 гадоў з дня нараджэння нашага земляка, усходазнаўца Уладзіміра Панасюка.
Перакладчыкаў згадваюць, як правіла, тады, калі непасрэдна патрэбна іх праца. Можа, нават чытаючы Маркеса, мала хто звяртае ўвагу на тое, што сярод яго праваднікоў на рускую моўную прастору ёсць і нашы землякі — Валянцін Тарас і Карлас Шэрман. Альбо ці ўсе ведаюць Язэпа Семяжона, чытаючы па-беларуску «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча? «Перакладчык служыць справе дружбы народаў, іх узаемнаму ўзбагачэнню ў галіне культуры. Уся яго праца і ўсе яго прафесійныя навыкі вызначаюцца гэтай асноўнай яго мэтай», — пісаў некалі Мікалай Забалоцкі, які, між іншым, частку свайго таленту аддаў перакладчыцкай справе.
Уладзімір Андрэевіч Панасюк, які нарадзіўся ў Полацку напрыканцы лютага 1924 года, ужо ў трыццаць гадоў завяршыў працу свайго жыцця — пераклад з кітайскай мовы рамана Ло Гуаньчжына «Трохцарства». Варта, відаць, сказаць, што ж гэта за твор. Раман быў напісаны ў XІV стагоддзі. І належыць да ліку чатырох асноўных класічных кітайскіх раманаў. Аўтар — Ло Гуаньчжын (каля 1330 — 1400), які выканаў сваю высокамастацкую працу па летапісных запісах прыдворнага гісторыка Чэнь Шоу. Аповед — пра трэцяе стагоддзе нашай эры, пра тое, якім яно было для Кітая. Якраз у той час Паднябесная распалася на тры часткі — Вэй, Шу, У. Не ўсё ў рамане адпавядае рэчаіснасці. Але так ужо склалася, што давер чытача ўсіх наступных пакаленняў настолькі высокі, што гісторыю Кітая вывучаюць якраз па «Трохцарстве», часам ігнаруючы дакументальныя крыніцы. Такая ўжо сіла ў сапраўднага мастацкага слова!..
Перакладзены на пачатку 1950-х на рускую мову і выдадзены ў 1954 годзе, раман, несумненна, быў выяўленнем тагачасных палітычных зносін Кітая і Савецкага Саюза. Нават у Беларусі ў 1950 — на пачатку 1960-х пабачыў свет добры тузін кітайскіх кніг у перакладзе на беларускую. Пасля было доўгае «пахаладанне» ў адносінах Кітая і Савецкага Саюза. Але прарыў быў настолькі магутным, што вырасла ці не пакаленне цікаўных да Кітая перакладчыкаў, даследчыкаў. Уладзімір Панасюк назаўжды звязаў сваё жыццё з кітайскім усведамленнем свету. Акрамя «Трохцарства», наш зямляк пераклаў на рускую мову «Выбранае» Сыма Цяня (Масква, 1956), «Сон у Чырвоным цераме» Сюэціня Цао ў 2 тамах (Масква, 1958). Дарэчы, апошні са згаданых пісьменнікаў таксама досыць высока цэніцца ў Кітаі. «Сон у чырвоным цераме» — з той жа «чацвёркі» лепшых класічных кітайскіх раманаў.
Далейшая ўсходазнаўчая кар'ера нашага земляка была звязана ў асноўным з грунтоўнымі заняткамі кітайскай мовай. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі ў 1954—1964 гг. Уладзімір Андрэевіч выкладаў у Ваенным інстытуце замежных моў. Затым больш за дваццаць гадоў працаваў у Інстытуце ўсходазнаўства Акадэміі навук СССР. Памёр ураджэнец Полацка 14 студзеня 1990 года. Кола навуковых інтарэсаў У. Панасюка вызначылася з тэмы дысертацыі — «Ужыванне мадальных дзеясловаў у сучаснай кітайскай мове і іх класіфікацыя». Вучоны — аўтар больш за 60 навуковых работ. У суаўтарстве з В. Суханавым выдаў «Вялікі кітайска-рускі слоўнік» (Масква, 1983). І цяпер зробленае Уладзімірам Панасюком запатрабавана. А сам прыклад яго жыцця — узор сапраўднага вучонага і сапраўднага майстра мастацкага перакладу.
Мікола Берлеж.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.