У традыцыйным спартыўным аглядзе «Звязда» распавядае пра заканчэнне хакейнага сезона «зуброў», самы «гарачы» матч другога тура футбольнага чэмпіянату краіны і чарговыя перамогі Меліціны Станюты.
1. Мінскае «Дынама» саступіла омскаму «Авангарду» ў трэцім матчы фінальнай серыі Кубка надзеі — 2:3. За 15 секунд да заканчэння асноўнага часу вырашальную шайбу ў вароты Дзмітрыя Мільчакова закінуў Аляксандр Перажогін. Такім чынам, «Авангард» атрымаў трэцюю перамогу над «зубрамі» і стаў другім уладальнікам Кубка надзеі. Дарэчы, «Дынама» ўпершыню гуляла ў фінале суцяшальнага турніру КХЛ. Пасля матча галоўны трэнер «зуброў» Любамір Покавіч пракаментаваў выступленне сваіх падапечных: «Гульня была роўная да канца. На працягу ўсяго матча мы добра вытрымлівалі націск гаспадароў. У канцоўцы ў нас была магчымасць рэалізаваць сітуацыю «тры на два», але не атрымалася. А вось сапернік у падобным эпізодзе забіў. Віншую «Авангард» з перамогай у Кубку. А нашым хлопцам хачу сказаць «дзякуй». Пераадолець супраціўленне сапернікаў і выйсці ў фінал — гэта не так проста!»
2. Другі тур футбольнага чэмпіянату краіны
адзначыўся нечаканай перамогай брэсцкага «Дынама» над «Гомелем» — 2:0. Абодва галы падапечныя Аляксея Мяркулава прапусцілі за 6 хвілін да заканчэння сустрэчы. Дарэчы, гэты матч яшчэ да пачатку прыцягнуў да сябе ўвагу: за некалькі хвілін да старту гульні адбылася сутычка фанатаў каманд. Бойку спынілі байцы АМАПа. Што датычыцца іншых вынікаў, то мінскае «Дынама» і салігорскі «Шахцёр» атрымалі другую перамогу запар, з аднолькавым лікам 1:0 перайграўшы «Неман» і «Слуцк» адпаведна. Гол Ягора Філіпенкі прынёс БАТЭ перамогу над «Мінскам». «Тарпеда-БелАЗ» і «Белшына» абмяняліся галамі, а вось матч «Нафтан» — «Днепр» скончыўся безгалявой нічыёй.
3. На этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы ў Лісабоне Меліціна Станюта тройчы ўзнімалася на п'едэстал. Лепшай наша грацыя была ў практыкаванні з абручом. Выступленне з мячом прынесла Меліціне «серабро». Па выніках мнагабор'я Станюта стала другой, прапусціўшы наперад прадстаўніцу Карэі Сон Ён Джэ. Акрамя гэтага, яшчэ адна беларуская гімнастка Арына Шаропа заваявала «серабро» ў практыкаванні са стужкай. Адзначым, што мацнейшыя расійскія спартсменкі на гэтых спаборніцтвах не ўдзельнічалі.
4. Беларускія спартсмены заваявалі пяць медалёў на чэмпіянаце Еўропы па барацьбе, які праходзіў у фінскім горадзе Вантаа. Тры «сярэбраныя» медалі на рахунку — Мурада Гайдарава, Марыі Мамашук і Васілісы Марзалюк. Яшчэ дзве «бронзы» Івана Янкоўскага і Аляксандра Дзем'яновіча. Дарэчы, на папярэднім першынстве Еўропы беларусы таксама заваявалі пяць узнагарод. Праўда, дзве з іх былі найвышэйшай пробы.
5. Станіслаў Чадовіч прынёс першы медаль Беларусі на чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы, які праходзіць у Тэль-Авіве. У катэгорыі да 62 кг наш атлет прадэманстраваў другі вынік па суме дваяборства.
Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.