Сумесная праверка супрацоўнікаў УБЭП і Камітэта дзяржбяспекі па Віцебскай вобласці выявіла, што намеснік старшыні Аршанскага раённага выканаўчага камітэта больш за два гады займаўся апякунствам у сферы арганізацыі і вядзення будаўнічых работ — аказваў дапамогу прыватнаму прадпрыемству «ТопЕўраБуд», адзіным заснавальнікам якога з'яўляўся яго сын.
Акрамя таго, займаючы адказную пасаду, чыноўнік з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў у парушэнне патрабаванняў заканадаўства «Аб барацьбе з карупцыяй» і «Аб дзяржаўнай службе» прымаў удзел у кіраванні фінансава-гаспадарчай дзейнасцю гэтага прадпрыемства, паведаміла старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБЭЗ МУС Вераніка Пасмецьева
.
Спецыялісты даведаліся, што са жніўня 2010 па ліпень 2013 года падазраваны чыноўнік наўмысна і з карыслівай зацікаўленасці сістэматычна даваў незаконныя ўказанні кіраўнікам шэрагу дзяржаўных арганізацый Оршы і Аршанскага раёна аб прадастаўленні яму ў асабістых мэтах транспартных сродкаў, спецыяльнай тэхнікі, абсталявання і работнікаў. У гэты час прадпрыемства «ТопЕўраБуд» выступала субпадрадчыкам па будаўніцтве шматлікіх аб'ектаў у райцэнтры і Аршанскім раёне. З прыватнай структурай складаліся дагаворы на выкананне розных будаўніча-мантажных работ, нягледзячы на адсутнасць на балансе прадпрыемства спецтэхнікі, будаўнічага абсталявання, транспартных сродкаў і неабходнай працоўнай сілы. На самой справе вышэйназваныя работы па вусным указанні дзяржаўнага служачага выконваліся дзяржарганізацыямі Оршы і Аршанскага раёна, а аплата ажыццяўлялася, як мяркуецца, на карысць прыватнай фірмы.
Такім чынам, чыноўнік прычыніў істотную шкоду дзяржаўным інтарэсам у выглядзе падрыву аўтарытэту органаў дзяржаўнай улады, а таксама ў інтарэсах «ТопЕўраБуда» прымаў незаконны ўдзел у прадпрымальніцкай дзейнасці. Таму сёлета 1 красавіка ў дачыненні да кіраўніка раённага маштабу заведзена крымінальная справа за перавышэнне ўлады і незаконны ўдзел у прадпрымальніцкай дзейнасці. Падазраваны за ўчыненне вышэйназваных злачынстваў быў затрыманы праваахоўнымі органамі і змешчаны ў ізалятар. Цяпер вырашаецца пытанне аб адхіленні яго ад займаемай пасады і праводзіцца далейшае расследаванне.
За перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў чыноўніку пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады. А за незаконны ўдзел у прадпрымальніцкай дзейнасці службовай асобы, якая знаходзіцца на дзяржаўнай службе, прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў са штрафам або без штрафу і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.
Сяргей КУРКАЧ.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.