Беларусь павінна захаваць ініцыятыву ў вайне супраць наркотыкаў
«Час прымаць радыкальныя меры ў барацьбе супраць наркотыкаў у нашым грамадстве», — заявіў учора Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў ходзе сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэем Шведам.
Здавалася б, Беларусь і так паказвае нядрэнныя вынікі на гэтым напрамку. У студзені быў прыняты «макавы» дэкрэт Прэзідэнта, які зрабіў больш жорсткімі правілы абарачэння насення маку — раней асноўнай сыравіны для вырабу наркотыкаў у Беларусі. Дзякуючы ўвядзенню дакумента ў дзеянне было рэалізавана некалькі рэкордных канфіскацый «бруднай» сыравіны. У выніку на фоне перакрытых каналаў паступлення гераіну і чыстага опіуму доля апіятаў у структуры наркаспажывання ў Беларусі знізілася ў 10 разоў (з 60-80% да 7%). У сакавіку Міністэрству ўнутраных спраў сумесна з Міністэрствам аховы здароўя і Камітэтам судовых экспертыз удалося папоўніць спіс аналагаў наркатычных сродкаў адразу на 11 пунктаў, забяспечыўшы яго максімальную актуальнасць. Неабходныя дзеянні былі праведзены ў максімальна сціслыя, наколькі гэта дазваляе заканадаўства, тэрміны — за 29 дзён. Гэта ўжо дазволіла праваахоўнікам нанесці некалькі магутных удараў па гандлі «дызайнерскімі» («легальнымі») наркотыкамі. У бліжэйшы час мы можам чакаць яшчэ больш маштабных аперацый і канфіскацый.
Стратэгічная ініцыятыва
Аднак вайна з наркотыкамі, як і ўсякая іншая вайна, прад'яўляе вельмі высокія патрабаванні да здольнасці праваахоўнікаў утрымліваць стратэгічную ініцыятыву. Ашаломленыя заканадаўчымі навацыямі наркагандляры і наркавытворцы, безумоўна, паспрабуюць пакрыць свае страты, увёўшы ў абарачэнне новыя, яшчэ не забароненыя рэчывы. Спрыяльныя ўмовы для гэтага створыць чэмпіянат свету па хакеі, які пройдзе ў Мінску ў маі: адмена візавых абмежаванняў, наплыў вялікай колькасці заможных турыстаў, якія шукаюць забаў, — усё гэта на кароткі перыяд зробіць беларускі наркарынак значна больш ёмістым і ў цэлым вельмі прывабным.
У такой сітуацыі МУС, Міністэрства аховы здароўя і Дзяржкамітэт судовых экспертыз прапанавалі зрабіць наступны крок у барацьбе супраць «легальнай» наркаманіі: стварыць Міжведамасную камісію па залічэнні хімічных рэчываў да аналагаў наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў. Камісія павінна ўключаць прадстаўнікоў трох ведамстваў, якія пры выяўленні ў абарачэнні новых ПАР на працягу 24-48 гадзін у шчыльным узаемадзеянні могуць забяспечыць залічэнне гэтых рэчываў да ліку аналагаў наркатычных сродкаў і такім чынам забараніць іх распаўсюджванне.
Кошт пытання
Наколькі важная гэтая розніца — паміж 29 днямі, якія займае папаўненне спіса цяпер, і 1-2 днямі пры новым парадку работы? Мяркуйце самі!
З 14 па 21 сакавіка 2014 года ў Беларусі было выяўлена 140 злачынстваў па лініі наркакантролю. З іх 94 (68%) былі звязаны з курыльнымі сумесямі.
Дапусцім, што пры з'яўленні новых, незабароненых рэчываў і пераходзе на іх асноўных наркагандляроў новы наркотык хутка зойме не менш за палову рынку. Гэта значыць, за чатыры тыдні (28 дзён) мінімум палова ўсіх нарказлачынстваў, звязаных з курыльнымі сумесямі, будзе здзейснена з новым рэчывам, а гэта 94/2х4=188 правапарушэнняў, па якіх немагчыма будзе прыняць ніякіх эфектыўных мер процідзеяння. Такім чынам, як мінімум тысяча чалавек атрымаюць свабодны доступ да новай атруты, асноўная маса сярод іх — школьнікі, навучэнцы прафесійна-тэхнічных і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў. Вынік: сотні згубленых назаўжды хлопчыкаў і дзяўчатак, дзясяткі новых пацыентаў псіханеўралагічных дыспансераў і, як мінімум, некалькі загінулых.
Вось такая няўмольная статыстыка.
Суверэннае дзеянне ў агульных інтарэсах
У ходзе абмеркавання пытання аб стварэнні Міжведамаснай камісіі па залічэнні хімічных рэчываў да аналагаў наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў некаторымі экспертамі была выказана думка, што стварэнне камісіі і парадак яе працы супярэчаць дзейнаму ў Мытным саюзе парадку выдачы дазволаў на ўвоз рэчываў і ўключэнне іх у пералік забароненых.
Аднак Пагадненне аб парадку ўвядзення і прымянення захадаў, якія закранаюць знешні гандаль таварамі, на адзінай мытнай тэрыторыі ў дачыненні да трэціх краін, прадугледжвае магчымасць і парадак увядзення мер, якія закранаюць знешні гандаль таварамі, у аднабаковым парадку. У прыватнасці, такія меры («часовыя меры») могуць уводзіцца ў мэтах забеспячэння абароны і бяспекі, аховы жыцця або здароўя грамадзян, забеспячэння захавання грамадскай маралі і правапарадку. Больш за тое, уведзеныя на гэтых падставах меры на працягу трох дзён могуць і павінны быць вынесены на разгляд Еўразійскай эканамічнай камісіі. Апошняя павінна прыняць рашэнне аб увядзенні адпаведных абмежавальных захадаў на ўсёй тэрыторыі Мытнага саюза на працягу 30 дзён.
Іншымі словамі, Рэспубліка Беларусь у гэтым выпадку не толькі дзейнічае ў адпаведнасці з духам і літарай пагадненняў у рамках еўразійскай інтэграцыі, але і выконвае важную ролю «антынаркатычнай разведкі» будучага Еўразійскага саюза. І гэтая роля з'яўляецца цалкам запатрабаванай нашымі партнёрамі. Ужо сёння звяртанне іх кампетэнтных органаў у беларускае Міністэрства ўнутраных спраў па пытаннях кваліфікацыі новых псіхаактыўных рэчываў з'яўляецца звычайнай справай.
Справа за малым — палажэнні аб Міжведамаснай камісіі па залічэнні хімічных рэчываў да аналагаў наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў павінны быць уключаны ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах, іх прэкурсорах і аналагах». Гэтую ідэю ўжо падтрымалі і ўзгаднілі ўсе кампетэнтныя ведамствы.
Маніторынг грамадскай думкі ў інтэрнэце паказвае, што беларускае грамадства таксама саспела для больш жорсткіх і рашучых дзеянняў у гэтай сферы.
Сваё пазітыўнае стаўленне да ініцыятывы недвухсэнсоўна абазначыў і кіраўнік дзяржавы.
Цяпер надыходзіць чарга нашага парламента стаць на абарону беларускіх дзяцей і падлеткаў ад наркапагрозы.
Юрый Царык,
міжнародны эксперт
у галіне антынаркатычнай палітыкі
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.