або Як захаваць аўтэнтычны куток Палесся?
Палескі край — загадкавы і маляўнічы. Толькі сваё хараство ён адкрывае не кожнаму. Каб убачыць і адчуць яго, трэба зазірнуць у маленькія вёсачкі і пагутарыць з іх жыхарамі, улавіць музыку паляшуцкай гаворкі. Трэба праплысці на чоўне па Прыпяці, налавіць разам з кімсьці спрактыкаваным у гэтай справе шмат рыбы, убачыць, як на азёрах квітнеюць белыя і жоўтыя лілеі. Трэба прайсціся па прасторных палях і лугах, разам з вяскоўцамі спяваючы песні, якія ўслаўляюць жыццядайную сілу прыроды.
Той, хто нарадзіўся на Палессі, назаўсёды пакінуў тут часцінку сваёй душы і вяртаецца на радзіму зноў і зноў. Гэта можна сказаць і пра чытача Мікалая Саскевіча з вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Цяпер ён жыве і працуе ў Мінску, аднак за родную старонку сэрца не толькі радуецца, але і баліць... Чытач даслаў у «Звязду» ліст, дзе папрасіў дапамагчы ўратаваць даўнія традыцыі і сам лад жыцця яго вёскі, якія аказаліся на мяжы знікнення.
«Нам трэба ратаваць беларускасць, — кажа Мікалай Саскевіч, — іначай мы знікнем, сапраўднай Беларусі не будзе. Вёска Пагост — гэта не звычайная вёска, якіх шмат. Яна адметная. Мы павінны гэта захаваць».
Рыбу — гаспадарам зямлі
Тое, што мясціны вакол Пагоста сапраўды маляўнічыя, можна заўважыць адразу. У 1999 годзе ім быў нададзены статус рэспубліканскага ландшафтнага заказніка пад назвай «Сярэдняя Прыпяць». Аднак мясцовым жыхарам такая высокая ацэнка прыгажосці іх роднай зямлі карысці не прынесла. На лоўлю рыбы былі ўведзены ліцэнзіі. Гэта датычыцца і тых, хто лавіў тут рыбу спрадвеку. Забаранілі мясцовым жыхарам таксама плаваць на лодках з вёсламі падчас нерасту рыбы. Аднак усё гэта супярэчыць іх традыцыйнаму, звыкламу ладу жыцця. Вось што адзначае наш чытач:
— Продкі цяперашніх карэнных жыхароў прыйшлі сюды каля 10 тысяч гадоў таму, спрадвеку свабодна лавілі рыбу. Мясцовая рачная рыба — неабходная ім ежа. Без яе людзі слабеюць, хварэюць. У 1950-я гады ў вёсцы было каля 1000 чалавек, абмежаванняў на лоўлю рыбы, на паездкі на лодках не існавала. Лавілі вудкамі, настаўкамі, волакамі (браднікамі), невялікімі сеткамі, венцерамі, каробкамі ўюноў зімою. І ўсе елі рыбу, усім хапала... Пакатацца на лодцы з вяслом па Прыпяці, па зарэччы — душа адпачывае і радуецца далягляду, птушынаму царству. А на зарэчных заліўных лугах нарваць дзікага шчаўя, якое намнога смачнейшае за агародняе, і дзікай цыбулі з незвычайным смакам — гэта ж выдатны зялёны дадатак да ежы... Карэнныя жыхары — важная частка прыроды. Не стане іх — прырода пры чужых, варожых ёй людзях пераменіцца ў горшы бок, надзвычайныя з'явы ў прыродзе будуць больш частыя і больш разбуральныя
...
Цяпер сюды часта прыязджаюць турысты, якія смецяць, не заўсёды прыбіраюць за сабой. Усё больш становіцца прыезджых рыбакоў, якія выкарыстоўваюць хімічныя, выбуховыя, электрычныя вудачкі. «Рыбнагляд» з імі не спраўляецца, заўважае чытач. Аднак даць рады ў такой сітуацыі можна было б, аб'яднаўшыся з мясцовымі жыхарамі, якія адчувалі б сябе гаспадарамі гэтай зямлі.
Адметнасцю гэтых мясцін былі калісьці таксама прасторныя, духмяныя заліўныя лугі. Тут гняздзілася мноства птушак. Пасвіліся вялізныя статкі кароў, а з-за багатага разнатраўя іх малако было асабліва смачным і карысным. Калісьці малочную прадукцыю Тураўшчыны прадавалі нават за межы СССР. Цяпер заліўныя лугі загінулі. На іх месцы — травастой вышынёй з кукурузу, кустоўе, паміж кустоў — сцежкі дзікоў. Гэта не па-гаспадарску, лічыць чытач. Прапалі пойменныя лугі, таму няма цяпер і знакамітых калісьці тураўскіх масла, малака, смятаны, сыру.
Кірмашовы бераг
Чытач прыгадвае, што ў рамане Эдуарда Скобелева «Міраслаў, князь Дрыгавіцкі» апісваецца кірмаш у «Пагосці» ў X стагоддзі як адзін з найбуйнейшых на Прыпяці. Кірмаш дажыў аж да XX стагоддзя — старэйшыя жыхары вёскі памятаюць яго. Праводзіўся ён на свята Узвіжання Крыжа 27 верасня. Мікалай Саскевіч адзначае:
— На свята збіралася да чатырох тысяч чалавек, зблізку і здалёк, «з усёго свету і з Кіева». Начавалі па ўсіх хатах вёскі, спалі на падлозе, на саломе. І ўсіх гаспадары, няхай небагата, але частавалі. Назва вёскі адпавядала значэнню слова «пагост» як «месца для гасцей».
Калі б аднавіць такі кірмаш у XXІ стагоддзі, ён дапамог бы аб'яднаць мінулае з сучасным, зрабіць вёску Пагост месцам яшчэ больш цікавым для турыстаў. Тут можна будзе набываць вырабы палескіх майстроў, на ноч спыняцца ў мясцовых жыхароў, сілкавацца стравамі з іх кухні. Яны, памятаючы традыцыю продкаў, наўрад ці адмовяць у гасціннасці, а, хутчэй за ўсё, будуць толькі рады. Тут можна плаваць па Прыпяці на чоўне, любуючыся краявідамі і ззяннем вады. Можна разглядаць старадаўнюю драўляную архітэктуру, ды і хаткі буслоў на дамах... Такое не ўбачыш нават на заакіянскіх курортах. Шматколерная маляўнічасць і спакой прыроды, надзвычайная адкрытасць беларускай душы — за грошы такое не купіш. А ведаючы, што яно існуе, можна многае аддаць, каб сюды трапіць.
Спявайма спрадвечнае
Акрамя шматлікіх прыродных каштоўнасцяў, у Пагосце ёсць вялізная творчая каштоўнасць. Гэта фальклорна-этнаграфічны хор «Міжрэчча», створаны мясцовымі жанчынамі ўжо сталага веку. Яны спяваюць народныя песні, пачутыя ад сваіх матуль і бабуль, памятаюць пра тое, што кожнай пары года і святу адпавядаюць пэўныя абрады. Жанчыны з'яўляюцца сапраўднымі захавальніцамі аўтэнтычнага палескага фальклору.
Белвідэацэнтр нават зняў фільм пра іх пад назвай «Кола часу». Яшчэ адна паўнаметражная дакументальная стужка «Дачка Прыпяці» прысвечана стваральніцы хору Кацярыне Паньчэні (бабе Каці, як завуць яе суседзі).
Калектыў, створаны вясковымі жанчынамі, выступаў у Берліне і Дрэздэне, на міжнародным кінафестывалі ў Хабараўску. Амерыканская кампанія CNN у сусветным рэйтынгу святкавання Раства прысвоіла ім трэцяе месца (пасля Рэйк'явіка ў Ісландыі і Нюрнберга ў Германіі). Міністэрства культуры Беларусі абраду «Юр'еўскі карагод», адноўленага гэтымі жанчынамі, надало статус нематэрыяльнай каштоўнасці. Хіба не значныя дасягненні для звычайных вясковых кабет?..
Мікалай Саскевіч кажа пра іх так:
— Пераважная большасць жанчын — удзельніц «Міжрэчча» дзецьмі перажылі вайну. У іх выпакутаванае жыццём зоркае бачанне прыгажосці свету. Яе яны выказваюць, ствараюць у ткацтве, вышыўцы, песнях, у адноўленых імі абрадах, якія на схіле свайго жыцця перадаюць ад продкаў нашчадкам... Аўтэнтычнае мастацтва, калі няма яго жывых носьбітаў, аднавіць немагчыма. Яно перадаецца ўжывую ад чалавека чалавеку, ад пакалення пакаленню.
Раней хор збіраўся і спяваў пры Пагосцкім сельскім клубе. Цяпер сустракаюцца дома, у хаце Кацярыны Паньчэні. Аднак жанчыны па-ранейшаму хочуць прадстаўляць на свяце 6 мая «Юр'еўскі карагод», які аднавілі, — лічаць гэта справядлівым. Таму яны звяртаюцца да супрацоўнікаў клуба з просьбай дазволіць ім самім, як заўсёды, прадэманстраваць свае ўменні на Юр'я.
Пятнаццаць гадоў таму ў Пагосце закрылі школу. Цяпер закрываюць і бібліятэку. Усё праводзіцца ў межах аптымізацыі. Калі закрыюць бібліятэку, жыхарам (асабліва дзецям) не будзе чым заняць сябе ў вольны час, яны папросту з'едуць адсюль і вёска апусцее, пра што заўважае Мікалай Саскевіч:
— З выміраннем вёскі знікае беларуская духоўная культура. Мы хутка перастаём быць беларусамі. На сцягу нашай краіны — арнамент, які і цяпер ткуць у вёсках. Два колеры — зялёны і чырвоны. А ў «Юр’еўскім карагодзе» з зялёным колерам абуджэння прыроды і надзеі ідуць на поле, а з чырвоным колерам спеласці ўраджаю і радасці вяртаюцца з яго... Быць беларусамі — за гэта нашы бацькі, дзяды, прадзеды заплацілі вялікую цану. Пакутамі, крывёю, жыццямі. Яны адстаялі веру і волю і захавалі павагу да ўсіх народаў. Мы адказныя перад імі і перад будучыняй.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.
Фота з асабістага архіва
Мікалая Саскевіча.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.