На дзесяць дзён раней, чым было запланавана, пачаўся сёлета авіяцыйны дазор лясоў. Двухтыднёвая адсутнасць дажджоў і сумна вядомы «чалавечы фактар» паспелі нанесці навакольнаму асяроддзю немалую шкоду. Ад агню ўжо пацярпелі лясы, тарфянікі і палі, а таксама вёскі і дачныя пасёлкі. Найбольшая колькасць узгаранняў у гэтыя веснавыя дні адбываецца на Міншчыне, хоць заўсёды першыя лясныя пажары ўзнікалі ў паўднёвых рэгіёнах краіны. «Гарачы» фотарэпартаж пра першы рэйд паветраных ахоўнікаў мне давялося рыхтаваць разам з лётчыкамі-назіральнікамі менавіта сталічнай вобласці.
Самалёт Ан‑2 дзяржаўнага прадпрыемства «Беллесавія» ўзлятае з утравелага поля і адразу бярэ курс па загадзя спланаваным маршруце: Маладзечна — Валожын — Стоўбцы — Пухавічы — Беразіно і далей уздоўж «межаў» Міншчыны. Звычайна гэты ахоўны маршрут дзеляць два паветраныя барты, але ў першым палёце пілотам-назіральнікам Уладзіміру Ганчарову і Ігару Змітрэню давялося працаваць разам. Адпаведна, і працягласць зоны патрулявання павялічылася амаль удвая — да 600 кіламетраў.
Узняўшыся на вышыню 300—350 метраў, мы ўбачылі над гарызонтам добры дзясятак бела-шэрых слупоў дыму. Стала зразумела: палёт лёгкім не будзе. Выключная празрыстасць паветра дазваляе бачыць нават дробныя ачагі ўзгарання на адлегласці да 30 кіламетраў. Патрульны борт павінен мяняць курс і імчацца да гэтых крыніц небяспекі, каб высветліць, наколькі хутка распаўсюджваецца полымя і ці не нясе яно пагрозу навакольнаму асяроддзю і, тым больш, населеным пунктам.
Першае полымя, якое бязлітасна знішчала сухую расліннасць абапал развязкі дарог на аўтастрадзе Маладзечна — Валожын, лётчыкі заўважылі ўжо праз некалькі хвілін пасля ўзлёту. На шчасце, лясных пасадак паблізу не было і тэрмінова выклікаць наземную службу выратавальнікаў назіральнікам не давялося.
— Прычынай гэтага ўзгарання мог стаць і наўмысны падпал, і выпадкова непатушаная запалка альбо цыгарэта, — тлумачыць Уладзімір Ганчароў. — У 99 працэнтах такіх узгаранняў прычынай з'яўляецца чалавечы фактар.
Праз ілюмінатары самалёта відаць, як ззяюць чорныя плямы зямлі — змрочна выглядаюць апаленыя берагі рэчак і сельгаспалеткі, палоскі зямлі ўздоўж электраліній і ўзбочыны шасэйных дарог і прасёлкаў. Усё гэта — відавочная справа рук чалавека, вынік палаў, якія ў гэты час забаронена рабіць. Вось пад крылом адкрываецца карціна ахопленага полымем маладога бярэзніку, а праз некалькі дзясяткаў кіламетраў экіпаж фіксіруе і пажарышча на ўскрайку ляснога масіва: агонь ужо «ўваходзіў» у лес. Па радыёсувязі ў бліжэйшае лясніцтва ляціць тэрміновае паведамленне пра небяспеку. На працягу маршруту пілоты-назіральнікі паспелі адправіць яшчэ пяць неадкладных паведамленняў...
Вялікі слуп дыму, на які здалёк звярнуў увагу лесапатрульны экіпаж, сведчыў пра сур'ёзнае ўзгаранне. І яно спраўдзілася: у вогненным коле апынуліся некалькі дачных пабудоў каля вёскі Галубы Барысаўскага раёна. З вышыні было відаць, як полымя ахапіла дом, а людзі, якія мітусіліся вакол вогнішча, не маглі даць ужо ніякай рады. У гэтым выпадку спадзявацца можна толькі на пажарных з МНС. Яшчэ больш жудаснае відовішча паветраныя назіральнікі заспелі ў Вілейскім раёне на ўскрайку вёскі Варонічы. Тут полымя ахапіла ўсе гаспадарчыя пабудовы аднаго з падвор'яў. На шчасце вёскі, вецер адганяў полымя ў бок лесу. Уладзімір Ганчароў быў першым, хто паведаміў пра бяду наземным выратавальнікам. Яшчэ каля 15 вялікіх узгаранняў былі заўважаны ў суботні дзень з самалёта АН-2, на барацьбу з якімі, на шчасце, ужо спяшаліся леснікі і пажарныя.
— З зямлі лясны пажар фіксіруецца запознена, калі полымем ахоплены не менш як два гектары, а патушыць такую плошчу даволі складана, — кажуць пілоты. — З вышыні ж можна ўбачыць ачаг на ранняй стадыі, выклікаць дапамогу, у выніку чаго не пацерпіць больш за адну-дзве соткі лясных насаджэнняў.
Суботні рэйд над Міншчынай пабіў усе ранейшыя рэкорды: экіпажу «Беллесавія» давялося правесці ў паветры пяць з паловай гадзін, пераадолеўшы адлегласць амаль у 700 кіламетраў. Першы вылет пасля паўгадавога асенне-зімовага перапынку аказаўся па-сапраўднаму гарачым. А што ўжо напружаным, хвалюючым і, вядома, своечасовым. Заспець небяспеку на любой яе стадыі ніколі позна не бывае.
Анатоль Кляшчук.
Фота аўтара.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».